Міністэрства абароны Расеі вырашыла спыніць распрацоўку найбольшага вайсковага бесьпілётнага лятальнага апарата «Альтаир». Пра гэта паведамляе газэта «Ведомости» са спасылкай на крыніцы.
Распрацоўкай «Альтаира» ад 2011 году займалася Казанскае досьледна-канструктарскае бюро ім. М. П. Сіманава. На праект выдаткавалі больш за 3 мільярды рублёў.
У 2017 годзе бесьпілётнік пачаў лётныя выпрабаваньні. Аднак бюро паскардзілася на недахоп сродкаў для працягу працы, і ўрад Татарстану папрасіў яшчэ 2 мільярды расейскіх рублёў.
У красавіку 2018 году генэральны дырэктар бюро Аляксандр Гомзін быў арыштаваны па абвінавачаньні ў махлярстве і нямэтавым выдаткоўваньні сродкаў. Паводле вэрсіі сьледзтва, Гомзін датычны да крадзяжу каля мільярда рублёў, выдзеленых на стварэньне «Альтаира».
Блізкі да Міністэрства абароны суразмоўца сказаў, што напрацоўкі па «Альтаиры» перададуць Уральскаму заводу грамадзянскай авіяцыі. Там цяпер займаюцца распрацоўкай дрона «Форпост».