Як казаў Свабодзе ініцыятар пэтыцыі юрыст Ігар Случак, пэтыцыя створаная, каб «спыніць дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы ў сфэры гандлю і паслугаў» — каб інфармацыя даводзілася да спажыўца абавязковым чынам на расейскай і беларускай мовах.
Зварот на сайце Petitions.by супраць забароны пісаць на этыкетках тавараў толькі па-беларуску (хоць толькі па-расейску -- можна) набраў больш за 1000 подпісаў.
У Беларусі ёсьць Канстытуцыя і закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», якія гарантуюць роўнасьць беларускай і расейскай моваў.
Але ёсьць і нацыянальны стандарт Беларусі СТБ 1100-2016: «інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на расейскай або расейскай і беларускай мовах» (г. зн. расейскую адкідаць нельга, беларускую можна), а таксама тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу ТР ТС 005/2011 «Аб бясьпецы ўпакоўкі», які патрабуе абавязковай інфармацыі на расейскай мове і дзяржаўных мовах краіны «пры наяўнасьці адпаведных патрабаваньняў».
Зьмены ў беларускія правілы, каб тыя патрабавалі і беларускай мовы на этыкетках, у свой час падтрымаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка: маўляў, «як грамадзянін Рэспублікі Беларусь і дэпутат цалкам падтрымліваю ініцыятывы па пашырэньні сфэры ўжываньня беларускай мовы».
Аўтары пэтыцыі адзначаюць, што ў такой рэдакцыі закону, якая патрабавала б беларускае мовы як абавязковай, вытворцы ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых дзяржаваў Мытнага саюзу, што рэалізуюць прадукцыю на тэрыторыі Беларусі, будуць абавязаныя пазначаць прадукцыю па-беларуску і па-расейску, рэалізуючы тым самым норму арт. 17 Канстытуцыі Беларусі.
Некаторыя вытворцы наракаюць, што пісаць дадаткова па-беларуску будзе дорага, але ў пэтыцыі цытуюць словы генэральнага дырэктара «Лідзкага піва» Аўдруса Мікшыса: на ягоным прадпрыемстве «аддрукаваная этыкетка захоўваецца на складзе максымум некалькі месяцаў, затым мы друкуем новую», таму «дадаць беларускую мову не складана, гэта тым больш нічога не каштуе ў параўнаньні з павагай да роднай мовы».