У Румыніі 6 кастрычніка пачаўся рэфэрэндум аб унясеньні канстытуцыйных паправак, зьвязаных з вызначэньнем шлюбу.
Цяпер паняцьце шлюбу ў краіне пазначана як «саюз паміж мужам і жонкай». Ініцыятар галасаваньня кансэрватыўная арганізацыя «Кааліцыя за сям’ю» і праваслаўныя актывісты настойваюць, каб фармулёўка была зьмененая на «саюз паміж мужчынам і жанчынай».
Галасаваньне будзе прызнае пры яўцы ня менш за 30 працэнтаў выбаршчыкаў. У краіне пражывае каля 20 мільёнаў чалавек.
Ідэю правядзеньня рэфэрэндуму раней раскрытыкавалі праваабаронцы і шэраг дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Яны лічаць, што ініцыятыва парушае правы чалавека і вядзе да складанасьцяў у легалізацыі аднаполых шлюбаў у Румыніі.
Аднаполыя адносіны легалізаваныя ў Румыніі з 2000 году. Тады парлямэнт краіны прыняў закон, які забараняе дыскрымінацыю па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі ў розных сфэрах жыцьця. Аднаполыя шлюбы ў краіне не рэгіструюцца, аднак Канстытуцыйны суд прызнае аднаполыя пары семʼямі ў выпадку, калі шлюб быў зарэгістраваны ў іншай краіне.