Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Польшча асудзілі пляны «ДНР» і «ЛНР» правесьці «выбары»


Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту Гэзэр Наўэрт
Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту Гэзэр Наўэрт

ЗША далучыліся да Эўразьвязу ў асуджэньні намераў груповак «ДНР» і «ЛНР» на ўсходзе Украіны, якія падтрымлівае Расея, правесьці так званыя «выбары» 11 лістапада.

Выступаючы 12 верасьня ў Вашынгтоне, прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту Гэзэр Наўэрт назвала такія пляны «фальшывымі працэдурамі», з дапамогай якіх Масква дэманструе «сваё грэбаваньне міжнароднымі нормамі і падрывае намаганьні, накіраваныя на дасягненьне міру на ўсходзе Ўкраіны».

«Улічваючы пастаянны кантроль за гэтымі тэрыторыямі з боку Расеі, сапраўдныя выбары там немагчымыя, гэта груба парушае абавязаньні Расеі па менскіх пагадненьнях», — дадала яна.

МЗС Польшчы таксама асудзіў намер «ДНР» і «ЛНР» правесьці «выбары», падкрэсьліўшы, што гэты крок з боку сэпаратыстаў зьяўляецца чарговым доказам нежаданьня выконваць менскія дамоўленасьці. Пра гэта прэс-служба МЗС Польшчы паведаміла ў сацыяльных сетках. ​У ведамстве падкрэсьлілі, што «у гэтым кантэксьце асабліва важна яшчэ гучней засьведчыць падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

31 жніўня ў выніку выбуху ў кавярні «Сепар» у цэнтры Данецку загінуў кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандар Захарчанка. 7 верасьня часовым кіраўніком ДНР быў прызначаны старшыня яе «народнага савету» Дзяніс Пушылін.

7 верасьня таксама стала вядома, што групоўка «ДНР» прызначыла выбары новага лідэра на 11 лістапада. Рашэньне аб правядзеньні ў гэты ж дзень выбараў «кіраўніка» і «дэпутатаў» прынялі і ў групоўцы «ЛНР».

Гэта супярэчыць менскім пагадненьням, згодна зь якімі мясцовыя выбары на цяпер непадкантрольных Украіне тэрыторыях магчымыя толькі пасьля палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту, у адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам і паводле стандартаў АБСЭ.

Міністэрства замежных спраў Украіны абнародавала заяву, што ў выпадку правядзеньня галасаваньня яго вынікі будуць «юрыдычна нікчэмнымі, ня будуць ствараць ніякіх прававых наступстваў і ня будуць прызнаныя ні Ўкраінай, ні сусьветнай супольнасьцю».

8 верасьня Эўразьвяз асудзіў намер «ДНР» і «ЛНР» правесьці выбары. У Міністэрстве замежных спраў Францыі таксама заявілі, што гэта супярэчыць менскім дамоўленасьцям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG