Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Матэрыялы справы паказалі толькі пасьля ліста Лукашэнку». Як расьсьледуюць сьмерці ў войску


Арцём Басьцюк загінуў у войску ва ўзросьце 25 гадоў.
Арцём Басьцюк загінуў у войску ва ўзросьце 25 гадоў.

Свабода паглядзела, як расьсьледуюць выпадкі сьмерцяў і раненьняў у войску за апошнія шэсьць гадоў.

Пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча сталі паўторна пераглядаць вынікі сьледзтваў некалькіх дзясяткаў ужо закрытых крымінальных спраў, заведзеных пасьля выпадкаў суіцыдаў і траўмаваньня салдат тэрміновай службы.

25 кастрычніка 2017 году старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч у размове з журналістамі паведаміў, што СК мае намер перагледзець усе падобныя справы за апошнія 6 гадоў (ад моманту стварэньня Сьледчага камітэту).

«Пасьля таго, што здарылася ў Печах, мы запатрабавалі ўсе матэрыялы праверак — так званыя адмоўленыя матэрыялы — за час функцыянаваньня СК, — гаварыў Іван Наскевіч. — І не толькі па фактах сьмерці. І па фактах прычыненьня цялесных пашкоджаньняў вайскоўцам — для дадатковай праверкі. Я не выключаю, што, магчыма, некаторыя рашэньні будуць адмененыя, я маю на ўвазе адмену адмовы ў завядзеньні крымінальнай справы... Самае галоўнае ў гэтай сытуацыі, што людзі, якія былі фігурантамі ў тых матэрыялах, што мы аднаўляем, раней маўчалі, а тут пачынаюць гаварыць... Ужо зусім іншы настрой у фігурантаў, пра гэта можна гаварыць».

Павел Старанкоў
Павел Старанкоў


Павал Старанкоў, 18 гадоў, зьнік з вайсковай часткі ўвосень 2016-га, знайшлі павешаным

Пасьля заявы Наскевіча родныя некаторых памерлых у войску салдат расказалі Свабодзе, што новыя сьледчыя зь імі ўжо зьвязваліся.

«Нам пазваніў сьледчы, сказаў, што хоча сустрэцца, пагаварыць, — гаварыла маці загінулага пад Барысавам год таму Паўла Старанкова Валянціна. — Відаць, я паеду да яго ў Менск. Нам сказалі, што расьсьледаваньнем займаецца сьледчы з Цэнтральнага апарату».

Першы раз справу 18-гадовага Паўла Старанкова, які зьнік з часткі пад Жодзінам увосень 2016 году і быў знойдзены павешаным у лесе толькі ў лютым 2017-га, расьсьледавалі некалькі месяцаў. Тады сьледзтва не знайшло прыкметаў гвалту. Яго бацькі спрабавалі абскардзіць закрыцьцё справы ў барысаўскай пракуратуры, аднак новае расьсьледаваньне пачалося толькі пасьля гібелі Коржыча. Сьледчыя некалькі разоў сустракаліся з роднымі загінулага салдата, апытвалі іх пра яго службу. Паўторны разгляд справы працягваецца дагэтуль.

Міхаіл Бяўзюк
Міхаіл Бяўзюк


Міхаіл Бяўзюк, 22 гады, знойдзены павешаным за месяц да заканчэньня «вучэбкі» ў Печах.

30 лістапада 2017 году стала вядома, што брат загінулага ў Печах вясной 2015 году Міхаіла Бяўзюка Юрый дамогся аднаўленьня расьсьледаваньня абставінаў яго сьмерці. Юрый Бяўзюк зьвярнуўся ў сьледчыя органы ў лістападзе 2017 году сам, не чакаючы тэлефанаваньня з СК. У размове са Свабодай ён паведаміў, што пра вынікі першага расьсьледаваньня сям’і Бяўзюкоў нічога невядома дагэтуль.

«Наконт новага расьсьледаваньня са мной пакуль ніхто не зьвязваўся. Толькі папера прыйшла, што справай брата зноў займаюцца, і ўсё, — гаварыў Юрый Бяўзюк на пачатку мінулай зімы. — Буду чакаць. Павінен жа са мной нехта зьвязацца».

У канцы траўня сям’я Міхаіла Бяўзюка другі раз атрымала паведамленьне аб тым, што ў сьмерці іх сына ня знойдзена крымінальнага сьледу і справа закрытая.

«17 лістапада 2017 году аднавілі крымінальную справу. Пасьля гэтага адзін раз прыяжджаў сьледчы і запісваў паказаньні, — расказвае Юрый Бяўзюк. — Адзін раз гэта было. Пытаўся пра нумары тэлефонаў, якімі мы раней карысталіся. Таксама яго цікавіла, як часта мы высылалі брату грошы, ці скардзіўся ён на нешта. Як часта званіў, калі званіў апошні раз. Такія пытаньні задаваў. Больш, здаецца, нічога не было. Нас нікуды не выклікалі. Сьледчы быў з Калінкавіч, ня зь Менску. Матэрыялаў справы мы ня бачылі. Пра тое, што справу брата закрылі зноў, мы даведаліся з паведамленьня па пошце».

Арцём Басьцюк
Арцём Басьцюк


Арцём Басьцюк, 25 гадоў, знайшлі павешаным у Печах у 2017 годзе.

Цела Арцёма знайшлі на тэрыторыі часткі ў Печах за паўгода да сьмерці Аляксандра Коржыча. У красавіку 2017 году гэты выпадак шырока асьвятляўся ў СМІ. Родныя Басьцюка расказалі журналістам, што за тыдзень да сьмерці сына езьдзілі да яго ў частку, дзе Арцём у прысутнасьці камандзіра расказваў ім пра зьдзекі і нават называў прозьвішчы сяржантаў і стараслужачых.

Справу Басьцюка расьсьледавалі каля шасьці месяцаў і закрылі ўсяго празь некалькі дзён пасьля сьмерці Коржыча. З ініцыятывай расьсьледаваць яе нанова выступіў сам Сьледчы камітэт. Разбор працягваўся яшчэ пяць месяцаў. У лютым 2018 Басьцюкі атрымалі паведамленьне аб паўторным закрыцьці справы. Маці загінулага салдата Тацьцяна Басьцюк разам з маці Аляксандра Коржыча трапіла на прыём да кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай. Яна мяркуе, што толькі дзякуючы гэтаму змагла атрымаць доступ да матэрыялаў закрытай справы аб сьмерці сына.

«Некалькі тыдняў праседзелі ў Сьледчым камітэце, расказвае Тацьцяна Басьцюк. — Нашу справу закрылі яшчэ зімой, але доступ да матэрыялаў сьледзтва мы атрымалі толькі цяпер. Зьбіраемся ўсё абнародаваць, адвакат рыхтуе скаргі. Валасы ўстаюць дуба ад таго, што мы бачым у матэрыялах справы аб сьмерці сына».

Тацьцяна Басьцюк па-ранейшаму перакананая, што сьмерць Арцёма мае крымінальны характар. Паводле яе, сьледзтва нават ня высьветліла, дзе канкрэтна знайшлі ягонае цела.

Тацьцяна Басьцюк
Тацьцяна Басьцюк

«З такой злосьцю дапусьцілі да дакумэнтаў... Проста невыносна, якія ўмовы нам далі, — гаворыць Тацьцяна Басьцюк. — Азнаёміцца з дакумэнтамі дазволілі толькі пасьля таго, як я напісала скаргу ў пракуратуру, самому генэральнаму пракурору, у Сьледчы камітэт Наскевічу (старшыня СК. — РС). І Лукашэнку напісала. Толькі пасьля гэтага прыйшло паведамленьне, што можна прыходзіць і знаёміцца з матэрыяламі справы. Чатыры месяцы ўсё гэта працягвалася».

Як кажа Тацьцяна Басьцюк, у Сьледчым камітэце ёй не дазволілі зрабіць копій матэрыялаў аб сьмерці сына. Нельга было нічога фатаграфаваць, спачатку не дазвалялася карыстацца тэлефонамі, іх здавалі ў камэру захоўваньня.

«У дакумэнтах матэрыялаў справы ўсё вельмі-вельмі наблытана, — кажа Тацьцяна Басьцюк. — І час сьмерці, і час, калі яны (вайскоўцы. — РС) паведамілі пра сьмерць у „хуткую“. Там 40 хвілін розьніцы. Што яны 40 хвілін рабілі? Там ёсьць паказаньні сьведкі Мароз. Яна расказала сьледчым пра тое, што адбывалася ў частцы сына ў 2016 годзе, у студзені. Тады зь яе сына былі зьдзекі, вымаганьне. Мароз напісала ў частку, потым у Мінабароны. Усе гэтыя паказаньні былі ў сьледчага, і ён выклікаў на дачу паказаньняў сына гэтай Мароз. Сын тады яшчэ, здаецца, праходзіў службу. А сын сьледчаму сказаў, што ўсё выдумаў, каб маці яго пашкадавала. Пазьней яны адмовіліся ад сваіх паказаньняў».

Як і маці Аляксандра Коржыча, Тацьцяна Басьцюк спадзяецца на сустрэчу з кіраўніком краіны, якому зьбіраецца паказаць уласнаручна перапісаныя фрагмэнты матэрыялаў справы аб сьмерці свайго сына. Яна расказвае, што ў іх напісана аб неадпаведнасьці стангуляцыйнай баразны (сьлед ад павешаньня. — РС) таму рэменю, які прадставілі сьледчым вайскоўцы.

«Калі у нас атрымаецца трапіць да Лукашэнкі, то я б тады ўсё гэта яму зачытала, усё, што зараз павыпісвала, — гаворыць Тацьцяна Басьцюк. — Як камандзір нашай часткі тройчы даваў паказаньні, і тройчы яны былі рознымі. Як салдаты блытаюцца ў паказаньнях, як яны ўсе рознае расказваюць».

Невядома, колькі справаў пра суіцыды ў войску СК расьсьледуе паўторна. У Сьледчым камітэце таксама не раскрываюць інфармацыі пра тое, колькі зь іх пасьля паўторнага расьсьледаваньня дайшлі да суду.

Усё пра гвалт у войску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG