Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незаплянаваны стрэл. Сяржанта судзяць за гібель салдата на палігоне пад Менскам


Дзьмітры Ўдод, які загінуў на палігоне 4 красавіка. Здымак 2017 году
Дзьмітры Ўдод, які загінуў на палігоне 4 красавіка. Здымак 2017 году

У Менскім раённым судзе пачаўся працэс па справе аб гібелі салдата. ​Старшы сяржант Сяргей Крупа абвінавачваецца паводле 2 часткі 463 артыкула Крымінальнага кодэксу — парушэньне правілаў абыходжаньня са зброяй, якое прывяло да сьмерці чалавека. «Віну прызнаю цалкам», — адразу заявіў абвінавачаны, якому пагражае 5 гадоў зьняволеньня.

Што здарылася на палігоне

Трагедыя адбылася 4 красавіка на палігоне непадалёк ад мікрараёну Ўручча пад Менскам. Падчас баявых заняткаў загінуў салдат Дзьмітры Ўдод, мэханік-кіроўца баявой машыны пяхоты, зь якой адпрацоўвалася стральба па мішэні з танкавага кулямёта Калашнікава.

Дзьмітры Ўдод падчас навучаньня на мэханіка-кіроўцу служыў разам з Аляксандрам Коржычам у Печах і праходзіў як пацярпелы ў справе Коржыча. Аднак вэрсія пра датычнасьць сьмерці Дзьмітрыя Ўдода да справы Аляксандра Коржыча пацьверджаньня не знайшла.

Перад судом паўстаў сяржант Сяргей Крупа. Ён служыў апэратарам-наводчыкам на БПМ, якую вадзіў загінулы Дзьмітры Ўдод.

Паводле Сяргея Крупы, стрэльбы 4 красавіка меліся прайсьці ў тры этапы, падчас якіх адпрацоўвалася ня толькі трапнасьць стральбы з кулямёта, але і хуткасьць, зь якой экіпаж разьмяшчаўся ў БМП і пакідаў машыну.

«Адстраляўшы стужку, наводчык павінен праверыць, ці не засталося ў кулямёце патронаў, паставіць кулямёт на засьцерагальнік, падняць угару ствол, далажыць камандзіру БМП, што стральба скончана», — як на ўроку, распавядаў суду сяржант Сяргей Крупа.

Defendant Sergei Krupa
Defendant Sergei Krupa

Так мусіла быць, але ў рэчаіснасьці гэты парадак аказаўся шмат дзе парушаны. У выніку перад чарговай стральбой пры зарадцы кулямёта той раптам стрэліў. Куля прайшла скрозь плячо і трапіла ў галаву мэханіка-кіроўцы Ўдода, які ў той момант займаў сваё месца ў БМП. Адзін стрэл стаў сьмяротным.

Акалічнасьці, якія прывялі да незаплянаванага стрэлу

  1. Пасьля стрэлаў сяржант Крупа не пераправерыў кулямёт на наяўнасьць у ім патронаў. «Як канчаецца патронная стужка, яна падае і бʼецца аб корпус БМП, гэта чуваць. Значыць, патронаў няма. Тады таксама стужка ўпала, я гэта добра чуў», — сказаў сяржант. Між тым у кулямёце застаўся нястрэлены патрон, які і забіў Дзьмітрыя Ўдода.
  2. На дадатак да першай памылкі сяржант Крупа забыўся паставіць кулямёт на засьцерагальнік. «Так, пасьля стрэлаў я забыўся паставіць на засьцерагальнік. А калі пачаў зараджаць кулямёт новай стужкай, дык раздаўся стрэл. Відаць, я зачапіў электрычны спуск правай рукой, якая ў мяне траўмаваная зь дзяцінства».
  3. Чаму ў кулямёце застаўся патрон? «Падчас стральбы адбываліся асечкі. Страляе, потым зноў асечка. Перазарадзім — зноў страляе», — згадваў падсудны вайсковец.
  4. Ці вінаватая зброя? Экспэртыза ў справе засьведчыла, што кулямёт быў няспраўны з прычыны недагледжанасьці. Паводле інструкцыі Сяргей Крупа як апэратар-наводчык мусіў праверыць гатоўнасьць зброі да стральбы, але, як сказаў сяржант, ён гэтага не зрабіў, бо «БМП прымалі ня мы, што нам далі, з таго і пачалі страляць».
  5. Чаму стрэльбы з кулямёта не спыніў афіцэр, які камандаваў баявымі заняткамі, пасьля таго як яму далажылі пра няспраўнасьць? «Старшаму лейтэнанту казалі, што кулямёт няспраўны, што дае асечкі. Але такое было раней. Ён аглядаў кулямёт, але нічога не зьмянілася», — сказаў падсудны.
  6. Трагедыі ня здарылася б, калі б мэханік Дзьмітры Ўдод не знаходзіўся падчас стрэльбаў на «брані» БМП. Але ён там быў. Чаму ж не пачакалі? «З каманднага пункту не відаць, ці закрыты люк мэханіка-кіроўцы гэтай машыны», — зазначылі экспэрты. Атрымліваецца, варта было інакш арганізаваць назіраньне за баявой стральбой.
  7. Сяргей Крупа быў прызнаны прыдатным да службы з пэўнымі абмежаваньнямі — у яго ў дзяцінстве быў перабіты адзін з пальцаў правай рукі, палец амаль ня гнецца. Між тым яго прызначылі служыць менавіта апэратарам-наводчыкам БПМ, дзе якраз правай рукой робяцца асноўныя маніпуляцыі.

У тым, ці быў наладжаны на палігоне элемэнтарны парадак падчас стральбы, суд таксама мае яшчэ разабрацца. Вось якая красамоўная дэталь: мэханік Дзьмітры Ўдод ляжаў у БМП забіты, а іншыя чальцы экіпажа яшчэ двойчы па камандзе камандзіра выбіраліся і зноў забіраліся ў БПМ. На адсутнасьць мэханіка не зьвярнуў увагі і афіцэр. «Падумаў, можа ён пайшоў у прыбіральню?» — падзяліўся з судом сваёй здагадкай Сяргей Крупа.

А што думаў камандзір? Потым, калі падсудны ўбачыў, што здарылася зь ягоным калегам, і ўсьвядоміў, ад чаго адбыўся стрэл, яму стала блага. «У мяне быў нэрвовы зрыў», — сказаў ён.

Падсудны адмовіўся ад адваката

Сяргей Крупа адмовіўся ад адваката. Карэспандэнту Свабоды падсудны сказаў, што будзе абараняць сябе сам, але гэта было сказана з такім настроем, што ўзьніклі падазрэньні: можа, абараняцца ён і не зьбіраецца? Між тым у назіральнікаў за працэсам узьнікаюць думкі, што ў трагедыі, якая здарылася 4 красавіка ва Ўруччы, вінаваты не адзін гэты вайсковец.

17 кастрычніка ў судзе дапытаюць сьведак-салдат і афіцэраў, пад кіраўніцтвам якіх служыў Сяргей Крупа. Усе яны ваеннаслужачыя 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG