Былы намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксандар Архіпаў быў прызначаны намесьнікам генэральнага дырэктара менскай кампаніі «БелАсэптыка», піша Tut.by.
1 чэрвеня Архіпаў сышоў з пасады кіраўніка калгасу «Пятровічы» ў Смалявіцкім раёне, куды быў прызначаны ў студзені 2016 году пасьля памілаваньня па карупцыйнай справе. Сам Архіпаў аб звальненьні з калгасу казаў так: «Мне проста сказалі, што я вольны, вось і ўсё».
Архіпаў быў звольнены з пракуратуры 4 лістапада 2013 году, летам 2014 году яму на закрытым працэсе прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за атрыманьне хабару і перавышэньне службовых паўнамоцтваў.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Архіпаў «за залаты зьлітак і бутэльку каньяку» спрабаваў «замяць» справу супраць сына бізнэсоўца — той ехаў на матацыкле п’яным і насьмерць зьбіў 24-гадовую жанчыну. Акрамя Лукашэнкі, дэталяў працэсу ніхто не раскрываў да прысуду — тады выявілася, што зьлітак важыў 20 грамаў.
«БелАсэптыка», якую цяпер узначаліў Архіпаў, вырабляе антысэптычныя сродкі і сродкі дэзынфэкцыі, а таксама мыйныя сродкі для ўстановаў аховы здароўя, адукацыі, прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці і сельскай гаспадаркі.
Практыка памілаваньня чыноўнікаў, асуджаных за карупцыю, у Беларусі даўняя. У прэзыдэнцкай адміністрацыі, спасылаючыся на службовую таямніцу, адмовіліся паведаміць поўны сьпіс былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам і працаўладкаваныя.