Увесь комплекс — скульптура байца паветрана-дэсантных войскаў, памятны знак у форме парашута з дэвізам «Никто, кроме нас» і двума барэльефамі, а таксама каляровая выява блакітнага бэрэта на дэкаратыўным валуне — каштаваў больш за 100 тысяч даляраў.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэта небюджэтныя сродкі — грошы, заробленыя віцяблянамі на чарговых і нечарговых суботніках.
Ініцыятыва «грамадзкасьці»
Ідэя паставіць помнік дэсантніку ў парку Пераможцаў на вуліцы Калініна належыць вэтэранскім арганізацыям — пра гэта два гады таму паведамілі афіцыйныя СМІ. Неабходнасьць такога помніка тлумачылі «гістарычнай праўдай» — тым, што ў Віцебску ў савецкі час базавалася 103-я паветрана-дэсантная дывізія, воіны якой першымі ўвайшлі ў Аўганістан, а цяпер тут месьціцца 103-я асобная мабільная брыгада.
Аўтар помніка — Іван Казак, вядомы віцебскі скульптар. Паводле ягонай задумы, трохмэтровы бронзавы дэсантнік толькі што прызямліўся: ён яшчэ не адчапіў парашута, але ў яго на галаве ўжо ня шлем для скачкоў, а знакаміты блакітны бэрэт. Выява парашута — гэта асобны элемэнт кампазыцыі, які мае два барэльефы — генэрала Васіля Маргелава, чыё імя зьвязана з гісторыяй паветрана-дэсантных войскаў у часы СССР, і ўраджэнца Віцебску генэрала-лейтэнанта Івана Лісава.
Зьяўленьня помніка чакалі яшчэ ўлетку
Улады папярэджваюць, што 17 кастрычніка падчас адкрыцьця помніка вуліца Калініна будзе перакрыта для транспартнага руху на дзьве гадзіны.
Увогуле ж адкрыцьцё помніка дэсантніку анансавалася і на ліпень 2018 году, і на 2-га жніўня — Дзень ПДВ. Але ўсё адклалася аж да восені, бо бракавала сродкаў на добраўпарадкаваньне пляцовак для помніка ў парку Пераможцаў.
Кошт добраўпарадкаваньня склаў 77 935 рублёў, выраб, транспартаваньне і ўстаноўка скульптурнай групы абышліся ў 138 983 рублі 18 капеек, зь іх 41 208 рублёў — ганарар скульптара, падлічыў сайт «Народныя навіны Віцебска».
«Скульптурны бум» у Віцебску
Помнік дэсантніку — гэта ўжо другая скульптура Івана Казака, пастаўленая сёлета ў Віцебску. Улетку на вуліцы Суворава быў урачыста адкрыты памятны знак «Віцебскі волат» у гонар тутэйшага ўраджэнца Фёдара Махнова; яго таксама зрабіў Іван Казак.
Сярод работ віцебскага скульптара — кампазыцыя ў памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, помнік Уладзімеру Караткевічу і памятны знак Аляксандру Пушкіну, некалькі твораў у жанры гарадзкой скульптуры: «Доктар Айбаліт», «Вулічны клоўн», «Кандуктар». І «Залатая рыбка» — скульптурная выява, якая спарадзіла ў горадзе спрэчкі пра мастацкія вартасьці помнікаў апошняга часу.
У Віцебску апошнімі гадамі назіраецца «скульптурны бум», але некаторыя лічаць, што скульптурныя выявы, якія ня маюць дачыненьня да гісторыі гораду, толькі псуюць аблічча абласнога цэнтру, і што грошы, якія трацяцца на гэта, варта выкарыстоўваць на больш неабходныя аб’екты. Улады настойваюць, што гораду неабходны як мінімум яшчэ адзін помнік — княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск. Некаторыя навукоўцы аспрэчваюць гэты факт, шмат хто з жыхароў лічыць непатрэбным ушаноўваць «чужую» для гораду княгіню, але пра ўстаноўку гэтага помніка вядзецца ўжо, як пра вырашаную справу.