Справаздачна-выбарчы зьезд афіцыйна зарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады адбудзецца ў Менску 9 верасьня. Нягледзячы на хваробу яе лідэра Станіслава Шушкевіча, які нязьменна кіруе апазыцыйнай партыяй з 1998 году.
«Станіслаў Станіслававіч нечакана захварэў. Таму на зьезьдзе яго ня будзе. Але ён раней падрыхтаваў свой даклад, і на форуме яго агучаць», — сказала Свабодзе намесьніца кіраўніка Цэнтральнай рады партыі Сьвятлана Губейка.
Хто можа замяніць аксакала?
Сам Шушкевіч заявіў, што ня будзе зноў балятавацца на пасаду старшыні партыі.
«Шчыра кажучы, мне ўжо даўно не з рукі займацца партыйнай працай — мне 83 гады ўсё-ткі», — сказаў ён у інтэрвію Tut.by.
Унутры БСДГ некаторыя мяркуюць, што цяпер партыю ачоліць Сяргей Чарачэнь. У ліпені выканкам партыі ўвёў яго ў склад Цэнтральнай рады, якая затым зацьвердзіла яго адным з намесьнікаў Шушкевіча.
Хто такі Чарачэнь?
Ён дырэктар ААА «Мантаж тэхніка». У 2016 годзе спрабаваў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў па Мірашнічэнкаўскай акрузе сталіцы. Ужо тады зьвярнулі ўвагу, што Сяргей Чарачэнь стаў чацьвёртым у сьпісе менскіх кандыдатаў па велічыні заробку. На той час ён меў прыбытак 69 мільёнаў рублёў на месяц, што складала прыкладна 4300 даляраў.
Аднак дэпутат з Чарачэня не атрымаўся. Раённая выбарчая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што аж 32,1% подпісаў за ягонае вылучэньне аказаліся несапраўднымі.
Цяпер Сяргей Чарачэнь ачольвае і грамадзкае аб’яднаньне «Дыпляматыя».
Рымашэўскі баіцца, што БСДГ страціць сваю апазыцыйнасьць
Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі зьвярнуў увагу ў сваім Фэйсбуку, што раней Сяргей Чарачэнь быў сябрам праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі.
Рымашэўскі спадзяецца, што «прыход новага кіраўніцтва ня стане пераарыентацыяй партыі на падтрымку дзейнай улады (на ўзор праўладных камуністаў) пад прыкрыцьцём імя паважанага Станіслава Шушкевіча».
Партыя бяз грошай
Яшчэ напрыканцы 2016 году Станіслаў Шушкевіч казаў, што ягоная партыя рыхтуецца да закрыцьця, бо Мін’юст скасуе яе афіцыйную рэгістрацыю.
Прычына закрыцьця — адсутнасьць фінансаў на арэнду. Па падліках БСДГ, партыі трэба штомесяц плаціць 1100–1200 даляраў за арэнду галоўнага офісу і офісаў для філіяў. А партыя проста ня мае на гэта сродкаў.
Тады, паводле Шушкевіча, нават разглядалася магчымасьць зьмяніць статус з афіцыйна зарэгістраванай партыі на аргкамітэт у справе стварэньня партыі. Справа ў тым, што аргкамітэт, у адрозьненьне ад партыі, можа ня мець афіцыйных офісаў.
Аднак да гэтага справа так і не дайшла. Падобна, што нейкія сродкі ўсё ж зьявіліся.
Грошы ўзамен на пасаду з прыцэлам на выбары
Крыніцы ўнутры партыі сказалі Свабодзе, што грошы на ўтрыманьне офісаў знайшоў менавіта Сяргей Чарачэнь. Афіцыйнае кіраўніцтва партыі адмаўляецца камэнтаваць фінансавыя крыніцы.
Але навошта спадару Чарачэню траціць свае грошы? Некаторыя суразмоўцы Свабоды з БСДГ выказалі меркаваньне, што Сяргей Чарачэнь нібыта зьбіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах. І пасада кіраўніка партыі яму патрэбная дзеля «большага аўтарытэту».
Губейка: «Раней быў камуністам? Памылка маладосьці»
Сьвятлана Губейка лічыць, што на зьезьдзе могуць зьявіцца некалькі кандыдатур на пасаду старшыні партыі.
«Я, напрыклад, не хачу балятавацца. Хоць некаторыя калегі і прапануюць. Але ж, магчыма, хтосьці захоча. А што да Чарачэня, то ён у партыю ўступіў толькі сёлета. Чамусьці ўсе да яго прычапіліся. Летам да нас улілася добрая частка моладзі. І мой сын Арцём сярод іх. Проста апошнім часам партыя ўзяла курс на моладзь», — сказала суразмоўніца.
Спадарыня Губейка кажа, што яе не бянтэжыць былая камуністычная прыналежнасьць Чарачэня.
«Ён раней быў у КПБ. І гэтага не хавае. Памылка маладосьці. Станіслаў Станіслававіч таксама быў камуністам. А Чарачэнь ужо ад камуністаў адышоў».