Колішні палітычны зьняволены ў Беларусі Андрэй Рамашэўскі стаў дэпутатам органу мясцовага самакіраваньня ў Чэхіі. У мясцовых выбарах, якія прайшлі ў Чэхіі 5-6 кастрычніка, яго абралі адным зь сямі дэпутатаў у абшчыне (чэскае: obec) Радгашць (Radhošť) у Пардубіцкім краі.
Прапануем вам кароткую размову са сьвежа сьпечаным дэпутатам, які ў 1997 годзе пакінуў Беларусь і атрымаў палітычны прытулак у Чэскай Рэспубліцы.
— Андрэй, віншуем з выбарам дэпутатам у абшчыне Радгашць. У вас там выбіралі ўсяго 7 дэпутатаў, значыць, ваша вёска належыць да найменшых у Чэхіі. Колькі ў вас наогул выбаршчыкаў?
— Выбаршчыкаў у нас 140.
— І вось гэтыя вашы выбаршчыкі паставілі рэкорд яўкі ў сваім Пардубіцкім краі — 82,14%. Магчыма, гэта рэкорд па ўсёй краіне?
— Не, у краіне ёсьць вёскі, у якіх яўка была крыху вышэйшая за нашу, але ў Радгашці такая яўка здарылася менавіта таму, што ўпершыню за апошніх дванаццаць гадоў у нас прайшлі альтэрнатыўныя выбары.
— Вы былі альтэрнатывай каму?
— Кампанія была толькі з нашага боку, а старое кіраўніцтва вёскі, якое бараніла свае мандаты, ніякай кампаніі не рабіла. Ці можа й рабіла, але маскіравала яе рознымі іншымі захадамі — пасадзіла дрэва да 100-годзьдзя рэспублікі, зрабіла некалькі гасьцінаў, на якіх накармілі і напаілі патэнцыяльных выбаршчыкаў…
— А ваша кааліцыя — «Зьмена для Радгашці» — якая здабыла тры мандаты, праводзіла выбарчую кампанію?
— Так. Мы стварылі выбарчы сайт, апублікавалі нашы біяграфіі і выбарчую праграму. Гэтага наша канкурэнцыя ніколі не рабіла.
— Слухайце, але ж вашы канкурэнты атрымалі чатыры мандаты, у тым ліку папярэдняя старастка вёскі. Дык яе зноў перавыберуць?
— Яна старасткай ужо ня будзе, гэта дакладна. Яны ўзялі сабе ў кандыдаты новых, папулярных у вёсцы асобаў, каб пабольшыць выбарчыя шанцы «старых» кандыдатаў. І некаторыя з гэтых новых прайшлі на выбарах. Але якраз новыя за папярэднюю старастку галасаваць ня будуць…
— Андрэй, якая сыстэма галасаваньня на мясцовых выбарах у Чэхіі? Можаце гэта коратка растлумачыць людзям у Беларусі?
— Паспрабую. Папярэдне было дамоўлена, што ў нашай вёсцы будзе сем дэпутатаў. Гэты лік вызначыла старая рада. Раней у нас было пяць дэпутатаў. Ліміт дэпутатаў для такіх малых вёсак як наша — 15.
Значыць, кожная партыя ці кааліцыя, якая прыступіла да выбараў, магла паставіць у выбарчы сьпіс у Радгашці сем кандыдатаў плюс два (разам дзевяць).
Галасаваньне ў мясцовых выбарах даволі складанае, і выбаршчыкі часта робяць тут памылкі. Выбаршчыкам на галасаваньні выдаюць адзін бюлетэнь, на якім знаходзяцца ўсе партыі і кааліцыі, і ўсе кандыдаты пайменна.
Кажучы сьцісла, можна прагаласаваць на два спосабы. Можна паставіць адзін крыжык для цэлай партыі — гэта азначае, што выбарчы голас атрымаюць аўтаматычна сем партыйных кандыдатаў, лічачы ад верху. Можна таксама ставіць крыжыкі пры розных кандыдатах з розных партый — але ня болей чым сем, бо інакш бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным.
— Андрэй, задам вам асабістае пытаньне — вы цяпер маеце шанцы стаць старастам вёскі?
— Такія шанцы ёсьць, але я ня ўпэўнены, што я на гэтую пасаду пагадзіўся б. Разумееце, я не зусім тутэйшы, і было б проста непрыгожа, каб чужы чалавек узначальваў вёску. Гэта даволі далікатная рэч, і я думаю, што некаторыя мясцовыя жыхары былі б гэтым незадаволеныя. Я хачу быць намінаваны на намесьніка старасты і спадзяюся, што гэта атрымаецца. Па-сутнасьці, у намесьніка старасты амаль тыя самыя паўнамоцтвы, што і ў старасты, але ён, скажам так, ня муляе вочы людзям.
— А як ваша партыя — Партыя піратаў — выпала на гэтых выбарах у краіне?
— Я адзіны ў вёсцы «пірат», а таму варыянт са сьпісам ад Партыі піратаў у нашай вёсцы ня мог прайсьці, і я выступаў у кааліцыі незалежных кандыдатаў. Але агулам па краіне Партыя піратаў атрымала вялікі посьпех — яе сьпісы кандыдатаў наогул праходзілі другімі, трэцімі ці чацьвертымі. У Празе Партыя піратаў атрымала другое месца, але палітычны расклад пасьля выбараў такі, што мэрам чэскай сталіцы стане хучэй за ўсё кандыдат ад нашай партыі.