Увечары 7 лістапада ў Амстэрдаме адбылася футбольная сустрэча Лігі Эўропы паміж галяндзкім «Аяксам» і «Макабі» з Тэль-Авіву. Яна завяршылася разгромнай перамогай «Аяксу», а пасьля гульні ізраільскіх прыхільнікаў чакалі праблемы. Не ад ультрас «Аяксу», якія маюць прыяцельскія адносіны зь імі, а ад мясцовай арабскай моладзі.
The Jerusalem Post называе падзеі ў нідэрляндзкай сталіцы «пагромам» і заўважае, што напады адбыліся празь некалькі гадзін пасьля таго, як у Амстэрдаме на дзяржаўным узроўні ўшанавалі ахвяраў «Крыштальнай ночы», што адбылася ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 году і ўключала ў сябе сэрыю габрэйскіх пагромаў у шэрагу гарадоў з падачы НСДАП.
Як найменей 10 чалавек атрымалі траўмы пры нападах арабаў па выхадзе са стадыёну. Адзначаецца, што галяндзкая паліцыя проста пакінула заўзятараў «Макабі» без суправаджэньня, і тыя адправіліся ў свае гатэлі, аднак на іх пачалі нападаць. Выданьне Walla адзначае, што два чалавекі зьніклі бязь вестак, у прыватнасьці, адзін 33-гадовы грамадзянін Ізраілю. Ён прыляцеў у Амстэрдам на матч зь Лёндану, апошні раз выходзіў на сувязь са сваякамі яшчэ да гульні.
Некаторыя ізраільскія каналы паведамляюць пра спробы арабаў утапіць аднаго з ізраільцянаў у амстэрдамскім канале.
Галяндзкая паліцыя заявіла пра 57 затрыманых за агрэсіўныя паводзіны. Ізраільскія журналісты адзначаюць, што за некаторымі прыхільнікамі клюбу з Тэль-Авіву нападнікі ганяліся з нажамі. Выданьне Maariv паведаміла пра адну спробу выкраданьня чалавека, некаторыя іншыя ізраільцяне забарыкадаваліся ў крамах і іншых установах, каб пазьбегнуць расправы.
Амбасада Ізраілю ў Нідэрляндах спрабуе забясьпечыць грамадзянам сховішча, а прэм’ер-міністар краіны Біньямін Нэтаньягу заявіў, што высылае па сваіх грамадзян два самалёты для бясьпечнай эвакуацыі.
Звычайна пасьля футбольных паядынкаў прыхільнікаў гасьцявой каманды суправаджае паліцыя, каб не дапусьціць падобных здарэньняў. Але ў Амстэрдаме гэтага не адбылося, пры тым, што ў горадзе пражывае багата арабаў, настроеных супраць Ізраілю. У выніку пасьля гульні ўжо каля гасьцявога абсягу стадыёну натоўп арабаў, які быў у колькаснай перавазе, пачаў атакаваць ізраільцянаў з крыкамі «Свабоду Газе».
Колішні прэм’ер-міністар Ізраілю Нафталі Бэнэт назваў падзеі «сплянаваным і арганізаваным пагромам».
Форум