Былы дырэктар Аршанскага авіярамонтнага і Аршанскага інструмэнтальнага заводаў Уладзімер Троіцкі напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім заявіў, што яго зрабілі «стрэлачнікам», піша Tut.by.
У лютым 2018 году суд Талачынскага раёну прысудзіў Уладзімеру Троіцкаму 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». Паводле суду, Троіцкі ў 2011–2013 гадах учыніў шкоду на больш як 25 тысяч рублёў авіярамонтнаму заводу, які ўзначальваў з 2002-га, завысіўшы на гэтую суму кошт будаўніцтва ахоўнага пэрымэтру аэрадрому.
Ягоныя абаронцы тады настойвалі, што ў працэсе не было доказаў атрыманьня выгады Троіцкім, а акт здачы-прыёму работ падпісаў ня ён, а ягоны намесьнік, на паказаньнях якога грунтавалася абвінавачваньне супраць Троіцкага.
Троіцкі ў адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі сьцьвярджае, што:
- У 2014 годзе неаднаразова агучваў акцыянэрам авіярамонтнага заводу думкі аб тым, што прадпрыемства на мяжы банкруцтва і што патрэбна больш жорсткая эканамічная палітыка.
- Акцыянэры вырашылі яго звольніць. Ліст у яго абарону падпісалі 400 работнікаў заводу. Гэты ліст на агульным сходзе зьнішчылі, прыгразіўшы падпісантам пазбаўленьнем працы.
- Цягам трох гадоў акцыянэры чынілі на яго ганеньні, «хацелі пасадзіць любым спосабам», было 16 заяваў на завядзеньне крымінальных справаў.
- З 2015-га па 2018 год, пасьля ягонага звальненьня, на заводзе зьмяніліся 6 дырэктараў, а колькасьць работнікаў зьменшылася ў разы.
- Калі Троіцкі у 2016 годзе ўзначаліў Аршанскі інструмэнтальны завод, гісторыя паўтарылася: ён склаў бізнэс-плян мадэрнізацыі састарэлай вытворчасьці, а кіраўніцтва паспрабавала абвінаваціць яго ў праблемах прадпрыемства «за сьмелыя выказваньні і рашучыя дзеяньні».
«У час вашага наведваньня аршанскіх заводаў усе факты выкрыліся», — піша Лукашэнку Троіцкі.
Ён дадае, што «гатовы даказаць, што прынясе больш карысьці свайму народу па-за межамі калючага дроту» і «гатовы змагацца за свой край», а таксама адзначае, што «яшчэ ў пашпарце савецкага ўзору, калі была свабода выбару нацыянальнасьці, з гонарам пісаў „беларус“».
Менавіта ў час візыту на аршанскія заводы Лукашэнка раскрытыкаваў працу органаў улады, пагражаў міністру прамысловасьці (ужо былому) пераводам на працу на завод, на наступны дзень накрычаў на ўрад, абвінаваціўшы яго ў «пафігічным стаўленьні да даручэньняў прэзыдэнта», на наступным пасьля таго тыдні зьмяніў вярхі ўраду.