Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў стала найбольш сярод замежных турыстаў у Кіеве


Скульптура на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве, архіўнае фота
Скульптура на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве, архіўнае фота

Летась беларускіх турыстаў у Кіеве стала ўдвая больш, многія зь іх спыняюцца ва ўкраінскай сталіцы па дарозе да мора.

З пачатку 2018 году Кіеў наведалі 133 тысячы беларускіх турыстаў. Па колькасьці замежных турыстаў ва ўкраінскай сталіцы Беларусь цяпер займае першае месца. Агулам Кіеў наведалі 852 тысячы замежных турыстаў.

Як паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі ў пытаньнях турызму і прамоцыі, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась колькасьць беларускіх турыстаў сёлета вырасла амаль удвая.

Кіева-Пячэрская лаўра, архіўнае фота
Кіева-Пячэрская лаўра, архіўнае фота

«Калі ў 2013-2014 гадах пераважалі госьці з Расеі (каля 50%), то цяпер карціна іншая. На першае месца выйшлі беларусы, якія спыняюцца ў Кіеве на некалькі дзён па дарозе ў Затоку, Адэсу або Херсон. Пасьля Беларусі (па колькасьці турыстаў) ідуць Ізраіль, ЗША, Нямеччына, Турэччына, Італія, Францыя і Вялікая Брытанія», — паведаміў кіраўнік упраўленьня Антон Тараненка.

Расейскія турысты, якія былі на першым месцы да 2013 году, сёлета не ўвайшлі нават у першую дзясятку.

У цэнтры Кіева, архіўнае фота
У цэнтры Кіева, архіўнае фота

Паводле ўладаў Кіева, апошнім часам турыстычная галіна прыносіць бюджэту больш як 150 мільёнаў грыўняў штогод (больш як 5,5 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Сёлета ва ўкраінскай сталіцы адкрылі адмыслова для турыстаў гарачую тэлефонную лінію. Кожны турыст можна бясплатна патэлефанаваць са свайго мабільнага або стацыянарнага тэлефона на нумар 61-16 і атрымаць неабходную інфармацыю на ўкраінскай, ангельскай ці расейскай мовах.

Паміж Расеяй і Украінай ідзе неабвешчаная вайна, Расея ў 2014 годзе з выкарыстаньнем сілы анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым і спрыяла распальваньню баявых дзеяньняў на Данбасе, з Расеі на Данбас едуць баевікі і пастаўляецца зброя.

Беларускія ўлады ў канфлікце імкнуцца граць ролю пасярэдніка, надаючы пляцоўку перамовам аб урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG