У Беларусі ў год выпускаюць каля 8 тысяч тон плястыкавых пакетаў. У розных краінах карыстацца імі забараняюць альбо ўводзяць на гэта абмежаваньні. А ці плянуе што падобнае беларускі ўрад?
Эколягі называюць плястыкавыя пакеты сапраўдным бедзтвам для навакольнага асяродзьдзя: іх можна сустрэць у лясах, хмызьняках, вадаёмах. Некаторыя зь іх не распадаюцца цягам 500 гадоў.
Упершыню плястыкавыя пакеты ў крамах зьявіліся ў канцы 1970-х гадоў у ЗША. У 1994 годзе Данія стала першай краінай, якая ўвяла на іх падатак.
«Зусім забруджаныя або вельмі тоненькія нідзе не адбіраюць»
Паводле дырэктара ГУ «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Натальлі Грынцэвіч, пакеты складаюць 0,2% ад аб’ёму камунальных адкідаў у Беларусі.
Некаторыя іх віды перапрацоўваюцца на горадзенскім прадпрыемстве «Белдругпалімер» і барысаўскім заводзе плястмасавых вырабаў. Таксама іх выкарыстоўваюць для вырабу тратуарнай пліткі з палімэрпяшчанай сумесі.
«Пытаньне ў тым — якія гэта пакеты? Поліэтыленавы пакет-„майку“ можна перапрацоўваць. Але зусім забруджаны або вельмі тоненькі пакецік з-пад салаты з маянэзам нідзе не прымаюць. Калі яны трапляюць у чорныя кантэйнэры для асобнага збору адкідаў, то ідуць на пахаваньне», — сказала Свабодзе Натальля Грынцэвіч.
З плястыкавых пакетаў хочуць таксама вырабляць RDF-паліва для цэмэнтных заводаў. Але калі тое будзе, у Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі карэспандэнту Свабоды не змаглі сказаць.
Паводле Натальлі Грынцэвіч, пры спальваньні плястыку на цэмэнтных заводах шкоды навакольнаму асяродзьдзю ня будзе — у адрозьненьне ад звычайнай працэдуры.
«Не ўсе сьмецьцесартавальныя станцыі іх адбіраюць»
Частка пакетаў трапляе на прадпрыемства «Белдругпалімер». Галоўны інжынэр прадпрыемства Дзьмітры Ярамейчык сказаў карэспандэнту Свабоды, што іх перапрацоўваюць на ліцьцёвыя, экструзійныя вырабы ці зноў жа на плёнку.
«Пакеты зь дзьвюма ручкамі нас вельмі цікавяць, але, на жаль, ня ўсе сьмецьцесартавальныя станцыі іх адбіраюць з агульнага аб’ёму палімэраў. Чаму так атрымліваецца? Бо гэтыя пакеты — адзін від поліэтылену, а іншыя плёначныя — іншы. Ім ня хочацца дзяліць, бо гэта патрабуе дадатковых выдаткаў. А мы стараемся найперш менавіта гэтыя пакеты скупляць, бо маем у іх патрэбу. І можам нарасьціць аб’ёмы перапрацоўкі», — сказаў Дзьмітры Ярамейчык.
Паводле галоўнага інжынэра, «Белдругпалімер» гатовы забіраць да 2 тысяч тон пакетаў і можа іх перапрацоўваць з забруджанасьцю да 70%.
А як у разьвітых краінах?
У розных краінах ужываюць розныя мэханізмы рэгуляваньня колькасьці поліэтыленавых пакетаў:
- «зялёны» падатак на бясплатную раздачу ў крамах;
- павышэньне кошту;
- забарона на вытворчасьць і выкарыстаньне;
- выкарыстаньне толькі экалягічнай упакоўкі;
- увядзеньне штрафных санкцый;
- экалягічныя акцыі на тэму шкоды такіх пакетаў для навакольнага асяродзьдзя;
- прапанова альтэрнатывы пры выбары ўпакоўкі.
Якое можа быць экалягічнае выйсьце?
Аднак ці больш экалягічна проста абмяжоўваць выкарыстаньне плястыкавых пакетаў?
Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі цяпер рыхтуе для ўраду прапановы па абмежаваньні выкарыстаньня поліэтыленавай упакоўкі ў гандлі. Таксама сёлета заплянавана дасьледаваньне марфалягічнага складу палімэрных адкідаў для распрацоўкі праграмы іх другаснага выкарыстаньня, паведамілі Свабодзе ў Мінпрыроды.
«У нас ёсьць даручэньне ўраду зрабіць справаздачу да 1 чэрвеня, і мы правялі аналітычную працу. У гандлі таксама можна рабіць абмежаваньні. Але мы павінны разумець, колькі гэта будзе каштаваць для чалавека», — кажа Свабодзе дырэктар ГУ «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Натальля Грынцэвіч.
Натальля Грынцэвіч кажа, што поўнасьцю адмовіцца ад плястыкавых пакетаў немагчыма, асабліва калі гэта тычыцца ўпакоўкі мяса, рыбы, салаты і іншых вільготных харчоў.
«Мы рабілі разьлікі, колькі чаго можна пакласьці ў пакеты плястыкавы і папяровы. Каб пакласьці аднолькавую колькасьць прадуктаў, то папяровых пакетаў спатрэбіцца больш. Папяровыя таксама большыя па вазе. То бок на адзін плястыкавы пакет трэба два папяровыя. Але калі на папяровы пакет нанесьці рэкляму з выкарыстаньнем фарбаў, то яшчэ невядома, ад якога пакета шкода будзе большая», — кажа дырэктар ГУ «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў».
Апроч пошуку замяняльніка для плястыкавых пакетаў, трэба яшчэ пераканаць пакупніка, чаму ён мусіць браць у краму тэкстыльную сумку, якая часам каштуе ў дзесяць разоў больш.
«Каб чалавек разумеў, што гэта шкода для навакольнага асяродзьдзя і яму прасьцей трымаць у кішэні тэкстыльную сумку. То бок у нас напрацоўкі ёсьць, і мы свае прапановы будзем прапісваць. Але забараніць поўнасьцю пакеты мы ўсё роўна ня зможам», — сказала Натальля Грынцэвіч.
А што крамы?
Згодна з пастановай Савету міністраў РБ № 703 ад 22 лiпеня 2014 году прадавец абавязаны перадаць пакупніку тавары належнай якасьці ў тары або ўпакоўцы. Тавары перадаюцца пакупніку ва ўпакаваным выглядзе безь зьбіраньня за ўпакоўку дадатковай платы. Выгляд упакоўкі вызначаецца прадаўцом.
У стаўленьні крамаў да выкарыстаньня плястыкавых пакетаў няма агульнай палітыкі. Бальшыня зь іх у Менску прапануе пакупнікам тонкія пакеты бясплатна, а мацнейшыя, з «ручкамі», за сымбалічную плату да 20 капеек.
А, напрыклад, будаўнічы гіпэрмаркет «Мацярык» бясплатна выдае пакеты розных памераў.
У якасьці альтэрнатывы некаторыя супэрмаркеты маюць шматразовыя пакеты з паперы, поліпрапілену або тканіны, якія каштуюць ад 72 капеек да 12 рублёў. З прычыны цаны і зьнешняга выгляду яны непапулярныя ў пакупнікоў, кажуць прадаўцы.
Онлайн-гіпэрмаркет «Е-дастаўка», дзе ледзь ня кожны тавар пакавалі ў асобны плястыкавы пакет, паведаміў пра выкарыстаньне біяпакетаў, якія вырабляюцца «з адмысловага матэрыялу» і ў адрозьненьне ад звычайных (тэрмін распаду да 150 гадоў) «распадаюцца праз 1,5–2 гады».
Гэта адбываецца дзякуючы таму, што паверхня такой упакоўкі пакрытая спэцыяльным растворам, які значна паскарае працэс разлажэньня матэрыялу пад узьдзеяньнем паветра, сьвятла і вады. Аднак эколягі ставяць пад сумнеў аптымізм гіпэрмаркету, бо гэта зноў жа звычайны плястык.
У маркетынгавым аддзеле крамы «Суседзі» карэспандэнту Свабоды сказалі, што ўжо чатыры гады прапануюць шматразовыя «экалягічныя» пакеты, аднак яны мала папулярныя ў пакупнікоў. Крамы абслугоўваюць каля 6 тысяч пакупнікоў у гадзіну.
«Гэтай тэме ўжо чатыры гады, мы плянуем яе разьвіваць, каб усё ж меней набывалі плястыкавых пакетаў. Хочам выпусьціць некалькі варыянтаў па расфарбоўцы і памерах. І нават папяровыя. Хочам гэта папулярызаваць», — сказалі ў «Суседзях».
«Забараніць распаўсюд бясплатных тонкіх упаковачных пакетаў!»
Беларускія эколягі заклікаюць забараніць распаўсюд бясплатных тонкіх упаковачных пакетаў. Пра гэта кажа і супрацоўніца «Цэнтру экалягічных рашэньняў» Натальля Блышчык.
«У якасьці альтэрнатывы мы бачым больш шчыльныя шматразовыя пакеты, якія можна выкарыстоўваць доўга і перапрацаваць. Гэта распаўсюджаная практыка, якую выкарыстоўваюць іншыя краіны», — кажа эколяг.
Напрыклад, у Эстоніі плянуюць заканадаўча ўвесьці мінімальную цану на плястыкавы пакет, якая будзе значна вышэйшая за цяперашнюю. Мяркуецца, што ў выніку спажыўцы пяройдуць на выкарыстаньне шматразовых торбаў з тканіны.
Паводле Натальлі Блышчык, трэба таксама зьняць абмежаваньне, якое забараняе пакупнікам пакаваць разважныя тавары (напрыклад, паўфабрыкаты) у сваю тару.
«Няма нічога дрэннага ў плястыкавым пакеце, які мы выкарыстоўвалі максымальна доўга і здалі на перапрацоўку. Што тычыцца спальваньня, то няма ніякай эканамічнай і экалягічнай мэтазгоднасьці, каб марнаваць рэсурсы на вытворчасьць чаго б там ні было аднаразовага і спальваць. І гэта ня кажучы пра ўплыў на клімат і выкіды вугляроду», — сказала эколяг.