У Грузіі забараняецца выкарыстаньне поліэтыленавых пакетаў, спыняецца іх вытворчасьць, рэалізацыя і імпарт. На першым этапе забарона ўжо закранула тыя вырабы, чыя шчыльнасьць меншая за 15 мікрон. Сярод іх, напрыклад, аднаразовыя пакеты, паведамляе «Настоящее время».
Цалкам поліэтыленавыя пакеты выйдуць са спажываньня ўвесну 2019 году: зь першага красавіка 2019 году забараняецца любой палімэр, яму на замену павінныя прыйсьці біяпакеты.
Да таго часу, пакуль закон канчаткова не набудзе моц, вытворцаў поліэтыленавых вырабаў таксама абавязалі ўказваць на кожным асобным пакеце інфармацыю пра завод-вытворцу і склад матэрыялу. На прадпрыемствах кажуць, што тэхнічна гэта даволі складана. Ды і многія брэнды, якая замаўляюць для сваёй прадукцыі фірмовыя пакеты, не жадаюць разьмяшчаць на іх лішнія надпісы.
Вытворцы поліэтыленавай прадукцыі ўжо зьвярнуліся да ўраду Грузіі з просьбай даць ім больш часу, паколькі мясцовыя прадпрыемствы пакуль тэхнічна не гатовыя вырабляць біяпакеты: няма неабходных тэхнічных сродкаў, абсталяваньня.
Эколягі, наадварот, лічаць, што ўлады зацягнулі з прыняцьцем закона.
Аптовыя рэалізатары ўжо масава пазбаўляюцца ад пакетаў да 15 мікрон. У іх да ўраду свае прэтэнзіі.
«Думаю, уся Грузія адзіная ў меркаваньні, што ад пакетаў, якія забруджваюць асяродзьдзе, трэба пазбаўляцца. Аднак нам абяцалі, што пасьля 1 кастрычніка мы зможам распрадаць рэшткі той прадукцыі, якая трапіла пад забарону. Але, як высьвятляецца, патураньняў чакаць не даводзіцца. Цяпер тавар не рэалізаваны, мы нясем страты», — кажа аптовы рэалізатар поліэтыленавай прадукцыі Кетэван Цыколія.
У Грузіі аднаразовыя пакеты ў большасьці гандлёвых сетак выкарыстоўваліся як бясплатная ўпакоўка і нават тара для самай рознай прадукцыі. У выніку велізарная колькасьць рознакаляровага поліэтылену аказалася на вуліцах. Сытуацыя палепшылася толькі са зьяўленьнем у краіне прадпрыемстваў, якія зьбіраюць і перапрацоўваюць плястыкавыя адкіды.
Біядэградуемыя пакеты будуць рабіць пераважна з кукурузных і пшанічных валокнаў. Пэрыяд поўнага разлажэньня такога вырабу — да трох месяцаў. Але і цана на яго можа апынуцца вышэй, чым на звычайны поліэтыленавы пакет сярэдняй шчыльнасьці. Што тычыцца папяровых пакетаў, яны ўжо выкарыстоўваюцца ў крамах як замена забароненым поліэтыленавым вырабам малой шчыльнасьці.
Плястыкавыя пакеты ўпершыню зьявіліся ў крамах у канцы 1970-х гадоў у ЗША. У 1994 годзе Данія стала першай краінай, якая ўвяла на іх падатак.
Эколягі называюць плястыкавыя пакеты сапраўдным бедзтвам для навакольнага асяродзьдзя: іх можна сустрэць у лясах, хмызьняках, вадаёмах. Некаторыя зь іх не распадаюцца цягам 500 гадоў.
Цяпер у розных краінах ужываюць розныя мэханізмы рэгуляваньня колькасьці поліэтыленавых пакетаў:
- «зялёны» падатак на бясплатную раздачу ў крамах;
- павышэньне кошту;
- забарона на вытворчасьць і выкарыстаньне;
- выкарыстаньне толькі экалягічнай упакоўкі;
- увядзеньне штрафных санкцый;
- экалягічныя акцыі на тэму шкоды такіх пакетаў для навакольнага асяродзьдзя;
- прапанова альтэрнатывы пры выбары ўпакоўкі.
У Беларусі ў год выпускаюць каля 8 тысяч тон плястыкавых пакетаў. Некаторыя іх віды перапрацоўваюцца на горадзенскім прадпрыемстве «Белдругпалімер» і барысаўскім заводзе плястмасавых вырабаў. Таксама іх выкарыстоўваюць для вырабу тратуарнай пліткі з палімэрпяшчанай сумесі. Аднак беларускія спэцыялісты кажуць, што цалкам адмовіцца ад плястыкавых пакетаў немагчыма, асабліва калі гэта тычыцца ўпакоўкі мяса, рыбы, салаты і іншых вільготных харчоў.