Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вапрос языка» і «язык вапроса»


Штодня ў сеціве ўспыхвае якая-небудзь новая палеміка пра мову. Тэма яўна набірае абароты. І я кожнага разу згадваю заявы Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі «вапрос языка рашон аканчацельна».

Актывізаваліся агенты «русского мира», якім беларускай мовы ў Беларусі «зашмат» і для якіх «аканчацельна» — значыць, каб яе не было ўвогуле.

Актывізаваліся і прадстаўнікі беларускага сьвету, якія зь вялікай доляй рамантызму ўявілі сабе, што ў Беларусі ўвогуле не павінна быць іншай мовы, апроч беларускай.

На маю думку, і першыя і другія далёкія ад жыцьця. Бо тым часам прыходзіць ліст ад бацькоў Верхнядзьвінскай школы, якія просяць перавесьці навучаньне на рускую мову, бо беларускай папросту няма дзе карыстацца. Апошнія, між іншым, больш блізкія да рэчаіснасьці, чым першыя і другія і Лукашэнка.

Хто каго «душыць» і хто «памірае»

Кіраўнік РБ ў сваёй заяве пераблытаў дадзенасьць і інтэрпрэтацыю. Ёсьць, скажам, транзытнае становішча Беларусі — гэта дадзенасьць. А карыстацца ім ці не карыстацца, мы вырашаем самі — гэта інтэрпрэтацыя. Калі ў грамадзтве існуе кансэнсус што да інтэрпрэтацыі, яна становіцца дадзенасьцю. Напрыклад, Літва вырашыла, што савецкі пэрыяд у яе гісторыі быў акупацыяй. З гэтым пагадзіліся гісторыкі, палітыкі і грамадзкасьць. Зыходзячы з гэтага і жывуць. Да слова кажучы, для Беларусі той самы пэрыяд нічым не адрозьніваўся ад літоўскага, хіба што большай працягласьцю і колькасьцю ахвяраў.

Рэальнае роўнасьці дзяржаўных моваў, якой патрабуе Канстытуцыя, няма.

Дык вось што да моваў. Самая вялікая нявырашанасьць сёньня (і прадмет дыскусіяў) — гэта рэальная роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моваў. Яны — і першая, і другая — дадзенасьць. А тое, што беларуская мова «памірае» ці што руская яе «душыць» — гэта інтэрпрэтацыі. Тым часам рэальнае роўнасьці, якой патрабуе Канстытуцыя, няма. Ні ў дзяржаўнай дакумэнтацыі, ні ў адукацыі, ні ў візуальным афармленьні краіны, ні ў СМІ — у сфэрах, якімі займаецца дзяржава — нідзе.

Каб забясьпечыць рэальнае дзьвюхмоўе, зусім ня трэба ў кагосьці штосьці адбіраць.

Ці магчыма вырашыць гэтую праблему без канфрантацыі? Калі кіравацца Канстытуцыяй, магчыма. Каб забясьпечыць рэальнае дзьвюхмоўе, зусім ня трэба кагосьці ў чымсьці абмяжоўваць ці ў кагосьці штосьці адбіраць. Трэба не адбіраць у аднаго на карысьць другога, а наадварот — дадаваць. Ня трэба зьмяншаць долю расейскай мовы, трэба павялічваць долю беларускай. Напрыклад, чыноўнік мусіць адказваць на мове звароту — як пісьмова, так і вусна. Інакш ён парушае Канстытуцыю. Дзяржава мусіць забясьпечваць навучаньне па-беларуску. І г.д. Ня трэба ваяваць з расейскай мовай — яна ў кожным разе пераможа, хоць бы і на танках. Трэба патрабаваць рэальнага дзьвюхмоўя — пашырэньня сваёй.

Калі прынцып дадаваньня, а не адбіраньня ўзяць за аснову, супраць яго будуць толькі тыя, хто супраць Канстытуцыі і законаў. А гэта прыватная справа кожнага, а не адказная дзяржаўная пазыцыя.

Зламаная канстытуцыя

Прынцып дадаваньня, а не адбіраньня скіраваны на ўлік інтарэсаў усіх. Дапусьцім, гэтым прынцыпам кіраваўся і Лукашэнка, калі рабіў рускую мову другой дзяржаўнай. Хоць усе разумелі, што яна будзе першай і што будзе імкнуцца стаць адзінай. Так і адбылося. Але чаму? Таму што на ўсіх узроўнях ламаліся Канстытуцыя і законы. І канфрантацыя — найперш вынік гэтае ломкі, а зусім ня нейкага аб’ектыўнага супрацьстаяньня «рускамірцаў» і «нацыяналістаў».

Прынцып дадаваньня, які дазваляе пазьбягаць канфрантацыі, сёньня працуе выключна як чын грамадзкіх актывістаў. Гэта не дзяржаўная палітыка. «Моўны інспэктар» Ігар Случак выконвае функцыі, якія мела б выконваць пракуратура. Беларускамоўны ўнівэрсытэт ствараюць актывісты ТБМ, а не міністэрства адукацыі. Жывыя беларускамоўныя СМІ робяцца таксама ў недзяржаўным сэктары.

А што ж робіць дзяржава? Дзяржава ганяе «моўнага інспэктара», ігнаруе ТБМ, штрафуе незалежных журналістаў. Тым самым дзяржава сама падтрымлівае канфрантацыю і ніякім чынам не набліжае той дзень, калі «вапрос языка» будзе «рашон аканчацельна».

Але адна грамадзянская супольнасьць з гэтай праблемай ня справіцца.

Чатыры дзяржаўныя мовы

Беларусь у мінулым стагодзьдзі мела вялікі досьвед суіснаваньня афіцыйных моваў і варыянтаў. Скажам, «Наша Ніва» выходзіла па-беларуску і кірыліцай, і лацінкай. Мяркую, што калісьці ў будучыні людзі яшчэ захочуць гэты выбар або вярнуць або «перагаласаваць» — ці з гледзішча захаваньня традыцыяў абедзьвюх графік ці з палітычнае мэтазгоднасьці, як гэта нядаўна зрабіў Казахстан, перайшоўшы на лацінку.

Чаму б да цяперашніх беларускай і расейскай у сьпіс дзяржаўных не дадаць ангельскую і кітайскую?

У БНР і сьледам у БССР было чатыры афіцыйныя мовы: беларуская, ідыш, польская і руская. Як на сёньня падбор ня моцна актуальны, затое плённы досьвед суіснаваньня. Чаму б да цяперашніх беларускай і расейскай не дадаць на роўных падставах ангельскую і кітайскую? Усё адно міліцыя пэрыядычна зубрыць інгліш, а ў візуальнай прасторы ўсё больш ерогліфаў. Афіцыйным асобам прыйдзецца напружыцца, але гэта частка іхных функцыяў, усе астатнія — як захочуць, іх нічога ні да чога змушаць ня будзе. Затое памалу-патроху адыдуць у мінулае гэтыя недарэчныя канфрантацыі пра тое, якая мова «памірае» і якая яе «душыць».

Плюсы відавочныя — умацаваньне міжмоўнага міру ў Беларусі і лепшая аснашчанасьць беларускага грамадзяніна ў сучасным сьвеце. Што да «лішніх затрат», дык ужо ж ні для БНР, ні для раньняй БССР яны не былі ні лішнімі, ні непад’ёмнымі, што ўжо казаць пра «айцішную РБ».

Выглядае, што «вапрос языка» толькі падымаецца на парадку дня ў поўны рост.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG