Спэцыялістка камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Алена Макарэвіч расказала Minsknews.by, што ў 2017/18 навучальным годзе колькасьць групаў зь беларускай мовай навучаньня ў дзіцячых садках Менску вырасла на пяць «на падставе запытаў ад бацькоў».
«Папярэдні аналіз той інфармацыі, якая паступае са службы „Адно акно“, дзе ідзе пастаноўка на ўлік і дзе бацькі пазначаюць пажаданую мову навучаньня, паказвае, што ў новым навучальным годзе зьявяцца яшчэ пяць такіх групаў», — дадала Алена Макарэвіч.
Паводле чыноўніцы, забясьпечыць усіх ахвочых дашкольнай адукацыяй на беларускай мове па месцы жыхарства немагчыма, «але ўсім бацькам, якія праявілі такое жаданьне, месца для дзіцяці ў беларускамоўнай групе прапаноўваецца».
«Улічылі інтарэсы», не спытаўшы бацькоў
Актывістка за правы беларускамоўных бацькоў Аляксандра Баярына заявіла ў інтэрвію Свабодзе, што грамадзкасьць ня ведае, ці будуць сапраўды ўлічаныя інтарэсы бацькоў, якія хочуць беларускамоўныя садкі для сваіх дзяцей.
Да гэтага часу, кажа яна, невядома, як працуе мэханізм набору групаў зь беларускай мовай навучаньня, «ён абсалютна непразрысты». Запыты бацькоў, упэўненая яна, ня ўлічваюцца пры стварэньні групаў.
Дзень Канстытуцыі, якую парушаюць нават у дзіцячых садках
«Вось прыклад — мой Ленінскі раён, — расказвае Баярына. — Я тэлефанавала ў аддзел адукацыі ў красавіку, а гэта пачатак стварэньня групаў. Яны адразу сказалі, што групы будуць створаныя ў 47-м і 142-м садку. Значыць, яны ўжо без аніякіх бацькоўскіх прапановаў утварылі групы».
У адным з садкоў ёй пацьвердзілі, што будуць адкрываць групу зь беларускай мовай навучаньня, але яшчэ не апытвалі бацькоў — іх будуць пытацца ў траўні.
Баярына мяркуе, што і з астатнімі групамі сытуацыя тая самая: спачатку прызначылі садкі, у якіх могуць быць утвораныя групы, а пасьля апыталі бацькоў. І то, кажа яна, наўрад ці апыталі ўсе садкі — магчыма, толькі гэтыя пяць.
У астатніх садках бацькі хіба ў верасьні, пасьля запісу і бацькоўскага сходу, змогуць папрасіць памяняць мову навучаньня на беларускую. На што, кажа Баярына, атрымаюць традыцыйную адмову «з прычыны, знаёмай да болю»: выхавальнікі, якія ёсьць у штаце, кепска валодаюць беларускай мовай, а звальняць іх не зьбіраюцца.
«Давайце пачакаем восені і паглядзім, колькі групаў зь беларускай мовай навучаньня зьявіцца пасьля 1 вераьсня, — дадае Баярына. — Упэўнена, што ніводнай, бо запыты бацькоў не ўплываюць на колькасьць утвораных групаў».
Група зь беларускай мовай навучаньня ≠ беларускамоўная група
«У гэтыя пяць групаў трапілі, як і раней, усе дзеці проста па чарзе, а ніякія не беларускамоўныя, якім так патрэбны гэтыя групы», — кажа Баярына.
«Беларускамоўныя» групы на самой справе складаюцца ў асноўным з расейскамоўных дзяцей, і, калі туды трапіць беларускамоўнае дзіця, яно не атрымае беларускага моўнага асяродзьдзя.
Бацькі прапанавалі стварыць рознаўзроставую групу менавіта зь беларускамоўных дзяцей. Чыноўнікі адмовілі, чацьвёра бацькоў падалі заяву ў суд, але ў судзе ня ўгледзелі прычынаў разглядаць заяву. Гэта значыць, у Менску па-ранейшаму няма ніводнай групы ў дзіцячых садках, створанай паводле моўнай прыкметы, мяркуе Баярына.
Мінадукацыі: пры фармаваньні беларускамоўных груп у садках будуць улічвацца інтарэсы большасьці
Цяпер, калі зьявілася магчымасьць пазначаць пажаданую мову для дзіцяці пры пастаноўцы на чаргу, у садок запісваюць дзяцей, народжаных у гэтым годзе, дадае Баярына. Хіба адзінкі могуць станавіцца ў чаргу у той жа год, калі хочуць аддаць дзіця ў садок. «Замовы на беларускія групы» цяпер толькі пачалі паступаць — і яны тычацца ў асноўным дзяцей, якія пойдуць у садкі хіба што праз два гады.
Раней бацькі зладзілі маніторынг — праверылі больш як сотню менскіх садкоў. Паводле аднаго з водгукаў, у 314-м садку ўсё ж склалася адна група, дзе ўсе дзеці зь беларускамоўных сем’яў. У астатніх толькі частка дзяцей і частка выхавальніц размаўляюць па-беларуску.