Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум аб новай назьве Македоніі: вялікая падтрымка, але правал


На рэфэрэндуме аб новай назьве Македоніі гэтую зьмену падтрымалі больш за 90% удзельнікаў, але сам рэфэрэндум лічыцца нядзейсным, сьведчаць вынікі Дзяржаўнай выбарчай камісіі па выніках падліку галасоў з 98,61% участкаў.

За падтрымку зьмены назвы краіны на гэты час прагаласавалі 91,48 адсотка ўдзельнікаў, супраць былі 5,64 адсотка. Але яўка склала толькі 36,87 адсотка; для таго, каб рэфэрэндум быў прызнаны дзейсным, у ім павінны ўзяць удзел ня менш за 50 % ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў. Старшыня Дзяржаўнага выбарчага камітэту Олівэр Дэркаскі ўжо заявіў: «Відавочна, што на гэтым рэфэрэндуме рашэньне не прынятае».

Навошта быў патрэбны рэфэрэндум

На рэфэрэндум было вынесена пытаньне: «Вы падтрымліваеце сяброўства ў ЭЗ і NATO, прымаючы Дамову паміж Рэспублікай Македоніяй і Грэцкай Рэспублікай?» Гэтая дамова, заключаная ў чэрвені, прадугледжвае зьмену назвы дзяржавы на Паўночную Македонію, пасьля чаго Грэцыя абяцае разблякаваць ужо падрыхтаванае ўступленьне краіны ў NATO і перамовы аб яе ўступленьні ў Эўрапейскі зьвяз.

Для таго, каб гэтая дамова ўступіла ў сілу, незалежна ад вынікаў рэфэрэндуму, парлямэнт Македоніі павінен унесьці зьмены аб яе назьве ў Канстытуцыю краіны прынамсі дзьвюма трацінамі галасоў заканадаўцаў.

Рэфэрэндум меў статус кансультацыйнага і ня цягне за сабой прамых юрыдычных наступстваў. Але дэпутаты парлямэнту заяўлялі, што будуць паважаць яго вынікі. Правал рэфэрэндуму азначае, што апазыцыя будзе адчуваць сябе свабоднай у сваім галасаваньні.

У парлямэнце Македоніі 71 заканадавец з 120 гатовы прагаласаваць за зьмену; мінімальна неабходныя дзьве траціны складаюць 80 галасоў. 49 месцаў апазыцыі дастаткова, каб заблякаваць канстытуцыйную зьмену.

Вынік рэфэрэндуму выклікаў супярэчлівыя водгукі і ў Македоніі, і ў Грэцыі

Прэм’ер-міністар Македоніі, сацыяліст Зоран Заеў заявіў, што ўсё роўна будзе дамагацца галасаваньня ў парлямэнце аб зьмене Канстытуцыі. У некалькіх вячэрніх выступах ён казаў пра тое, што «трэба паважаць галасы тых, хто выступіў за зьмену», але ня згадваў пра яўку. Ён таксама выказваў рашучасьць «прывесьці Македонію ў Эўрапейскі зьвяз і NATO».

Затое нацыянальна-кансэрватыўная апазыцыя заяўляе, што «дамова з Грэцыяй не атрымала падтрымкі народу».

У Грэцыі заявілі, што прынялі да ўвагі «супярэчлівыя» вынікі македонскай рэфэрэндуму. Як гаворыцца ў заяве МЗС Грэцыі, вынік галасаваньня патрабуе ўзважаных крокаў, каб «захаваць пазытыўны патэнцыял» дамовы паміж дзьвюма дзяржавамі. Але міністар абароны Грэцыі, правы папуліст Камэнас, напісаў у твітэры, склаўшы галасы «супраць» з тымі, хто не прыйшоў на рэфэрэндум: «68 адсоткаў народу адмянілі дагавор».

Зьмена назвы краіны, нават дзеля разблякаваньня яе ўступленьня ў NATO і ЭЗ, успрымаецца ў Македоніі неадназначна. Рэзка супраць пагадненьня з Грэцыяй, якое заключыў урад на чале з сацыялістамі, выступае цяперашняя нацыянальна-кансэрватыўная апазыцыя. Яе аднадумец, прэзыдэнт Македоніі Гёрґе Іванаў, называе зьмена назвы краіны шкоднай, антыканстытуцыйнай і злачыннай і падкрэсьлівае, што яна сама па сабе ня дасьць аўтаматычнага сяброўства ў ЭЗ і NATO. Але і ў Грэцыі ёсьць сілы, якія выступаюць супраць, лічачы зьмену з Македоніі на Паўночную Македонію недастатковай.

Афіны не прызнаюць назвы краіны «Македонія», таму што гэтаксама называецца традыцыйны рэгіён на поўначы Грэцыі; у Афінах заяўляюць, што такая ж назва паўночнага суседа, маўляў, зьмяшчае ў сабе тэрытарыяльную прэтэнзію Скоп’я на поўнач Грэцыі.

Абвінавачаньні на адрас Расеі за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў

Напярэдадні рэфэрэндуму таксама гучалі абвінавачаньні ў адрас Расеі ў тым, што яна фактычна ўмешвалася ў перадрэфэрэндумны працэс, каб падтрымаць агітацыю супраць дамовы з Грэцыяй ці за байкот рэфэрэндуму, каб ён быў нядзейсны. Масква адмаўляла іх.

Расея выступае рэзка супраць любой магчымасьці пашырэньня Паўночнаатлянтычнага саюзу; таксама вядома, што ў папярэднія гады Масква шматкроць умешвалася ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў — як, па зьвестках спэцслужбаў ЗША, было на прэзыдэнцкіх выбарах у гэтай краіне ў 2016 годзе. Таксама Расею абвінавачваюць у спробе дзяржаўнага перавароту ў іншай балканскай краіне, Чарнагорыі, восеньню 2016 году, з мэтай сарваць заплянаванае ўступленьне гэтай краіны ў NATO (пасьля правалу спробы краіна стала сябрам зьвязу летам 2017 году).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG