Менскі гарадзкі суд 31 траўня адхіліў касацыйную скаргу былых фігурантаў справы «Белага легіёну», піша БелаПАН.
Скаргу на рашэньня суду Маскоўскага раёну Менску ад 4 красавіка аб адмове ў кампэнсацыі маральнай шкоды за незаконнае затрыманьне і ўтрыманьне пад вартай падвалі фігуранты справы Белага легіёну:
А як іншыя? Летась дамагчыся кампэнсацыі спрабаваў удзельнік «Маладога фронту» Зьміцер Крамянецкі. Суд Маскоўскага раёну Менску і Менскі гарадзкі суд пазовы Крамянецкага не задаволіў.
Чаго хацелі? Кожны з пазоўнікаў патрабаваў 100 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
За што кампэнсацыя? Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. 30 лістапада 2017 году Сьледчы камітэт спыніў крымінальную справу, бо дзеяньні яе фігурантаў не маюць грамадзкай небясьпекі і не нанесьлі шкоды.
Пазыцыя ўладаў: Раней прадстаўнік Міністэрства фінансаў і пракурор не падтрымалі патрабаваньня пазоўнікаў. Паводле іх слоў, дзеяньні КДБ і Сьледчага камітэту не былі прызнаны незаконнымі, а пазоўнікі адпаведных доказаў не прадставілі.
Адвакаты пазоўнікаў зьвярталі ўвагу на:
- Неабгрунтаванасьць затрыманьня і ўтрыманьня пад вартай пацьвярджаецца рашэньнямі КДБ і СК аб закрыцьці крымінальных спраў аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. У дакумэнтах ведамстваў сьцьвярджаецца, што ў фігурантаў не было «злачыннай мэты».
- Матэрыялы ў дзяржаўных СМІ, накіраваныя на стварэньне «нэгатыўнага рэзанансу».
- Станоўчае судовае рашэньне 2012 году аб кампэнсацыі маральнай шкоды журналісту Антону Сурапіну, якога затрымоўвалі па справе аб «плюшавым дэсанце».
Як зьявілася справа «Белага легіёну»
Затрыманьні ў справе пачаліся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 году, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». У той жа дзень Лукашэнка заявіў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, які «ўзарваў апазыцыйную кляаку», і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі. За дзень да таго дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць нібыта не зьвязаныя адна з адной «страшылкі», якім тут жа знаходзіліся абвяржэньні.
Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (артыкул 287 КК).
«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы
У красавіку на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душ» пра «справу патрыётаў», у якім распавядалася пра нібыта пагрозы замаху на спакой у Беларусі з боку «экстрэмістаў»: з тэрыторыі Польшчы, Украіны і Расеі, пра знойдзеную ў фігурантаў справы зброю, пра плянаваньне тэрактаў у Маскве.
Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але сярод паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.
Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў
Паступова фігурантаў справы павыпускалі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, а ў чэрвені справу перадалі ў Сьледчы камітэт Беларусі. Летам справа фактычна развалілася. Ня так даўно старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка».