Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч 6 верасьня даў справаздачу Аляксандру Лукашэнку аб рэзанансных справах апошняга часу.
Аляксандар Лукашэнка згадаў, што на ягоным кантролі ўжо знаходзіцца шэраг крымінальных спраў — сказаў, «прыкінуў, што іх нямала», і пацікавіўся, як па іх ідзе сьледзтва, піша ягоная прэс-служба.
Іван Наскевіч адказаў, што праца ідзе бяз «вострых момантаў», што «стан злачыннасьці агулам спрыяе таму, каб вялася такая спакойная, плянамерная праца».
Як заявіў Наскевіч БелТА, ён расказаў Лукашэнку пра праверку сьмерці дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне пасьля прышчэпкі «Эўпэнта» — высьвятляюць ня толькі прычыну сьмерці дзіцяці, але і аддаюць увагу закупам гэтай вакцыны (ці казаў ён, што яна не зарэгістраваная ў Беларусі, не ўдакладняецца). Заключэньня экспэртаў аб прычынах сьмерці яшчэ няма. Лукашэнка даручыў старшыні СК узяць справу на пэрсанальны кантроль.
Наскевіч праінфармаваў Лукашэнку і пра ход «справы Коржыча», па якой цяпер ідзе суд, але «не прадвызначаючы рашэньня суду».
Казаў ён і пра расьсьледаваньні карупцыйных спраў і забойстваў мінулых гадоў (другое — «асобны напрамак» «з улікам новых магчымасьцяў крыміналістычнай тэхнікі»).
Якія яшчэ справы на асаблівым кантролі ў Лукашэнкі — ці ёсьць сярод іх, напрыклад, рэзанансная «справа БелТА» — не паведамлялася.