Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БПЦ выступіла супраць «агрэсіўнага ўмяшаньня» Канстантынопалю ва ўнутраныя справы РПЦ ва Ўкраіне


Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел

Сынод Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) выказаў пратэст супраць дзеяньняў Канстантынопальскага (Сусьветнага) патрыярхату, заявіўшы пра яго «агрэсіўнае ўмяшаньне» ва ўнутраныя справы Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) ва Ўкраіне. Адпаведная заява апублікаваная на афіцыйным партале БПЦ.

Такую рэакцыю выклікаў распачаты Канстантынопальскім патрыярхам Варфаламеем працэс наданьня аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Ўкраіне. Руская праваслаўная царква, экзархатам якой зьяўляецца БПЦ, лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, таму, калі Сусьветны патрыярхат вырашае падобныя пытаньні безь яе ўдзелу, яна ацэньвае гэта як умяшаньне ў свае ўнутраныя справы.

Сынод Беларускай праваслаўнай царквы пастанавіў «аднагалосна і аднадушна» падтрымаць пазыцыю РПЦ адносна прызначэньня двух прадстаўнікоў патрыярха Варфаламея ва Ўкраіну. (У заяве РПЦ ад 8 верасьня гэтае прызначэньне названа «найгрубейшай зьнявагай царкоўных канонаў» з боку Канстантынопальскага патрыярхату.) Дзеяньні Канстантынопальскага патрыярхату Сынод Беларускай праваслаўнай царквы назваў «агрэсіўным умяшаньнем адной памеснай царквы ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы, накіраваным на падрыў асноў міжправаслаўнага міру і адзінства».

Герархі БПЦ заклікалі духавенства і паству маліцца аб тым, каб гэтая сытуацыя была як найхутчэй улекавана і пераадолена, «аб настаўленьні на розум і пакаяньні тых, хто правакуе царкоўныя разлады і расколы», а таксама аб трываласьці Ўкраінскай праваслаўнай царквы і ўмацаваньні міру на зямлі Ўкраіны.

Яны выказалі «ўсебаковую падтрымку» мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Ануфрыю, а таксама духавенству і міранам Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату. — РС).

Сынод Беларускага экзархату заявіў «аб непарыўнай духоўнай еднасьці праваслаўных хрысьціян брацкіх народаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы».

Паводле дэпартамэнту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Міністэрства культуры Ўкраіны, у краіне зарэгістравана дзесяць праваслаўных арганізацый. Зь іх тры найбольш масавыя — Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (звыш 12 300 грамадаў), якая зьяўляецца часткай РПЦ, а таксама непрызнаныя Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (больш за 5100 грамадаў) і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква (амаль 1200 грамадаў).

У красавіку прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Канстантынопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў пра намер стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.

Аўтакефальная праваслаўная царква ў сучасным разуменьні — гэта памесная праваслаўная царква з замацаванай за ёю кананічнай тэрыторыяй, на якой не павінны дзейнічаць іншыя памесныя цэрквы. Гэты статус прадугледжвае яе адміністрацыйную незалежнасьць ад іншых памесных цэркваў.

7 верасьня стала вядома, што Канстантынопальскі патрыярхат прызначыў у Кіеў двух экзархаў «у рамках падрыхтоўкі да наданьня аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Ўкраіне».

10 верасьня мітрапаліт Гальскі Эмануіл (Адамакіс) пацьвердзіў у інтэрвію L’Agenzia Società per l’Informazione Religiosa, што рашэньне надаць аўтакефалію Ўкраінскай праваслаўнай царкве прынятае Канстантынопальскім патрыярхам Варфаламеем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG