Палата прадстаўнікоў Аўстраліі прагаласавала за дакумэнт, які зьмяняе вызначэньне шлюбу як саюзу мужчыны і жанчыны на «саюз дваіх людзей».
Сэнат Аўстраліі прыняў гэтае самае заканадаўства тыдзень раней.
Чакаецца, што закон уступіць у сілу прыблізна празь месяц пасьля каралеўскай згоды і іншых фармальнасьцяў.
«Які дзень! Мы прагаласавалі сёньня за роўнасьць, за каханьне. Час цяпер, каб мы мелі больш шлюбаў», — пракамэнтаваў галасаваньне прэм’ер-міністар Аўстраліі Малкальм Тэрнбул.
СМІ паведамлялі, што падчас дэбаты над законапраектам у аўстралійскім парлямэнце адзін дэпутат зрабіў прапанову аб шлюбе свайму аднаполаму партнэру і атрымаў згоду.
Раней у Аўстраліі было праведзенае агульнанацыянальнае паштовае апытаньне, у якім 61% аўстралійцаў падтрымалі зьмены ў законах, якія дазволяць заключаць аднаполыя шлюбы. Аўстралія стала 26 краінай, якая заканадаўча дазволіла такія шлюбы.