Рада Бясьпекі ААН з ініцыятывы заходніх краін правяла пазачарговае пасяджэньне, прысьвечанае канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Галоўнай тэмай абмеркаваньня сталі маючыя адбыцца так званыя выбары ў самаабвешчаных «Данецкай і Луганскай народных рэспубліках».
Перад пачаткам пасяджэньня Расея прапанавала запрасіць да абмеркаваньня кіраўніка «Цэнтрвыбаркаму ЛНР» Алену Краўчанку. Аднак астатнія чальцы Рады Бясьпекі ААН гэтай ініцыятывы не падтрымалі.
Краіны Захаду лічаць, што выбары на кантраляваных падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі тэрыторыях супярэчаць менскім пагадненьням. У прыватнасьці, прадстаўнік Швэцыі Уляф Скуг заявіў, што дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны зьяўляюцца спробай перакроіць межы ў Эўропе. Ён заклікаў Расею выкарыстоўваць свой уплыў, каб прадухіліць правядзеньне выбараў.
Прадстаўнік ЗША Джонатан Коэн паабяцаў, што амэрыканскія санкцыі ў дачыненьні Расеі ня будуць знятыя да той пары, пакуль тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны ня будзе адноўленая ў межах 2013 году.
Пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Васілій Нябензя падчас свайго выступу адзначыў, што менскія пагадненьні забараняюць правядзеньне муніцыпальных выбараў, а не кіраўнікоў «рэспублік». Ён таксама абвінаваціў Кіеў у парушэньні дамоўленасьцяў і сказаў, што ўкраінскі закон аб асаблівым статусе «ДНР» і «ЛНР» супярэчыць менскім дамоўленасьцям.
Сталы прадстаўнік Украіны Алег Нікалаенка заявіў, што выбары ў Данбасе могуць стаць новай падставай для абвастрэньня з боку па-прарасейску настроеных сэпаратыстаў. Паводле ўкраінскага дыплямата, Расея пагражае ўкраінскаму суднаходзтву ў Азоўскім моры. Ён таксама абвінаваціў Расею ў пастаўках зброі ў зону канфлікту на ўсходзе Ўкраіны з тэрыторыі анэксаванага Крыму. Нікалаенка таксама паведаміў, што Масква плянуе разьмясьціць на паўвостраве ядзерную зброю.
11 лістапада прарасейскія сэпаратысты, якія кантралююць шэраг раёнаў на ўсходзе Ўкраіны, плянуюць правесці выбары кіраўнікоў самаабвешчаных «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», а таксама выбары ў свае «парлямэнты». Украінскі прадстаўнік у кантактнай групе па ўрэгуляваньні на Данбасе Ірына Герашчанка ў сувязі з гэтым абвінаваціла Маскву ў сьвядомым абвастрэньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Масква свой удзел у канфлікце адмаўляе, называючы яго «ўнутрыўкраінскім».