Улады Таджыкістану вызначылі памеры для надмагільных плітаў на могілках краіны, паведамляе таджыцкая служба Свабоды.
«Даўжыня гарызантальнай надмагільнай пліты не павінна перавышаць паўтара мэтра, шырыня — аднаго мэтра і вышыня — паўмэтра, — паведаміў радыё супрацоўнік Камітэту ў справах рэлігіі і ўпарадкаваньня традыцыяў Таджыкістану. — Памеры вэртыкальнай надмагільнай пліты такія: вышыня — да аднаго мэтра, шырыня — паўмэтра і таўшчыня — дзесяць сантымэтраў. Гэтыя стандарты вызначаныя пастановай ураду краіны».
Паводле чыноўніка, кантроль за рэалізацыяй рашэньня ўраду ўскладзены на мясцовыя ўлады і прадстаўніцтвы Камітэту ў гарадах і раёнах.
«Цяпер вядуцца тлумачальныя гутаркі сярод насельніцтва, пакараньне за парушэньне парадку пакуль ня ўведзена», — дадаў службовец.
Ён таксама адзначыў, што новыя стандарты надмагільных плітаў вызначаныя, каб не дапусьціць пампэзнасьці і дэманстрацыі матэрыяльнага дабрабыту памерлых і іхных сямейнікаў.
Закон «Аб упарадкаваньні традыцыяў, урачыстасьцяў і абрадаў»
Год таму парлямэнт Таджыкістану ўхваліў папраўкі да закону «Аб упарадкаваньні традыцыяў, урачыстасьцяў і абрадаў».
Паводле паправак, абрады найменьня, укладваньня ў калыску, адзначэньня 40 дзён па нараджэньні дзіцяці, першай стрыжкі дзіцяці ды іншыя «дзіцячыя» абрады «дазваляюцца ў коле сямʼі, без забіцьця жывёлы і паслуг дзеячоў мастацтва».
Замест гэтага семʼям прапануецца адкрываць банкаўскія рахункі для сваіх дзяцей і выдаткоўваць грошы на іхную адукацыю і разьвіцьцё.
Правядзеньне абраду сёмага дня па нараджэньні наагул забараняецца. Паводле гэтага абраду, калі нараджаецца хлопчык, бацька немаўляці павінен забіць дзьвюх авечак, у выпадку нараджэньня дзяўчынкі — адну авечку.
Папраўкі таксама строга абмяжоўваюць традыцыйныя пахавальныя абрады і забараняюць праводзіць многія захады з нагоды сёмага дня і паўгодзьдзя з дня сьмерці.
Увосень 2017 году ўлады забаранілі праводзіць пампэзныя ўрачыстасьці, прысьвечаныя гадавіне або юбілею дзяржаўных установаў.