Краіна Эўразьвязу абавязаная прызнаць аднаполы шлюб для прадастаўленьня віду на жыхарства сужэнцу — неграмадзяніну ЭЗ, нават калі ў гэтай дзяржаве не дазволеныя такія саюзы. Пра гэта гаворыцца ў пастанове суда Эўразьвяза ў Люксэмбургу. У рашэньні суда ўдакладняецца, што паняцьце «сужэнец» варта разглядаць як гендэрна-нэўтральнае.
Прэцэдэнтам для судовага рашэньня стаў выпадак з заключэньнем аднаполага шлюбу паміж грамадзянамі Румыніі і ЗША. Аднаполы саюз быў зарэгістраваны ў 2010 годзе ў Бэльгіі.
У 2012 годзе пара вырашыла пасяліцца ў Румыніі, аднак амэрыканцу адмовілі ў відзе на жыхарства, бо ўлады краіны не прызнаюць аднаполыя шлюбы. Сужэнцы падалі пазоў у румынскі суд. У выніку Канстытуцыйны суд Румыніі накіраваў пазоў у суд ЭЗ ў Люксэмбургу.
Суд пастанавіў, што краіны ЭЗ абавязаны выконваць дырэктыву Эўразьвязу аб свабодным перамяшчэньні і выбары месца пражываньня сваіх грамадзян. Згодна з рашэньнем суда, дзяржава ЭЗ абавязана прызнаваць любы, у тым ліку і аднаполы, шлюб, заключаны ў любой краіне ЭЗ, для выдачы дазволу на працяглае пражываньне неграмадзянам Эўрапейскага зьвяза.
У рашэньні суда адзначаецца, што дадзеная пастанова ніяк не паўплывае на нацыянальнае шлюбнае заканадаўства. Дзяржавы ЭЗ могуць не дазваляць аднаполыя шлюбы, але ня могуць парушаць права грамадзянаў ЭЗ на свабоду перамяшчэньня і выбар месца жыхарства.