Камісія ракетна-касьмічнай карпарацыі «Энэргія» прыйшла да высновы, што дзірка ў касьмічным караблі «Саюз» была прасьвідраваная на Зямлі — у паўгадавы прамежак паміж яго выхадам з завадзкога цэху і запускам на арбіту. Пра гэта паведамляе агенцтва «Новости» са спасылкай на прадстаўнікоў прадпрыемства. У той жа час яны мяркуюць, што дзірка не магла зьявіцца на этапе зборкі.
У гутарцы з агенцтвам «Интерфакс» прадстаўнікі ў «Энэргіі» заявілі, што ў выніку ўнутранага расьсьледаваньня не знайшлі сыстэмных праблем на вытворчасьці, аднак выявілі нізкі ўзровень кампэтэнцыі асобных супрацоўнікаў, празь якіх меркавана адбылася хіба пры вытворчасьці канкрэтнага карабля «Саюз». Паведамляецца, што на мінулым тыдні да работнікаў прадпрыемства былі ўжытыя меры адміністрацыйнага ўзьдзеяньня. Прынамсі адзін спэцыяліст «Энэргіі» звольніўся па ўласным жаданьні.
Выцек паветра на Міжнароднай касьмічнай станцыі быў знойдзены ў ноч на 30 жніўня. Экіпаж высьветліў, што прычынай стала мікратрэшчына ў адсеку касьмічнага карабля «Саюз». Пазьней расейскія касманаўты загермэтызавалі расколіну.
Расейская газэта «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы пісала, што спэцыяльная камісія дзяржаўнай карпарацыі «Роскосмос» разглядае вэрсію, згодна з якой дзіркі ў «Саюзе» наўмысна прасьвідравалі амэрыканскія астранаўты, каб карабель датэрмінова адправілі на Зямлю праз хваробу іх калегі. Камандзір 56-й экспэдыцыі на МКС амэрыканец Эндру Ф’юстэл адхіліў любыя вэрсіі аб датычнасьці астранаўтаў да пашкоджаньня корпуса.