Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абяцаў за суткі папярэдзіць Украіну, калі Расея будзе нападаць празь Беларусь, — Турчынаў


Аляксандар Турчынаў з Аляксандрам і ММікалаем Лукашэнкамі ў Кіеве 7 чэрвеня 2014 году
Аляксандар Турчынаў з Аляксандрам і ММікалаем Лукашэнкамі ў Кіеве 7 чэрвеня 2014 году

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў, які адразу пасьля ўцёкаў былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча выконваў абавязкі кіраўніка дзяржавы, упершыню распавёў некаторыя падрабязнасьці сваёй першай сустрэчы ў гэтай якасьці з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 29 сакавіка 2014 году.

У прыватнасьці, ён пракамэнтаваў дэталі рашэньняў, што ўхваляліся на дзяржаўным узроўні адразу пасьля анэксіі Расеяй Крыму. Ён таксама расказаў пра паводзіны расейскай арміі ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы з Украінай.

«Дзесьці на пачатку сакавіка (2014 году — РС) наша адноўленая выведка паведамляе дакладны час ўварваньня расейскіх войскаў. Умоўна кажучы, заўтра а чацьвертай раніцы на Чарнігава-Кіеўскім і Харкаўскім кірунках... Мы ўсе ноччу на камандным пункце, войскі ў акопах... Дакладваюць: «Расейскія танкі рухаюцца ў напрамку нашай мяжы!» Танкі падыходзілі досыць блізка, але потым заварочвалі назад. Надышла раніца, затым — дзень. Наступу няма. На наступны дзень аналягічны даклад — і зноў а чацьвертай раніцы. Тая ж сытуацыя — наступу няма. Калі мне далажылі аб уварваньні трэці раз, я папрасіў кіраўніка выведкі: «Добра, хай наступаюць, але толькі не а чацьвертай раніцы! Давайце хаця б гадзіне а восьмай-дзявятай. Тры дні бяз сну я ня вытрымаю», — сказаў Аляксандар Турчынаў у інтэрвію ўкраінскаму Інтэрнэт-выданьню «Гардон».

Аляксандар Турчынаў мяркуе, што такім чынам Расея сьвядома правакавала Ўкраіну.

«Цяпер можна на гэтую тэму жартаваць, а тады было не да жартаў. Мабілізацыя толькі рыхтуецца. Усе хоць трохі "жывыя" вайсковыя часткі я даў каманду перакінуць з захаду краіны на поўнач і ўсход для стварэньня там абаронных рубяжоў. Войскаў не хапае перакрыць асабліва небясьпечныя кірункі магчымага наступу. Рэзэрваў няма. Каб скараціць колькасьць магчымых напрамкаў удару, я выехаў у Беларусь на сустрэчу з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Ён паабяцаў, што з тэрыторыі яго краіны расейцы нас атакаваць ня будуць. Але калі мы разьвітваліся, ён сказаў: "Але ў крайнім выпадку я папярэджу за суткі...". Я быў удзячны і за гэта», — распавёў сакратар Рады нацбясьпекі і абароны Ўкраіны.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Турчынава, што праходзіла 29 сакавіка 2014 году ў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў вёсцы Ляскавічы на мяжы з Украінай, працягвалася больш як тры гадзіны. Тады паводле афіцыйных паведамленьняў двух бакоў, галоўнай тэмай перамоў называлася двухбаковае супрацоўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG