Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт назваў расьсьледаваньне пра вакцыну «гістэрыяй у СМІ»


Іван Наскевіч
Іван Наскевіч

Сьледчы камітэт пакуль не пацьвярджае, што «гістэрыя ў СМІ»​ — наступства барацьбы вытворцаў вакцын, заявіў старшыня СК Іван Наскевіч у Гомлі на адкрыцьці новага будынку ведамства.

​Агенцтва БелаПАН спыталася ў Наскевіча, хто зьвярнуўся ў СК для праверкі апублікаванай у СМІ інфармацыі пра вакцынацыю беларускіх дзяцей не зарэгістраваным у Беларусі прэпаратам «Эўпэнта» і што паслужыла падставай, каб разглядаць гэтыя публікацыі ў кантэксьце «канкурэнтнай барацьбы вытворцаў вакцын».

«У нас пакуль няма нейкіх дакладных фактаў пра тое, што гэтая гістэрыя, паднятая ў СМІ, зьяўляецца наступствам канкурэнтнай барацьбы вытворцаў вакцын. Але і адмаўляць гэты факт цалкам мы ня можам. Усё гэта будзе прадметам праверкі. Роўна такімі ж — і вызначэньне прычын сьмерці дзіцяці, а таксама падстаў і ўмоў закупкі мэдычнага прэпарату», — сказаў кіраўнік Сьледчага камітэту.

Іван Наскевіч пацьвердзіў, што па факце сьмерці дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне вядзецца праверка.

«У сувязі з тым, што гэты выпадак выклікаў шырокі грамадзкі рэзананс і розныя пагалоскі, мною прынята рашэньне літаральна ўчора пра тое, што гэтую праверку праводзіць з гэтага часу Цэнтральны апарат СК, Упраўленьне па расьсьледаваньні злачынстваў супраць асобы», — сказаў кіраўнік камітэту.

28 жніўня прэс-служба СК заявіла, што Сьледчы камітэт правярае апублікаваную ў шэрагу СМІ інфармацыю пра вакцынаваньне беларускіх дзяцей не зарэгістраванай у Беларусі «Эўпэнтай».

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG