Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд БСДГ. Намесьнік Шушкевіча — бізнэсовец і былы камуніст: «Я рызыковы хлопец»


Сяргей Чарачэнь
Сяргей Чарачэнь

9 верасьня ў Менску прайшоў VII зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Старшыня партыі Станіслаў Шушкевіч раней абвясьціў, што пакідае пасаду. Але зьезд прыняў рашэньне, што без старшыні, які трапіў у шпіталь, новага лідэра выбіраць некарэктна.

Актыўнай пазыцыяй на зьезьдзе вызначыўся 33-гадовы Сяргей Чарачэнь, адзін з намесьнікаў старшыні. На самым пачатку зьезду ён прапанаваў зьмяніць партыйную сымболіку, прыбраць зь лягатыпу кулак, які трымае сымбаль сацыял-дэмакратаў — ружу. А потым прапанаваў асноўныя кірункі ў працы партыі. Унутры БСДГ некаторыя мяркуюць, што менавіта ён можа ачоліць партыю пасьля Шушкевіча.

Хто такі Сяргей Чарачэнь?

Сяргей Чарачэнь — дырэктар ААТ «Мантаж Тэхніка». Нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі вучыўся, вёў шмат праектаў, са студэнцтва займаўся бізнэсам.

Мае грамадзянскую жонку (індывідуальную прадпрымальніцу, у якой свой вясельны салён), трохгадовую дачку, жыве зь імі і цешчай.

У 2016 годзе спрабаваў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў па 108-й Каліноўскай акрузе сталіцы. Аднак раённая выбарчая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што 32,1% подпісаў за ягонае вылучэньне аказаліся несапраўднымі. Дарэчы, калі вылучаўся ў дэпутаты (летам 2016 году), быў чальцом Камуністычнай партыі Беларусі. З КПБ выйшаў па ўласным жаданьні ў канцы 2017 году, уступіў у БСДГ і вельмі хутка быў выбраны намесьнікам старшыні.

Справаздачна-выбарчы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычай Грамады, 9 верасьня 2018 году
Справаздачна-выбарчы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычай Грамады, 9 верасьня 2018 году

Рашэньне перанесьці выбары лідэра партыі сасьпела падчас зьезду

— Сяргей, ці чакалі вы такога разьвіцьця падзеяў на зьезьдзе — пераносу выбараў старшыні партыі і намесьнікаў на другую сэсію зьезду? Гэта было заплянавана альбо гэта спантанная прапанова, якая нарадзілася ўжо падчас зьезду? Ці было гэта ўзгоднена зь кіраўніком БСДГ Станіславам Шушкевічам?

— Мы калегіяльна прынялі такое рашэньне на зьезьдзе, таму што мы ўсе мы зь вялікай павагай ставімся да лідэра нашай партыі і праводзіць сёньня выбары безь ягонага ўдзелу было б няправільна.

— Але спадар Шушкевіч напярэдадні зьезду, літаральна ў пятніцу, з бальнічнай палаты даваў інтэрвію СМІ і казаў, што стаміўся, што яму шмат гадоў, ён гатовы пакінуць пасаду.

— Мы доўга са Станіславам Станіслававічам гэтае пытаньне абмяркоўвалі. Але рашэньне адкласьці выбары прынялі толькі на зьезьдзе 9 верасьня.

— Сяргей, вы бізнэсовец, але з ухілам, так бы мовіць, у палітыку: ужо спрабавалі вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, цяпер зьяўляецеся намесьнікам старшыні БСДГ. Усе мы ведаем столькі сумных прыкладаў, калі бізнэсоўцы ішлі ў палітыку і ў іх пачыналіся праблемы зь бізнэсам. Ці не баіцеся, што гэта можа пашкодзіць вашаму бізнэсу?

— Калі б я не баяўся, было б дзіўна. Так, ёсьць асьцярогі, прычым вельмі моцныя... Але, па-першае, я жыву ў гэтай краіне і нікуды адсюль зьяжджаць не зьбіраюся, я разумею, што мае дзеці тут будуць жыць, я не хачу, каб яны зьяжджалі. Менавіта таму я хачу вельмі пастарацца, каб зрабіць штосьці добрае, правільнае для гэтай краіны. І працуючы менавіта ў палітычнай сфэры, я разумею, што магу зрабіць дастаткова шмат добрага і правільнага для сваёй краіны.

Так, я разумею, што могуць узьнікнуць праблемы; магчыма, будзе непаразуменьне, магчыма, будзе прэсінг, Але не паспрабуеш — не даведаесься. Я рызыковы хлопец.​

Быў камуністам, стаў сацыял-дэмакратам

— Калі вы хацелі стаць кандыдатам у дэпутаты ўвосень 2016 году, вы пісалі, што зьяўляецеся сябрам праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. А тут такі разварот — у апазыцыйную партыю...

— Так, я сапраўды быў сябрам КПБ, прычым уступіў у партыю сьвядома. Але даволі хутка расчараваўся. У Камуністычнай партыі Беларусі ўсе ініцыятывы, якія я прапаноўваў, разьбіваліся аб сьцяну непаразуменьня. Таму я прыняў рашэньне выйсьці з КПБ і прымяніць свае веды, магчымасьці і жаданьні ў іншай палітычнай структуры.

Якраз Партыя БСДГ — гэта менавіта тая структура, дзе я змагу выкарыстаць свой патэнцыял. Я выйшаў з КПБ за пару тыдняў да апошніх выбараў у мясцовыя Саветы. Я напісаў заяву аб выхадзе з КПБ.

— Але ў Беларусі ажно тры сацыял-дэмакратычныя партыі: БСДГ, БСДП «Народная грамада» і БСДП. Чаму выбралі менавіта БСДГ?

— Бясспрэчна, за лідэра. Станіслаў Шушкевіч — вельмі паважаны чалавек, мне было вельмі прыемна зь ім пазнаёміцца і працаваць разам. З такой гістарычнай постацьцю працаваць — вялікі гонар. Таму, у першую чаргу, мой выбар быў менавіта за лідэра, сумленнага, адказнага, з унутраным стрыжнем, які заўсёды працаваў на сваю краіну

— Вы сказалі, што выйшлі з КПБ напярэдадні апошніх мясцовых выбараў. Як за такі кароткі тэрмін (выбары былі зусім нядаўна — 18 лютага 2018 году) — вы сталі намесьнікам старшыні партыі? Чаму так імкліва ўсё адбылося?

— Па факце дзейнасьці, па факце прапановаў, ініцыятываў. У мяне нядрэннае партфоліё, Станіслаў Станіслававіч на паседжаньні апошняй Цэнтральнай рады партыі ўнёс прапанову выбраць мяне намесьнікам старшыні партыі.

«Мы павінны зараз папрацаваць над іміджам партыі»

— Як разварушыць людзей, якія насьцярожна ставяцца да апазыцыі? Якія крэатыўныя ідэі прапануеце?

— На зьезьдзе БСДГ я выступіў са сваім бачаньнем асноўных кірункаў нашай працы. Іх некалькі: павелічэньне долі прысутнасьці на інфармацыйнай, палітычнай і сацыяльнай арэнах краіны; папулярызацыя і «брэндаваньне» партыйнай праграмы БСДГ як сярод моладзі, так і ў шэрагах сталага пакаленьня; павышэньне ўзроўню «пазнавальнасьці» партыйнага кіраўніцтва і ляяльнасьці насельніцтва; фармаваньне згуртаванага калектыву ў маштабах краіны.

Я цалкам падзяляю думку, што кропкавыя акцыі пратэсту, якія не падтрымлівае большасьць грамадзтва, нэгатыўна адбіваюцца і на іміджы, і статусе апазыцыі. Толькі стваральныя дзеяньні, толькі прапановы канструктыўных рашэньняў у складаных ды простых праблемах дапамогуць зьмяніць статус і імідж апазыцыі. Мы павінны зараз папрацаваць над іміджам партыі, зацікавіць нашых грамадзянаў, паказаць ім, што мы здольныя і робім гэта не дзеля «галачкі», а робім гэта, як можна бачыць у нашым слогане, «зь любоўю» да радзімы, да грамадзянаў, якія жывуць у гэтай краіне.

Акцыі пратэсту, шэсьці, апазыцыйныя мітынгі — гэта ўсё неабходна для выказваньня свайго меркаваньня. Але паралельна з гэтымі мерапрыемствамі неабходныя стваральныя «целарухі», дзеяньні, штосьці добрае, пазытыўнае. Мы павінны паказаць беларусам, што хочам ня проста канфліктаваць альбо быць у канфрантацыі, а хочам штосьці прапанаваць і настойваць на тым, каб нашы канструктыўныя прапановы ажыцьцяўляліся.

— Назавіце хоць адну канструктыўную прапанову.

— Чытайце нашу праграму.

— Якое першае мерапрыемства правядзе БСДГ пасьля зьезду?

— Мы правядзем паседжаньне цэнтральнай рады і будзем рыхтавацца да другой сэсіі зьезду, дзе абярэм кіраўніцтва.

Размаўляе па-расейску, але абяцае «падцягнуць» беларускую мову

— Вы размаўляеце па-расейску, вашы прапановы па кірунках дзейнасьці таксама напісаныя па-расейску. Вам не падаецца, што гэта дысананс, бо старшыня і сымбаль партыі БСДГ Станіслаў Шушкевіч — прынцыпова беларускамоўны чалавек?

— Я вельмі добра разумею беларускую мову, але ў мяне няма практыкі ўжываньня мовы. Калі я пачну размаўляць па-беларуску, у мяне будзе шмат памылак. А трасянка не вітаецца ў грамадзтве. Я абавязкова «падцягну» мову, і калі ў мяне будзе больш-менш атрымлівацца, я перайду на беларускую мову. Усе людзі майго ўзросту разумеюць яе, хочуць на ёй размаўляць, але без актыўнай моўнай практыкі цяжка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG