Кузьма Чорны. Празаік, драматург і публіцыст. Нарадзіўся ў 1900 годзе на тэрыторыі Слуцкага павету. Памёр у 1944 годзе ў Менску, пахаваны на Вайсковых могілках.
Мікола Раманоўскі, унук
«Я бываю на Вайсковых могілках, як міма праходжу, — расказвае Мікола. — Мяне яшчэ малога мама брала з сабой на магілу дзеда. Яна садзіла там браткі. Штучных кветак мы не прыносілі. Іх бабуля не любіла. Гэтыя могілкі для мяне — памятка ня толькі пра дзеда, а пра ўвесь той час. Там ляжаць і яго знаёмыя, і проста людзі, якія хадзілі зь ім па адных вуліцах. Людзі, сярод якіх адбываецца дзеяньне ягоных твораў — „Сястры“, „Насьцечкі“, увесь гэты сьвет».
Па словах Міколы Раманоўскага, у 70-я гады мінулага стагодзьдзя магіл на Вайсковых могілках было нашмат больш, чым зараз. Цяперашняе прарэджваньне — далёка ня першае.
«Нагу не было куды паставіць, — узгадвае ўнук Кузьмы Чорнага. — З таго часу шмат магіл пазносілі. Гэтыя прагаліны, што там цяпер, гэта ўсё зьнесеныя магілы. Ня толькі сёлета, калі новая хваля „добраўпарадкаваньня“ пайшла. Іх і раней памалу прыбіралі і нічога на тых месцах ня ставілі».
Да так званага добраўпарадкаваньня, якое ўжо прымусіла пракуратуру накіраваць лісты ў Менгарвыканкам і Міністэрства культуры, Мікола Раманоўскі ставіцца крытычна.
«Тое, што там цяпер адбываецца, гэта проста натуральны рабунак, — кажа ён. — Некалі быў звычай хаваць разам зь нябожчыкам каштоўнасьці. І рабаўнікі раскопвалі магілы, каб іх скрасьці. Зь цяперашняй магілы нічога каштоўнага ня выкапаеш. Самае каштоўнае цяпер на паверхні — каменны помнік, літая або каваная агароджа. Але галоўнае — месца: яго можна пусьціць пад новую магілу або яшчэ неяк ім распарадзіцца. Так выглядае сучаснае рабаваньне магіл».
На думку ўнука Кузьмы Чорнага, Вайсковыя могілкі трэба падтрымліваць у тым выглядзе, які гістарычна склаўся. То бок — рабіць тое, чым цяпер займаюцца валянтэры. Але на гэта, кажа Спэцкамбінат, грошай няма. А на знос — ёсьць.
«Тут ёсьць нейкі інтарэс як мінімум з двух бакоў, — мяркуе Мікола. — Ёсьць інтарэс Спэцкамбінату, бо іначай ён бы не ўпіраўся так, каб зносіць пад нуль нават дагледжаныя магілы, не пакідаў бы голае поле. Дарэчы, тое, што дрэвы там пілуюць — гэта насуперак беларускай традыцыі. У нас могілкі звычайна пад дрэвамі, у гаі. Устойлівы выраз ёсьць: чалавека „панесьлі да гаю“ — значыць, на могілкі. І, па-другое, тут ёсьць інтарэс царквы. З храма Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могілках, зьвярталіся ў Менгарвыканкам з просьбай „прывесьці ў парадак“ гэтыя пахаваньні. Царква мае нейкае сваё ўяўленьне пра тое, якімі хоча бачыць Вайсковыя могілкі. Нейкую „канцэпцыю“, „стратэгію“, якой нікому не паказвае і пра якую вядома толькі ў агульных рысах. Але відаць, што традыцыйны выгляд могілак з крыжамі, з агароджамі туды ня ўпісваецца. Здаецца, яны хочуць, каб там было нешта накшталт парку ці сквэру. Зь ліхтарамі, зь нейкімі дадатковымі дарожкамі — якія можна пракласьці толькі па зьнесеных магілах, бо там жа няма квадратнага сантымэтра, дзе нікога ніколі не хавалі. А там яшчэ і будоўля ідзе. І вось маем неймаверную сытуацыю, калі людзі бароняць праваслаўныя крыжы на магілах праваслаўных побач зь дзейным праваслаўным храмам ад праваслаўных сьвятароў».
Міхась Клімковіч. Паэт, драматург, празаік і крытык. Аўтар тэксту гімна БССР «Мы, беларусы». Памёр у Менску ў 1954 годзе, пахаваны недалёка ад Кузьмы Чорнага.
Максім Клімковіч, унук
«У мяне тут пахаваны ня толькі дзед, але і бабуля, цётка, маці, — кажа Максім. — Даволі часта прыходжу. Калі недзе паблізу праходжу, то заглядваю. Унука прыводжу. Калі зь ім прыходзім, то прашу яго паказваць дарогу. Ён ужо ведае, куды павярнуць, як арыентавацца. Упершыню я сюды трапіў, калі мне было гадоў пяць. Бабуля мяне сюды прывяла, удава дзедава. Ён памёр, калі я яшчэ не нарадзіўся. Акурат той узрост, калі чалавек пачынае разумець, што ён сам можа памерці. Разумее, пра што ідзе гаворка».
Максім Клімковіч расказвае, што дзедава магіла зробленая ў стылі 50-х гадоў, калі быў папулярны сталінскі ампір.
«З бацькам мы разам прыходзілі сюды, фарбавалі агароджу, — успамінае ўнук аўтара гімна БССР. — Тут у нас адных пруткоў гнутых пад сотню мэтраў. Бацька вучыў мяне, як старую фарбу аддзіраць, як зачышчаць усё. Такія ўспаміны ў мяне. Цяпер я разумею, што гэта ўсё адкладалася ў падсьвядомасьці. Што радзіма для чалавека — гэта месца, дзе пахаваныя продкі. Вось я ведаў, што ёсьць такі лапік зямлі, куды я прыходжу, каб павітацца зь дзядамі. Дзе я зь імі разьвітваюся, калі сыходжу».
Па словах Максіма Клімковіча, адміністрацыя могілак дзедаву магілу не чапала і ніякіх зваротаў да сям’і паэта не накіроўвала.
«Не краналі яны гэтую частку могілак, — кажа Максім Клімковіч. — Хоць ёсьць тут пазначаныя і надмагільлі, і дрэвы... Гады два таму я ў якасьці журналіста браў інтэрвію ў намесьніка дырэктара Спэцкамбінату Сяргея Тура. І тады ўжо зразумеў, якое ён мае бачаньне. У яго ідэал — Арлінгтонскія могілкі. Аднолькавыя надмагільлі, ніякай агароджы, можна спакойна хадзіць трымэрам. Як я разумею, той жа Тур, Спэцкамбінат — яны ня хочуць нашкодзіць. У іх такое разуменьне эстэтыкі. Хочуць сьпілаваць усе агароджы, прыбраць кветнікі. Гэта ўсё нязручна ў эксплюатацыі, яны хочуць усё прыбраць».
Максім узгадвае, што ў часы яго дзяцінства Вайсковыя могілкі былі лепш дагледжаныя. Аднак у канцы 80-х сталі занепадаць.
«Я тады каля магілы дзеда часам матрацы скручаныя бачыў, — узгадвае Максім. — Значыць, нейкія бамжы прыходзілі начаваць. Крыху далей ад дзедавай магілы бачыў, што хтосьці жыў пад нацягнутай плёнкай, грэўся сьвечкамі па вечарах. Такія рэчы здараліся. Выпіваць сюды прыходзілі. На могілках не было прынята ганяць. А пасьля ўсё стала наладжвацца, больш парадку стала. Сваякі пахаваных часьцей пачалі на могілкі прыходзіць».
Да добраўпарадкаваньня Вайсковых могілак, якое пачалося ў ліпені, Максім Клімковіч ставіцца крытычна.
«Я лічу, што ўсе надмагільлі, якія даглядаюць, павінны заставацца, — мяркуе ён. — Няважна, родныя ці валянтэры. Гэта час. Адно надмагільле ў такім стылі, іншае ў іншым. Яны адлюстроўваюць свой час. Пакуль добраўпарадкуюць іншы сэктар могілак. Тут, дзе пахаваны дзед, працы не вядуцца. Але з часам пачнуць добраўпарадкаваньне і тут. Я зьбіраюся сам прывесьці суседнія зь дзедавай магілай пахаваньні ў парадак. Пачысьціць, пафарбаваць. Ня ведаю, ці хопіць часу і сілаў. Вось тут напрыклад, каталіцкі помнік. Падпісаны па-польску. Лепш яго пакінуць у тым выглядзе, у якім ён ёсьць. Але прышпільваць сябе да агароджы я ўсё ж ня стану. Разумею, што павінен быць нейкі кампраміс. Калі дзе расколатае надмагільле, то лепш, магчыма, паставіць і такі надгалоўнік. Я для сябе адназначнага меркаваньня ня маю на гэты конт».
Еўсьцігней Міровіч. Драматург і тэатральны рэжысэр, пахаваны на Вайсковых могілках у 1952 годзе. Аўтар беларускамоўных п’ес «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» і шэрагу іншых. Народны артыст БССР.
Максім Міровіч, праўнук
«Бываем на магіле прыкладна раз на год. Стараемся, каб усё там было дагледжана, — расказвае Максім пра свае візыты на Вайсковыя могілкі. — Прадзед пахаваны ля самай царквы, і там стаіць помнік. Агароджы няма, там не звычайная магіла. Яе ніхто не чапае. Не скажу, што ў мяне ёсьць асаблівыя ўспаміны пра наведваньне Вайсковых могілак і магілы прадзеда. Адзінае, што адклалася, — гэта вельмі старыя могілкі. Наколькі ведаю, сам храм Аляксандра Неўскага — адзін зь нешматлікіх менскіх храмаў, які захаваўся ў сваім першапачатковым выглядзе»
Максім — вядомы ў Беларусі блогер. Ён прызнаецца, што да традыцыйных для беларусаў паходаў на могілкі ставіцца крытычна. На думку праўнука знакамітага драматурга, лепш узгадваць пра справы, зробленыя чалавекам, чым хадзіць да яго на магілу. Асабліва крытычна Максім Міровіч ставіцца да звычкі выпіваць на могілках. Нягледзячы на гэта, нашчадку Еўсьцігнея Міровіча не падабаецца, як цяпер адбываецца добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак.
«Я сачу за тым, што зараз адбываецца на Вайсковых могілках, — кажа Максім Міровіч. — Мне ня вельмі падабаецца, што ўлады ўмешваюцца туды. Магілы, асабліва старыя, зьяўляюцца культурнай каштоўнасьцю. Гэта помнік адносінам да мёртвых у мінулы пэрыяд гісторыі. І туды ўмешваецца дзяржава».
На думку блогера, уладам варта было пашукаць усіх нашчадкаў, чые магілы яны добраўпарадкуюць, і спытаць іх дазволу.
«Зараз яны там зразаюць старыя агароджы, прыбіраюць пліты. Але сама агароджа і надмагільная пліта — гэта ўжо частка культуры, спадчына, — кажа Максім Міровіч. — Так рабіць, напэўна, недапушчальна. Максымум, што можна было зрабіць у межах добраўпарадкаваньня, — гэта прыбраць сьмецьце, падстрыгчы траву».
На думку Максіма Міровіча, прадстаўнікі ўладаў ня хочуць нашкодзіць мэтанакіравана. Справа хутчэй у тым, што добраўпарадкаваньнем займаюцца людзі недастаткова дасьведчаныя.
«Магчыма, адсутнасьць нейкага густу прыводзіць вось да такіх мераў, — кажа Максім. — Тое самае адбываецца з абразаньнем дрэваў у горадзе, напрыклад. Людзі часта не задумваючыся робяць такія рэчы, ня самыя лепшыя для гораду».
Гісторыі людзей, чые магілы зруйнавалі на Вайсковых могілках