Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У македонскім інтэрнэце ідзе вайна фэйкаў за байкот рэфэрэндуму аб зьмене назвы краіны


Пратэст супраць зьмены назвы краіны ў Скоп’i ў чэрвені 2018
Пратэст супраць зьмены назвы краіны ў Скоп’i ў чэрвені 2018

Мяркуецца, што ў македонскім сэктары Фэйсбуку штодня ўзьнікаюць каля 40 фэйкавых профіляў, адзіная мэта якіх — заклікаць да байкоту рэфэрэндуму аб зьмене назвы краіны на Паўночную Македонію, назначанага на 30 верасьня.

Паводле македонскага закону, рэфэрэндум становіцца легітымным толькі ў выпадку ўдзелу ў ім ня менш чым 50% з 1,8 мільёна выбарцаў краіны. Такім чынам, як лічаць назіральнікі палітычнага жыцьця ў Македоніі, кампанія за байкот рэфэрэндуму можа быць вельмі эфэктыўным шляхам сарваць галасаваньне, якое можа адчыніць краіне дарогу да сяброўства ў NATO і Эўразьвязе.

Рэфэрэндум у Македоніі адбудзецца паводле дамовы з суседняй Грэцыяй, каб скончыць спрэчку пра назву краіны, якая цягнецца ад 1991 году, калі былая югаслаўская рэспубліка стала незалежнай і прыняла назву Рэспубліка Македонія.

Паўночную Македонію возьмуць у ЭЗ і NATO

Грэцыя выступае супраць назвы Македонія, лічачы, што рэгіён Македонія можа быць толькі адзін — на тэрыторыі Грэцыі. Паводле папярэдніх дамоўленасьцяў паміж дзьвюма краінамі і Эўразьвязам, у абмен на зьмену назвы Грэцыя перастане блякаваць ў ЭЗ і NATO рашэньне аб далучэньні Македоніі да абодвух альянсаў.

Праблема зьмены назвы краіны настолькі вострая для македонцаў, што новая назва — Паўночная Македонія — нават ня згадваецца ў пытаньні рэфэрэндуму, каб лішне не вярэдзіць грамадзкіх настрояў. Македонцам проста прапануецца прагаласаваць «так» за пагадненьне Македоніі з Эўразьвязам і Грэцыяй.

У сувязі з інтэрнэтнай кампаніяй за байкот рэфэрэндуму 30 верасьня ў Македоніі, палітычныя назіральнікі згадваюць прэзыдэнцкую кампанію 2016 году ў ЗША, калі ў македонскім сэктары інтэрнэту раптам зьявілася мноства фэйкавых сайтаў, якія пачалі пашыраць дэзінфармацыі адносна амэрыканскіх выбараў.

Фэйкавыя навіны - папулярны македонскі бізнэс

У 2016-м, як мяркуецца, галоўнай прычынай узьнікненьня такіх фэйкавых сайтаў у Македоніі была фінансавая. Вялікі трафік на такіх сайтах даваў іхнім уладальнікам прыбытак з інтэрнэтнай рэклямы.

У 2018-м, як думаюць некаторыя, за ўзьнікненьнем такіх сайтаў стаяць апанэнты ўступленьня Македоніі ў NATO і Эўразьвяз. У гэтым кантэксьце называецца і Расея. Міністар абароны ЗША Джым Матыс перад сваім візытам у Скоп’е 17 верасьня сказаў, што Расея спрабуе ўжыць свой уплыў і фінансы, каб падтрымаць апанэнтаў цяперашняга рэфэрэндуму ў Македоніі. Пакуль што знайсьці наўпроставаю сувязь паміж расейскімі фінансамі ці ўплывам і македонскай апазыцыяй, якая ня хоча зьмены назвы краіны, не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG