Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў зацьвердзіла Румаса прэм’ерам праз паўтара месяца на пасадзе. Адзін дэпутат быў супраць


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

Мінула больш як паўтара месяца, як Лукашэнка прызначыў Румаса бяз згоды дэпутатаў, хоць Канстытуцыя абавязвае атрымаць згоду да прызначэньня. Цяпер дэпутаты пагадзіліся постфактум.

Палата прадстаўнікоў — ніжняя палата Нацыянальнага сходу — разглядзела 5 кастрычніка пытаньне аб згодзе на прызначэньне Сяргея Румаса на пасаду прэм’ер-міністра, якое паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі адбылося 18 жніўня.

Толькі 1 дэпутат са 106, якія зарэгістраваліся, выступіў супраць, 105 было за. Хто гэта быў, невядома: галасаваньне было таемным.

Лукашэнка не прыйшоў асабіста на разгляд пытаньня. Румаса дэпутатам прадстаўляла кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава. Яна падкрэсьліла, што Сяргей Румас – ня новы чалавек ва ўрадзе. З 2010 па 2012 гады ён быў віцэ-прэм’ерам, курыраваў эканоміку і фінансы, мае ступень кандыдата эканамічных навук. Натальля Качанава папрасіла дэпутатаў «праявіць дзяржаўны падыход і падтрымаць кандыдатуру Румаса».

Таксама Палата прадстаўнікоў заслухала праграму дзеяньняў новага ўраду.

Румас: «Будзем працаваць над падвышэньнем дабрабыту народу»

Выступаючы перад дэпутатамі, Румас сказаў, што галоўнай мэтай ягонага ўраду будзе павышэньне ўзроўню і якасьці жыцьця насельніцтва. Абноўлены ўрад, казаў ён, зьбіраецца рэалізоўваць ранейшыя дзяржаўныя праграмы, якія Румас лічыць дастаткова прагрэсіўнымі.

«Але з улікам санкцый супраць нашага галоўнага гандлёвага партнэра неабходна будзе пэўнае карэктаваньне гэтых праграмаў», — падкрэсьліў Румас.

Ён назваў галоўнымі задачамі ўраду перадусім фармаваньне добрай бізнэс-сфэры, апераджальныя тэмпы росту сфэры паслугаў, падвышэньне якасьці кіраваньня дзяржаўнымі актывамі, зьніжэньне інфляцыі. Паводле Румаса, цяпер урад працуе над праграмай свайго дзеяньня. Першы варыянт гэтай праграмы ўжо быў разгледжаны ў аўторак на паседжаньні прэзыдыюму Савета міністраў.

Мелі права і не зацьвердзіць

Фармальна паводле Канстытуцыі працэдура прызначэньня прэм’ер-міністра іншая: не пытаньне аб згодзе дэпутатаў пасьля прызначэньня, а прызначэньне са згоды дэпутатаў. Рашэньне аб прызначэньні мае прымацца цягам двух тыдняў з унясеньня кандыдатуры прэзыдэнтам.​

Палата прадстаўнікоў, згодна з Канстытуцыяй, мае права не прыняць кандыдатуру перад прызначэньнем. Калі яна адхіляе двойчы, прэзыдэнт мае права прызначыць выканаўцу абавязкаў прэм’ера, распусьціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць датэрміновыя выбары.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) зьвярталася ў Палату прадстаўнікоў з пытаньнем наконт законнасьці прызначэньня Румаса бяз згоды Палаты прадстаўнікоў — старшыня партыі Ігар Барысаў адзначыў парушэньне адразу трох артыкулаў Канстытуцыі: арт. 84, ч.4 арт. 97 і пятага абзацу арт. 106.

На гэта намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Дзьмітры Гобараў адказаў, што «Канстытуцыя не прадугледжвае абавязковасьці папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў на прызначэньне прэм'ер-міністра кіраўніком дзяржавы».

Барысаў зьдзівіўся: што ж будзе, калі Лукашэнка прызначыць прэм’ера, а пасьля Палата прадстаўнікоў ня дасьць згоды? Адказу на гэтае пытаньне няма. Такім жа чынам, як цяпер Румаса, у 2014 годзе Лукашэнка прызначаў і папярэдняга прэм’ера, Андрэя Кабякова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG