Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкавае забойства старшыні аблвыканкаму


У Горадні застрэлілі абласнога галаву. Ні раней, ні пазьней нічога падобнага не здаралася. Гэта адбылося 20 верасьня 1993-га.

Афіцыйныя СМІ перадалі толькі, што ў Горадні адбылося жорсткае забойства чыноўніка высокага рангу, не называючы яго. Я перадаў на Радыё Свабода больш канкрэтныя зьвесткі. Можна сказаць, гэта было журналісцкай удачай.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Лукашэнка абяцаў у Горадні, што калі стане прэзыдэнтам, то ўсё высьветліць і раскажа. Не расказаў.

Аднак — хто і чаму забіў Дзьмітрыя Арцыменю — дагэтуль яснасьці не існуе. Самыя гучныя забойствы застаюцца нераскрытымі. Прынамсі нам і праз дваццаць пяць гадоў невядома — хто замовіў і хто выканаў. І за што канкрэтна? Дэпутат Вярхоўнага Савету Лукашэнка абяцаў у Горадні, што калі стане прэзыдэнтам, то ўсё высьветліць і раскажа. Не расказаў.

Нельга сьцьвярджаць, зрэшты, што людзі вельмі перажывалі за саму ахвяру, чыноўнікаў звычайна ня любяць. Але падзея была гучнай, гвалтоўнай, загадкавай. Амаль як гібель Машэрава. Толькі з сапраўдным кілерам, які зь месца здарэньня ўдала зьнік, ніхто яго ня бачыў.

Усё адбылося хутка як у кіно. Чалавек вярнуўся з дачы і быў забіты ў весьніцах свайго гарадзкога асабняка стрэламі ззаду. Газэты напісалі, што ў службовым сэйфе была знойдзеная вялікая сума грошай у валюце, для звычайнага чытача амаль астранамічная пры заробках нярэдка ў пяць-дзесяць даляраў.

Дэпутат ВС і рэдактар «Свабоды» Ігар Гермянчук
Дэпутат ВС і рэдактар «Свабоды» Ігар Гермянчук

Адразу пасьля гэтага выйшла газэта «Свабода» з разгорнутым паведамленьнем пра Арцыменю і тое, што яго напаткала. «Прычынай сьмерці мог быць жоўты фосфар», — не зусім прыязна напісаў Мікола Грынявіцкі. Гэта быў псэўданім самога рэдактара Ігара Герменчука.

Чорным шрыфтам: «Мы атрымалі надзейныя зьвесткі, што старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Арцыменя незадоўга да сваёй трагічнай сьмерці рабіў захады, каб атрымаць дазвол на экспарт жоўтага фосфару». Далей тлумачыцца, што на мяжы быў спынены эшалён з гэтай сыравінай. Каштавала яна ня менш за адзін мільён даляраў. Каму належаў фосфар, адкуль і куды ішоў — нічога высьветліць не ўдалося. Гэта быў расейскі фосфар.

«Адзін наш высокапастаўлены Шэрлак Холмс» адразу сказаў у прыватнай гутарцы, што «забойцаў» ня знойдуць.

Аўтар пісаў, што «адзін наш высокапастаўлены Шэрлак Холмс» адразу сказаў у прыватнай гутарцы, што «забойцаў» ня знойдуць. Так і выйшла. Паявілася затым таксама іншая вэрсія: што справа была ў каляровых мэталах, якія з Расеі праўдамі і няпраўдамі ў вялікай колькасьці вывозілі за мяжу, у тым ліку празь Беларусь. І такія грузы таксама, бывала, арыштоўваліся ў Гарадзенскай вобласьці. Больш за тое: гаварылася, што быццам бы напярэдадні забойства быў званок зь Піцера ад самога Сабчака, прынамсі зь ягонай адміністрацыі. І абласны галава быў мякка папярэджаны, што ня варта ўпарціцца і перашкаджаць «новым рускім» рабіць бізнэс.

Пасьля выхаду дакумэнтальнага фільма пра Сабчака, які зрабіла нядаўна ягоная дачка Ксенія, журналістка, увагу расейскіх СМІ прыцягнула роля цяперашняга прэзыдэнта Пуціна, які займаўся рознымі фінансавымі справамі ў адміністрацыі піцерскага галавы. Некаторыя апэрацыі выглядаюць з адлегласьці часу сумнеўна, пісалі яны.

Ігар Гермянчук далей расказаў чытачам, што Арцыменя перад тым судзіўся з газэтай «Свабода» і нават было прынятае рашэньне яму на судовыя выдаткі спагнаць з рэдакцыі пяць тысяч рублёў. Газэта напісала, што ён прыватызаваў свой асабняк за чатырнаццаць тысяч, што аказалася праўдзівай лічбай. Але суд заўсёды на баку начальства, у чым рэдакцыя будзе мець магчымасьць пераканацца яшчэ ня раз.

Артыкул пра забойства Дзьмітрыя Арцымені ў газэце «Свабода»
Артыкул пра забойства Дзьмітрыя Арцымені ў газэце «Свабода»

Гермянчук напісаў тады яшчэ нямала цікавага пра былога гарадзенскага начальніка, аб чым не паведамляла дзяржаўная прэса. «Свабода» была газэтай новага часу, вось толькі час гэты вельмі хутка закончыцца… Дык хто і за што замовіў і хто зьдзейсьніў забойства Арцымені? — гэтай таямніцы сёлета спаўняецца 25 гадоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG