Былы старшы лейтэнант Павал Сукавенка расказаў у судзе пра сваё бачаньне сытуацыі ў роце.
Суд над Паўлам Сукавенкам і Артурам Вірбалам, якія камандавалі ротай Коржыча да ягонай сьмерці, пачаўся 1 кастрычніка. Пацярпелымі на гэтым працэсе прызналі сямёра сяржантаў, абвінавачанымі — былога старшага лейтэнанта і прапаршчыка. Абодвух абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай альбо бязьдзеяньні ўлады. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае за гэтае злачынства да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Артура Вірбала дапыталі напярэдадні, 3 кастрычніка. Ён цалкам прызнаў сваю віну, хоць і прызнаўся, што ня памятае большасьці інкрымінаваных яму эпізодаў зьбіваньня падначалены альбо прымусу іх да выкананьня фізычных практыкаваньняў.
Допыт Паўла Сукавенкі пачаўся ранкам 4 кастрычніка. Былы старшы лейтэнант гаварыў каля 15 хвілін, затым свае пытаньні яму задалі пракурор і судзьдзя.
«У сярэднім штомесяц я забіраў каля аднаго рубля з заробку кожнага салдата, часам капейкі, — сказаў Сукавенка. — У мяне проста не было рэшты. Грошы, якія трэба было выдаваць сяржантам падчас звальненьняў, я не выдаваў таму, што так было прынята ў частцы. Гэтыя грошы ішлі на патрэбы часткі. Сяржанты пра гэта ведалі і не пратэставалі. Я ня ведаю, чаму яны цяпер гэта адмаўляюць. Усе ведалі, куды ідуць гэтыя грошы. Прынтэры запраўлялі, куплялі бэнзін для бэнзакасы, яшчэ нешта».
Сукавенка заявіў, што прызнае сваю віну ў тым, што недадаваў салдатам і сяржантам частку грошай (штомесяц кожны шараговец атрымліваў каля 9 рублёў, сяржант — каля 15. — РС). І гатовы кампэнсаваць пацярпелым тыя сумы, якія яны назавуць.
«Прызнаю сваю віну ў тым, што атрымліваў ад падначаленых прадукты, — працягнуў расказваць пра свае ўчынкі Павал Сукавенка. — Каву, цыгарэты. Таксама гатовы кампэнсаваць усе страты. Прызнаю сябе вінаватым і раскайваюся ў гэтым.
Што датычыць фізычных практыкаваньняў, адцісканьняў, удараў драўлянай палкай — я памятаю ня ўсе названыя ў матэрыялах справы выпадкі. Але прызнаю, што гэта магло быць. Каму менавіта наносіў удары палкай (гаворка пра ўдары адмысловай драўлянай палкай па ягадзіцах, якія выкарыстоўваліся ў якасьці пакараньня за дапушчаныя сяржантамі парушэньні. — РС), я ня памятаю, але гэта было.
Гэта не выкарыстоўвалася мной як мера пакараньня. Не для таго, каб прычыніць маральныя перажываньні альбо фізычны боль. У той момант гэта больш было падобна на сьмешную сытуацыю. Усе ўсьміхаліся і сьмяяліся».
Даючы суду паказаньні, Павал Сукавенка падкрэсьліў, што загады стаць ва ўпор лежачы і ўдары палкай па ягадзіцах выкарыстоўваліся для наладжваньня дысцыпліны, а не для таго, каб узвысіцца альбо «задаволіць свае нізкія схільнасьці і падтрымаць такім чынам свой аўтарытэт».
«Я ўмеў і мог навесьці парадак, але толькі ў сваім невялікім падразьдзяленьні, — сказаў Сукавенка. — Не ва ўсіх Узброеных сілах. Усе мае дзеяньні сяржанты маглі абскардзіць, але не зрабілі гэтага. Я раскайваюся ў тым, што зрабіў. Гатовы панесьці пакараньне».
Паслухаць паказаньні былога афіцэра Паўла Сукавенкі прышлі каля 15 курсантаў Вайсковай акадэміі, якую абвінавачаны скончыў у 2015 годзе. З шэрагаў Узброеных сіл Сукавенка быў звольнены 13 кастрычніка 2017 году, неўзабаве пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча і перад самым затрыманьнем супрацоўнікамі КДБ.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.