Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў. Нарэшце зьявіўся міністар энэргетыкі, пасада якога была вакантная 4 месяцы. Таксама ўхваленая кандыдатура міністра фінансаў.
Як паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба, Міністэрства энэргетыкі ўзначаліў Віктар Каранкевіч. Яму 42 гады, родам з Кіраўску Магілёўскай вобласьці. Ён і дагэтуль працаваў у ведамстве, апошняя пасада — першы намесьнік міністра. Каранкевіч не публічная асоба, нейкіх заяваў зь яго боку не гучала.
Ягоны папярэднік Уладзімер Патупчык сёлета ў траўні быў выпраўлены ў адстаўку пасьля таго, як Камітэт дзяржбясьпекі абвінаваціў чыноўніка ў лабіяваньні «сямейнага бізнэсу» — прыкрываў пастаўкі будаўнічых матэрыялаў па завышаных коштах.
Міністрам фінансаў прызначаны Максім Ермаловіч. Яму 41 год, нарадзіўся ў Лепелі на Віцебшчыне. Раней у гэтым жа ведамстве працаваў першым намесьнікам міністра. Экс-міністар Уладзімер Амарын, адрозна ад Уладзімера Патупчыка, заслужыў пахвалы ад Лукашэнкі, які заявіў, што такі спэцыяліст «зьнікнуць не павінен».
На пачатку кар’еры Ермаловіч займаў розныя пасады ў Дзяржаўным падатковым камітэце Беларусі, апошнія паўтара дзясятка гадоў — у Міністэрстве фінансаў, дзе пачынаў кансультантам упраўленьня аналізу і плянаваньня даходаў бюджэту. Даволі часта зьяўляўся перад журналістамі, асабліва падчас пэрманэнтных фінансавых крызісаў.
Ермаловіч — адзін зь нямногіх міністраў, хто вядзе акаўнты ў сацыяльных сетках.
Паводле БелаПАН, прэм’ер-міністар Сяргей Румас адзначыў, што перад Ермаловічам паставілі наступныя задачы:
- праца над праектам бюджэту на 2019 год;
- дапрацоўкай падатковага кодэксу;
- пытаньні зьнешняга доўгу і сацыяльных абавязкаў дзяржавы.