Дзяржаўны канцэрн «Беллегпрам» пацьвердзіў патрабаваньне грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» змагацца зь нядобрасумленнай канкурэнцыяй гандляроў, якія возяць у Беларусь тавары з Цэнтральнай Азіі, піша БелаПАН са спасылкай на ліст канцэрну ў адказ на зварот старшыні «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі.
Паводле ліста зь «Беллегпраму», у канцэрне лічаць, што гандляры з Цэнтральнай Азіі «гандлююць за дэмпінгавыя цэны з магчымымі парушэньнямі беларускага заканадаўства». Сьцьвярджаецца, што канцэрн «неаднаразова падымаў гэтае пытаньне ў органах дзяржаўнага кіраваньня», бо яно актуальнае для беларускіх вытворцаў тавараў лёгкай прамысловасьці.
Як працуюць «узбэцкія» крамы таннага адзеньня
На сустрэчы Анатоля Шумчанкі і прадпрымальнікаў з рэгіёнаў зь першым намесьнікам міністра гандлю Артурам Карповічам 10 ліпеня было прынятае рашэньне аб маніторынгу аб’ектаў гандлю з таннымі таварамі з Цэнтральнай Азіі сіламі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, Мінздароўя і іншых ведастваў. «Беллегпрам» сьцьвярджае, што таксама ладзіць такі маніторынг.
У канцы мінулага году прадпрымальнікі на форуме «Пэрспэктывы» заяўлялі, што гатовыя страйкаваць, як у 2016 годзе, у тым ліку празь нядобрасумленную канкурэнцыю з боку гандляроў з Цэнтральнай Азіі. Яны не патрабавалі прагнаць канкурэнтаў, а толькі прывесьці іх дзейнасьць у адпаведнасьць законам.