Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі Ваўка ні кармі... Чаму Аляксандар Лукашэнка праяўляе літасьць да апальных чыноўнікаў


Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб ходзе выканананьня даручэньняў па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну 14 жніўня
Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб ходзе выканананьня даручэньняў па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну 14 жніўня

Такім чынам, гара нарадзіла мыш, зь вялікай хмары атрымаўся малы дождж. Былы міністар прамысловасьці Віталь Воўк замест абяцанай Лукашэнкам турмы прызначаны памочнікам прэзыдэнта — інспэктарам па Віцебскай вобласьці.

А як пагрозьліва для лёсу Віталя Ваўка ўсё пачыналася! Нагадаю, што 14 жніўня на нарадзе аб ходзе выкананьня даручэньняў па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну Аляксандар Лукашэнка загадаў: «Ваўка, Чорнага (міністра архітэктуры і будаўніцтва. — Аўт.) неадкладна накіраваць у адстаўку». Далей кіраўнік дзяржавы, размаўляючы з дырэктарам Аршанскага інструмэнтальнага заводу, казаў пра Ваўка: «Хутчэй за ўсё, міністра сюды накіруем да цябе працаваць. У яго выбар адзін: альбо турма, альбо сюды — публічна пра гэта кажу».

І вось цяпер высьветлілася, што Лукашэнка перадумаў. Віталь Воўк трапіў не ў турму, а атрымаў новую важную пасаду. Паводле Лукашэнкі, «пасада памочніка прыраўнаваная да міністра, а паўнамоцтвы інспэктара — яшчэ вышэйшыя, бо тычацца кадравых пытаньняў». То бок атрымліваецца, што Воўк пайшоў на падвышэньне.

Такія выпадкі, калі кіраўнік дзяржавы не выконвае свае пагрозы адносна лёсу чыноўнікаў, якія праштрафіліся, здараюцца ня першы раз. Нагадаю толькі адну падобную гісторыю. У 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка, прыехаўшы на завод «Барысаўдрэў», быў моцна раззлаваны тым, як адбываецца яго мадэрнізацыя, і ўчыніў разнос. Кіраўніка Менскай вобласьці Барыса Батуру ён панізіў да дырэктара прадпрыемства «Барысаўдрэў». Пры гэтым Лукашэнка папярэдзіў: «Калі праз тры дні ня выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут ня здолее да вясны — завесьці крымінальную справу». Але ўсё скончылася тым, што Батуру зьнялі з пасады і адправілі на пэнсію.

Калі б усе Лукашэнкавы пагрозы турмой рэалізоўваліся, то ўжо колькі складаў ураду сядзела б за кратамі! Жорсткасьць рыторыкі адносна высокіх чыноўнікаў нэўтралізуецца мяккасьцю пакараньня.

Паглядзіце, колькі выпадкаў, калі кіраўнікі, атрымаўшыя судовыя прысуды за карупцыю, былі амніставаныя Лукашэнкам, вызваленыя ад пакараньня, нават прызначаныя на новыя пасады. Былы старшыя канцэрну «Белнафтахім» Аляксандар Бароўскі быў асуджаны на пяць гадоў, адседзеў паўтара года, а пазьней Лукашэнка прызначыў яго гендырэктарам МАЗу. Вось толькі апошнія выпадкі. Хутка былі вызваленыя з-за кратаў былы старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі, былы выканаўчы дырэктар Беларусбанку Анатоль Багавік, былы намесьнік генэральнага пракурора Аляксандар Архіпаў і інш.

Чаму, кажучы словамі паэта, такая «милость к падшим»? Думаю, тут існуе некалькі прычын.

Па-першае, ня трэба блытаць спэктакль для публікі з рэальнай палітыкай. Разнос у Воршы павінен быў чарговым разам падмацаваць вобраз «крутога» цара, які б’е палкай свавольных баяр, растлумачыць народу, чаму ён памяняў урад. Спэктакль скончыўся, на палітычную сцэну апушчана заслона, цяпер можна вяртацца да рэальнасьці.

Па-другое, права, магчымасьць караць і мілаваць — найвышэйшая асалода ўлады. Адчуваньне таго, што лёсы людзей залежаць ад твайго гневу ці міласьці, — сутнасьць уладнага наркотыка. Маўляў, магу так, а магу і гэтак, бо такі мой цяпер нораў.

Па-трэцяе, ва ўмовах рэжыму асабістай улады трэба захоўваць у адносінах да намэнклятуры пэўны балянс. З аднаго боку, патрэбны пастаянныя рэпрэсіі супраць чыноўнікаў, бо інакш яны перастануць баяцца, выйдуць з-пад кантролю. Зь іншага боку, нельга перагнуць кій, бо ляяльнасьць намэнклятуры — гэта аснова панаваньня існага рэжыму. І калі моцна закручваць гайкі, то можна сарваць разьбу. Калі чыноўнікам няма чаго траціць, то можа здарыцца намэнклятурны бунт.

Па-чацьвёртае, думаю, у Лукашэнкі існуе «сындром Казуліна». Нагадаю, што ў 2003 годзе Аляксандар Казулін быў вызвалены з пасады рэктара БДУ і адносна яго была распачата крымінальная справа. Аказаўшыся свабодным ад абавязаньняў перад кіраўніком дзяржавы, Аляксандар Уладзіслававіч пайшоў у апазыцыйную палітыку і ў 2006 годзе балятаваўся на пасаду прэзыдэнта. Быў вялікі скандал, супраць Казуліна давялося прымяняць сілу, садзіць у турму. Нешта падобнае адбылося і з былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым.

То бок заўсёды існуе перасьцярога, што ў апальнага чыноўніка раптам забушуюць амбіцыі і ён пусьціцца ва ўсе цяжкія, раптам пойдзе на прэзыдэнцкія выбары. А былы міністар у статусе кандыдата — гэта вам ня нейкі апазыцыянэр без кіроўнага досьведу ці сьмешны казачок, гэта сур’ёзна. І яшчэ невядома, як на гэта адрэагуе намэнклятура. А выбары хутка. Таму Лукашэнку трэба быць асьцярожным, каб уласнымі рукамі не стварыць сабе канкурэнта. Бо колькі ваўка ні кармі, ён у свой уласны лес глядзіць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG