Часовым кіраўніком гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі прызначаны старшыня яе «народнага савету» Дзяніс Пушылін.
Такое рашэньне 7 верасьня прыняў Народны савет «ДНР», паведамляюць расейскія інфармацыйныя агенцтвы.
Раней у пракуратуры самаабвешчанай рэспублікі назвалі незаконным прызначэньне Дзьмітрыя Трапезьнікава выконваючым абавязкі кіраўніка «ДНР» пасьля забойства на мінулым тыдні лідэра сэпаратыстаў Аляксандра Захарчанкі.
Кіеўскі тэлеканал ТСН са спасылкай на Службу бясьпекі Ўкраіны сёньня паведаміў, што «ДНР» пакінулі дарадцы забітага Захарчанкі, а таксама так званы міністар даходаў і збораў рэспублікі Аляксандр Цімафееў, які атрымаў раненьні пры замаху на кіраўніка сэпаратыстаў.
7 верасьня таксама стала вядома, што Народны савет «ДНР» прызначыў на 11 лістапада выбары кіраўніка самаабвешчанай рэспублікі. Гэта, як заўважаюць экспэрты, супярэчыць Мінскім пагадненьням, згодна зь якімі пытаньні мясцовых выбараў на тэрыторыі Данбасу, якая знаходзіцца пад кантролем сэпаратыстаў, павінны ўзгадняцца ў рамках Трохбаковай кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў Украіны і АБСЭ, а таксама праводзіцца па стандартах АБСЭ.
Аляксандр Захарчанка быў забіты 31 жніўня ў выніку выбуху ў кавярні «Сепар» у цэнтры Данецку. Яго пасаду пасьля гэтага часова заняў Дзьмітрый Трапезьнікаў. Расея абвінаваціла ў забойстве ўкраінскія спэцслужбы, Кіеў гэтыя абвінавачваньні абвяргае.
Дзяніс Пушылін пасьля захопу сэпаратыстамі ў красавіку 2014 году будынку Данецкай абласной адміністрацыі ужо ўзначальваў парлямэнт «ДНР», затым на нейкі час адышоў ад справаў, а з 2015 году зноў вярнуўся ў кіраўніцтва прарасейскіх сэпаратыстаў.