Першы намесьнік старшыні камітэту адукацыі Менскага гарвыканкаму Віталь Прыгодзіч даў адказы на звароты юрыста Ігара Случака наконт меркаваных парушэньняў закону «Аб мовах».
«Не хачу гаварыць на вашай доўбанай мове» — не зьнявага мовы
У адказе, які публікуе «Наша Ніва», Віталь Прыгодзіч сьцьвярджае, што законы не былі парушаныя падчас скандалу, які ўчыніў былы галоўны ідэоляг Беларусі Ўладзімер Замяталін у краме «Эўраопт».
На пачатку траўня 2018 году Замяталін накрычаў на касірку, якая размаўляла зь ім па-беларуску: «Не хачу гаварыць на вашай доўбанай мове» і «Ваша мова не беларуская, а стараруская».
«Выяўлена, што Замяталіным было бесьперашкодна рэалізаванае ягонае канстытуцыйнае і законнае права зносінаў, у тым ліку вуснага звароту да супрацоўнікаў крамы, на расейскай мове, — піша Прыгодзіч у адказе Случаку. — Супрацоўнікамі крамы таксама было рэалізаванае іхнае права на абслугоўваньне кліента на беларускай мове».
Пры тым Прыгодзіч сьцьвярджае, што супрацоўнікі крамы не паведамілі пакупніку пра магчымасьць атрымаць абслугоўваньне ў іншага касіра ці ў іншай касе. Зьнявагі беларускай мовы ў словах Замяталіна Прыгодзіч не ўглядзеў.
«Гэтак вырашыў, што зь беларускай мовай мы не прымаем на працу» — не дыскрымінацыя
Раней Случак атрымаў ад Прыгодзіча адказ на зварот па іншым выпадку — адносна адмовы крамы Adidas узяць на працу беларускамоўнага. Кіраўнік крамы пацьвярджаў «Белсату», што «гэтак вырашыў, што зь беларускай мовай мы не прымаем, мне так захацелася».
Прыгодзіч у адказе на зварот сьцьвярджае, што грамадзянін, які зьвярнуўся па працу, «бесьперашкодна рэалізаваў сваё канстытуцыйнае права зносінаў на беларускай мове» і «ў сваю чаргу ягоным суразноўцам было рэалізаванае права размаўляць на расейскай мове», адказы прадстаўніка крамы былі «ў ветлівай форме», «не зьмяшчалі зьнявагі ці прымусу», «былі завершаныя прапановаю, якая мае на ўвазе выключна права выбару».
Паводле Прыгодзіча, фрагмэнты перапіскі не дазваляюць дакладна высьветліць прычыну адмовы ў працы. Наступнае прызнаньне кіраўніка крамы і выбачэньні кампаніі ў адказе на зварот ня згадваюцца.
Абодва адказы могуць быць абскарджаныя.