Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хаос і бязладзьдзе як вынік ручнога кіраваньня


Аляксандар Лукашэнка ў час наведваньня Аршанскага інструмэнтальнага завода, 13 жніўня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка ў час наведваньня Аршанскага інструмэнтальнага завода, 13 жніўня 2018 году

Беларуская мадэль, заснаваная на валюнтарызьме, спарадзіла неэфэктыўнасьць дзяржаўнай палітыкі.

Новыя кіраўнікі ўраду выступаюць з гучнымі заявамі ў падтрымку бізнэсу. Прэм’ер-міністар Сяргей Румас заклікаў мясцовыя ўлады перастаць даводзіць эканамічныя паказчыкі прыватнаму бізнэсу. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандар Турчын заявіў, што «няма неабходнасьці трымаць бізнэсоўцаў за кратамі да суду па падазрэньні ў падатковых злачынствах». Таксама ён праінфармаваў, што ў Беларусі плянуецца стварыць новую дзяржпраграму па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Усё гэта добра. Але ж хачу нагадаць, што напрыканцы мінулага году было прынята 10 прэзыдэнцкіх дэкрэтаў і ўказаў па падтрымцы бізнэсу. Дзяржаўныя СМІ зладзілі гучную мэдыйную кампанію, што ўзяты курс на «разьнявольваньне дзелавой ініцыятывы».

Аднак цяпер высьвятляецца, што гэтыя заканадаўчыя акты працуюць дрэнна. Аказваецца, што ўказ № 469 якраз забараняе даводзіць прыватнаму бізнэсу эканамічныя паказчыкі. Але на месцах яго не выконваюць. І Сяргей Румас заклікае мясцовую вэртыкаль проста выконваць прэзыдэнцкі ўказ.

Таксама высьвятляецца, што ўзяты курс на «разьнявольваньне дзелавой ініцыятывы» не прывёў да скарачэньня арыштаў бізнэсоўцаў. Віцэ-прэм’ер плянуе стварыць новую дзяржпраграму па падтрымцы прадпрымальніцтва, бо, па ягоных словах, існая праграма «не працуе».

Бізнэс кепска ўпісваецца ў беларускую мадэль

Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Бо бізнэс дрэнна ўпісваецца ў беларускую сацыяльную мадэль. Мясцовыя кіраўнікі проста не разумеюць, як гэта можна кіраваць раёнам і не даваць заданьні бізнэсоўцам. Гэта для іх нонсэнс.

Праблема ў тым, што мадэль ручнога кіраваньня эканомікай, грамадзтвам і на агульнадзяржаўным, і на рэгіянальным узроўні дрэнна стасуецца з законамі, указамі, увогуле зь нейкімі правіламі. Бо ручное кіраваньне па самой сваёй прыродзе заснавана на валюнтарызьме. А ён, у сваю чаргу, непазьбежна грунтуецца на супярэчлівых, часта ўзаемавыключальных заданьнях.

Напрыклад, загад Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак да 1 тысячы рублёў «кроў з носу», але пры гэтым каб рост заробкаў не адрываўся ад тэмпаў павялічэньня прадукцыйнасьці працы. Ці задача мясцовым кіраўнікам пад пагрозай турмы правесьці ў сьціслы тэрмін пасяўную ці ўборачную кампанію, пры тым, што грошай на паліва не даюць, усе мясцовыя сельгаспрадпрыемствы закрэдытаваныя, а цяпер яшчэ і бізнэсоўцаў чапаць нельга.

Гістарычная нарада ў Воршы

Думаю, дасьледчыкі яшчэ шмат разоў будуць зьвяртацца да той нядаўняй нарады ў Воршы, якая ўжо стала гістарычнай, клясыкай жанру. Ня будзем цяпер акцэнтаваць увагу на тым, што сам выбар Аршанскага раёну ў якасьці ўзору для мадэрнізацыі — прыклад суб’ектывізму. Бо так ніхто і не растлумачыў, чаму менавіта гэты рэгіён апынуўся ў цэнтры ўвагі Лукашэнкі.

Падчас нарады ў Воршы высьветлілася, што адказных за мадэрнізацыю раёну было шмат. Найперш вінаватым аказаўся ўрад, эканамічны блёк якога быў зьменены. Міністар архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны зьляцеў з пасады, бо не адрамантаваў дах на адным з заводаў.

Кіраўніку Віцебскага аблвыканкаму Мікалаю Шарстнёву абвешчана вымова. Старшыня Аршанскага райвыканкаму Аляксандар Пазьняк зьняты з пасады.

Таксама была раскрытыкаваная за бязьдзейнасьць кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава. Кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана Лукашэнка «туды паслаў, які ні чорта не зрабіў у пляне кантролю». Старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Алегу Дзьвігалёву і дзяржсакратару Савету бясьпекі Станіславу Засю абвешчана аб поўнай службовай неадпаведнасьці.

Дасталася і старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Андрэйчанку. Лукашэнка даводзіў: «Ён адказны тут разам з памочнікам Субоціным. Сядзяць, як мышы пад венікам. Я вас для чаго сюды накіраваў?»

А быў жа яшчэ адзін памочнік прэзыдэнта — Аляксандар Косінец, якому кіраўнік дзяржавы год таму даручыў курыраваць гэты праект.

І колькі разам начальнікаў? Палічыце самі. То бок для рашэньня адной праблемы ствараецца некалькі паралельных структур. Хто каму падпарадкоўваецца і хто за што адказны, зразумець немагчыма. Уявіце, які хаос і бязладзьдзе павінны там адбывацца. Бо, як вядома, дзе кухараў шэсьць, там няма чаго есьць. А тут значна больш, чым шэсьць. Ці можа быць вырашаная праблема, калі столькі адказных? І гэты хаос стварыў сам Лукашэнка.

Нарада ў Воршы ў недалёкай будучыні стане выдатнай ілюстрацыяй да тэмы, што ёсьць мадэль ручнога кіраваньня ў беларускім варыянце. Я б гэты тэлесюжэт паказваў студэнтам першага курсу Акадэміі кіраваньня як дрэнны прыклад — прыклад таго, як ня трэба кіраваць ня толькі дзяржавай, але нават калгаснай брыгадай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG