Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс паведаміў 11 верасьня, што ён наведае Македонію напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене назвы краіны, які адбудзецца 30 верасьня. Мэтыс выказаў асьцярогу наконт магчымага ўмяшаньня Масквы ў ход галасаваньня ў Македоніі.
У чэрвені ўрад Македоніі дамовіўся з уладамі Грэцыі аб зьмене назвы рэспублікі на Паўночную Македонію. У гэтым выпадку Грэцыя ня будзе выступаць супраць уваходжаньня суседняй краіны ў склад NATO і Эўрапейскага зьвязу.
«Я занепакоены гэтым. Тыя дзеяньні, якія Расея ўжо практыкавала ў шмат якіх краінах, ад Эстоніі да Злучаных Штатаў, ад Украіны і цяпер да Македоніі — у кожнай асобнай сытуацыі яна адаптавала сваю тактыку і заўсёды рабіла гэта па-за ўсялякімі маральнымі прынцыпамі», — сказаў Мэтыс журналістам.
Візыт міністра абароны ЗША ў балканскую рэспубліку заплянаваны на канец гэтага тыдня. Мэтыс падкрэсьліў, што ЗША падтрымліваюць жыхароў Македоніі. NATO запрасіла Скоп'е пачаць перамовы аб уваходжаньні ў альянс, аднак перш, чым гэта здарыцца, у канстытуцыю краіны павінны быць унесеныя зьмяненьні аб зьмене назвы.
У Эўразьвязе таксама запэўнілі, што перамовы аб уключэньні краіны ў склад Эўрапейскай супольнасьці пачнуцца ў залежнасьці ад выніку рэфэрэндуму аб перайменаваньні рэспублікі.
Амбасадар Расеі ў Македоніі раскрытыкаваў плян рэспублікі аб уваходжаньні ў NATO, заявіўшы, што краіна стане адной з «законных мэтаў для нанясеньня ўдару» ў выпадку далейшага пагаршэньня стасункаў паміж Расеяй і заходнім вайсковым альянсам.
Супраць перайменаваньня краіны таксама выступаюць македонскія нацыяналісты, уключаючы прэзыдэнта Македоніі Георге Іванова.
У ліпені ўлады Грэцыі выслалі з краіны дваіх расейскіх дыпляматаў і забаранілі двум іншым супрацоўнікам дыпмісіі ўезд у краіну. Іх абвінавацілі ў падбухторваньні насельніцтва да хваляваньняў і подкупе неназваных чыноўнікаў для таго, каб перашкодзіць заключэньню пагадненьня з Македоніяй. У Маскве гэтыя абвінавачаньні абверглі і ў адказ выслалі з Расеі дваіх супрацоўнікаў грэцкай амбасады.