Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўная прастора Вайсковых могілак: унікальная, недасьледаваная, нашая


Вайсковыя могілкі сталі чарговым полем змаганьня за памяць.

Але рэдка гаворыцца пра Вайсковыя могілкі як моўны помнік. І наагул беларуская эпітафіка з мовазнаўчага гледзішча — пакуль ледзь аранае поле.

Між тым толькі Кальварыйскія і Вайсковыя могілкі — гістарычныя гарадзкія нэкропалі, якія памятаюць Менск як сталіцу БНР і як галоўны горад міжваеннай БССР. І толькі на Вайсковых, Кальварыйскіх і Ўсходніх беларускіх эпітафіяў дастаткова, каб аналізаваць іхныя моўныя асаблівасьці.

Важна, якую мову блізкія памерлага сьвядома выбіралі для надпісу. Родзічы адказна ставяцца да эпітафіі; часам і канфлікты бываюць. Калі выбіраюць беларускую мову — значыць, яна для іх мае высокі сацыяльны статус. Але ж ня менш цікавыя і стыхійныя, г. зв. непісьменныя напісаньні — калі пісалі як умелі, за жывым маўленьнем.

Шматмоўны нэкропаль

Прыкладам, на Вайсковых пабачым усе чатыры афіцыйныя ў міжваенную пару мовы — беларускую, ідыш, польскую і расейскую. Ужо хаця б таму могілкі ўнікальныя.

Ушанаваньне памяці Рут Ўолер. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джордж Нол, сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасынга, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Віктар Чараховіч і Дзьмітры Бякцяжкін, дырэктар менскай сярэдняй школы № 130. 4 жніўня 2016 г.
Ушанаваньне памяці Рут Ўолер. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джордж Нол, сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасынга, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Віктар Чараховіч і Дзьмітры Бякцяжкін, дырэктар менскай сярэдняй школы № 130. 4 жніўня 2016 г.

А плюс яшчэ царкоўнаславянскую (помнікі сьвятарам і манашкам); францускую (помнік цешчы Янкі Купалы Эміліі Манэ-Станкевіч; аўтэнтычны помнік памянялі на новы, з сумнеўным напісаньнем імя і „выпраўленьнем памылак“); ангельскую (сьціплы помнік супрацоўніцы гуманітарнай місіі ААН амэрыканцы Рут Ўолер, якая, выратаваўшы зь ледзяной вады двух беларускіх хлопчыкаў, захварэла і памерла); армянскую (знак памяці ахвяраў землятрусу ў Сьпітаку, дзе надпіс таксама і па-беларуску).

Беларускамоўных помнікаў магло быць значна болей. Але знакамітыя навукоўцы, творцы і палітыкі міжваеннай пары, якія маглі мірна спачыць там пад беларускімі эпітафіямі, ляглі ў курапацкія ямы або ў вечную мерзлату.

Настаўнік Каленчыц са Случчыны

Вайсковыя могілкі, Менск. Андрэй Данілавіч Каленчыц, настаўнік са Случчыны
Вайсковыя могілкі, Менск. Андрэй Данілавіч Каленчыц, настаўнік са Случчыны

Вельмі каштоўныя надпісы па-беларуску над магіламі знакамітых творцаў і дзеячоў беларускае культуры й палітыкі. Але для моўнага, асабліва сацыялінгвістычнага, аналізу ня менш важныя эпітафіі па-беларуску іншым людзям — розных заняткаў і рознага статусу.

Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Карбановічаў
Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Карбановічаў

Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Фабрыставых
Вайсковыя могілкі, Менск. Сям’я Фабрыставых

Вайсковыя могілкі. Сям’я Багінскіх
Вайсковыя могілкі. Сям’я Багінскіх

А таксама эпітафіі з імёнамі Аляксандры Пуроўскай, Марылі Розум і Льва Розума, Юзэфы Саўрыцкай і Лёні Рубаніка ды многіх іншых.

Піанэрка, але яшчэ недастаткова інтэрнацыянальная...

Зразумела, што на помніках, пастаўленых да 1933 году (да правапісна-моўнай „рэформы“), — надпісы клясычным правапісам, а таксама з адметнай граматыкай ды лексыкай.

Вайсковыя могілкі. Сьпявак Арсэн Арсэнко (цяпер афіц. Арсеній Арсенка)
Вайсковыя могілкі. Сьпявак Арсэн Арсэнко (цяпер афіц. Арсеній Арсенка)

Тыя, хто ставіў помнік 10-гадовай дзяўчынцы, палічылі важным сказаць нашчадкам пра яе прыналежнасьць да дзіцячай камуністычнай арганізацыі:

Вайсковыя могілкі. „Піанэрка“ Галя Вайтэнкава
Вайсковыя могілкі. „Піанэрка“ Галя Вайтэнкава

Піанэрка — зь цьвёрдым зычным Н адпаведна правілам клясычнага правапісу, а таксама з аканьнем. Слова ў БССР шматпакутнае, яго пісалі яшчэ і піянэр (Слоўнік пэдагагічных дысцыплін, 1930), і піянер (Некрашэвіч і Байкоў у вялікім слоўніку 1928 г.), і піонэр (Вайсковы слоўнік,1927). Урэшце ў 1933 годзе пастаўлена пагрозьлівая кропка:

Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз „о“: у нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы „комуна“, „комунізм“, „рэволюцыя“, „совет“, „соцыялізм“, „большэвік“, „піонер“, „Комінтэрн“, „комсамол“, „пролетарый“... пішуцца і ў нас праз „о“, г. зн. захоўваецца ў корані іх першакрыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма.

Так што напісаньне піанэрка ў 1933 годзе раптам стала праяваю нацдэмаўшчыны...

Надпісы клясычным правапісам аднавіліся ў найноўшы час. Гэта, прыкладам, эпітафія Сьвятлане Клімковіч; Вітаўт Кіпель паставіў помнік сваёй бабулі Марфе Ваўчок-Зубкоўскай і яе брату Лукашу Ваўчку.

Міхась, але Нікалай

Вайсковыя могілкі даюць матэрыял для аналізу беларускіх іменаслоўных традыцыяў у розныя эпохі. Гістарычна ў нас не было моцнага кантрасту паміж статусам так званых афіцыйных (раней царкоўных, кананічных, пазьней „пашпартных“) і народных, фактычна нацыянальных формаў імёнаў. Гэты стэрэатып — нібыта народнае імя непрыдатнае для паперы і каменю — прыйшоў з Расейскай імпэрыі ды савецкіх канцылярскіх шаблёнаў.

А тут над магіламі пісьменьнікаў бачым беларускія нацыянальныя формы агульнахрысьціянскіх імёнаў, якімі яны сябе называлі: Янка (Купала), Паўлюк (Трус), Алесь (Гурло), Міхась (Клімковіч)...

Вайсковыя могілкі, Менск. Паэт Паўлюк Трус
Вайсковыя могілкі, Менск. Паэт Паўлюк Трус

Ніякія гэта не памяншальна-паблажлівыя, а паўнавартасныя, стылёва нэўтральныя імёны, калі нашчадкі творцаў палічылі магчымым увечніць іх у камені. Зрэшты, імёны такія годна насілі ня толькі творцы, а і вельмі патрэбныя гарадзкой гаспадарцы людзі:

Вайсковыя могілкі, Менск. Янка Вашкевіч. Імя прымальнае і ў расейскім напісаньні
Вайсковыя могілкі, Менск. Янка Вашкевіч. Імя прымальнае і ў расейскім напісаньні

Мужчынскія імёны грэцкага і лацінскага паходжаньня на -ios/-ius беларуская мова асвойвала або з нулявым канчаткам, або формамі без канцавога -й: Васіль, Арсен, Георгі (старая народная форма Юры). Напісаньні накшталт Георгій замацаваліся праз расейскі ўплыў.

Вайсковыя могілкі, Менск. Пісьменьнік Георгі Шчарбатаў
Вайсковыя могілкі, Менск. Пісьменьнік Георгі Шчарбатаў

Зь іншага боку, у розныя пэрыяды рознае было і стаўленьне (мо навязанае?) да выразна беларускага характару іншых імёнаў. Бачым некалькі прыкладаў, калі беларуса ў беларускамоўнай эпітафіі называюць Нікалай. Усе яны 1930-х — 50-х гадоў.

Вайсковыя могілкі. Прыклад ужываньня імя Нікалай
Вайсковыя могілкі. Прыклад ужываньня імя Нікалай

Пятроў сын

Імя па бацьку на -віч, -ўна як абавязковая частка найменьня чалавека не ўжывалася ў Беларусі цягам апошніх стагодзьдзяў, яно прыйшло разам з расейскай акупацыяй і савецкай уладай. Ужо ў XX ст. пры патрэбе, у дакумэнтах з абавязковай графой „імя па бацьку“, людзі запісвалі бацькава імя ў родным склоне: чый сын / чыя дачка? Янаў, Пятрова.

Знаходзім прыклады, калі расейская мадэль імя па бацьку не выкарыстоўвалася, і на Вайсковых могілках:

Вайсковыя могілкі. Імя па бацьку на -оў
Вайсковыя могілкі. Імя па бацьку на -оў

Паўлюк Трус? Не, грамадзянін Трус П.

Я і раней заўважаў, што ў ХХ стагодзьдзі ў Беларусі памяняўся парадак кампанэнтаў імя ў эпітафіях.

Даўней было натуральна: перш асабовае імя, а потым імя па бацьку (неабавязкова) і прозьвішча. Прозьвішча ідзе першым і вылучаецца ў фамільных склепах ці на супольным помніку для некалькіх чалавек адной радзіны. Наагул у нашым рэгіёне Эўропы асобу характарызуе найперш уласнае асабовае імя, яно гістарычна і зьявілася першым — задоўга да мянушак патронімаў, геаграфічных азначэньняў, прыдомкаў, якія сталі прозьвішчамі.

На сучасных жа могілках пануе адваротны парадак: прозьвішча + імя + імя па бацьку.

Часам на адным і тым самым помніку бачым і ранейшую натуральную, і пазьнейшую адваротную пасьлядоўнасьць: Алесь Кандратавіч Гурло (памёр у 1938 г.) і Гурло Мария Владимировна (пам. у 1993). Або:

Вайсковыя могілкі. Розны парадак складнікаў імя на адным помніку
Вайсковыя могілкі. Розны парадак складнікаў імя на адным помніку

На Вайсковых зьмена пачалася да вайны, але пералом адбыўся прыблізна ў 1940-я. Хаця і раней бывалі прэцэдэнты, як гэты помнік „чырвоным партызанам“, сьпіс на якім, хутчэй за ўсё, з адпаведнага рапарту.

Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік „чырвоным партызанам“ 1920 г.
Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік „чырвоным партызанам“ 1920 г.

Прычына зруху, на маю думку, відавочная: савецкі канцылярскі стыль, у якім асоба была на апошнім месцы. Для пэўнасьці пашукаў працы іншых дасьледнікаў. Расейскія мовазнаўцы М. Кітайгародзкая і Н. Розанава ў грунтоўнай працы „К характеристике жанра современной эпитафии в социокультурном аспекте“ пацьвердзілі маю гіпотэзу:

„Компоненты имени умершего располагались в следующем порядке: ИМЯ+ОТЧЕСТВО+ФАМИЛИЯ.
На современных памятниках ... наиболее распространен инвертированный порядок следования компонентов имени: ФАМИЛИЯ+ИМЯ+ОТЧЕСТВО. Подобная форма представления имени собственного, характерная для официально-делового стиля, отражает влияние советского казенно-канцелярского стереотипа... Ниже полного имени располагаются годы жизни и смерти (часто без указания месяца и даты), которые даются через тире“.

Спэцкамбінат Менгарвыканкаму скараціў да немагчымага эпітафіі на так званых „надгалоўніках“, як быццам зазіраючы ў гэтую навуковую працу — у поўнай адпаведнасьці з савецкім канонам.

Вайсковыя могілкі, Менск. Арыгінал надпісу. Фота Зьм. Юркевіча
Вайсковыя могілкі, Менск. Арыгінал надпісу. Фота Зьм. Юркевіча

Вайсковыя могілкі, Менск. „Надгалоўнік“ з адвольна скарочаным, перастаўленым і зьмененым надпісам. Фота Зьм. Юркевіча
Вайсковыя могілкі, Менск. „Надгалоўнік“ з адвольна скарочаным, перастаўленым і зьмененым надпісам. Фота Зьм. Юркевіча

​І без згрызотаў сумленьня мяняе парадак найменьня чалавека, чым прынцыпова скажае антрапанімічны лад арыгінальнай эпітафіі.​

Эпітафіі як люстэрка лёсу прозьвішчаў

Русыфікацыя беларускіх прозьвішчаў адбывалася ў некалькі этапаў. Найперш прышлыя ўлады ўжо з канца XVIII ст. перапісвалі тутэйшых жыхароў адпаведна расейскай фанэтыцы і іменаслоўным традыцыям. Пазьней ужо і самыя людзі — у расейскім/савецкім войску, пераяжджаючы ў горад, робячы дзяржаўную кар’еру — дапасоўвалі як умелі свае нязвыклыя для Масквы імёны-прозьвішчы да агульнаімпэрскага стандарту. Магчыма, на Вайсковых могілках бачым сьведчаньні гэтага:

Вайсковыя могілкі, Менск. Прозьвішча Акола
Вайсковыя могілкі, Менск. Прозьвішча Акола

А побач помнік сям’і — Околовы.

Ідэйна правільны ідыш

Помнік Барысу (Боруху) Сольцу мае надпіс на ідыш: ён быў рэдактарам менскага двутыднёвіка „Юнгэр арбэтэр“.

Вайсковыя могілкі. Эпітафія на ідыш
Вайсковыя могілкі. Эпітафія на ідыш

Таксама імя ды прозьвішча ягоныя — не на іўрыце (паводле юдэйскай рэлігійнай традыцыі), а ў сьвецкай вэрсіі — ідыш (дзякую Сяргею Шупу за пацьверджаньне). Такім чынам, і эпітафія цалкам на ідыш — важная моўная адметнасьць Вайсковых могілак.

Магчыма, частка польскіх надпісаў — над пахаваньнямі, перанесенымі з разбураных Залатагорскіх кладоў. У іх нярэдкія памылкі, а нават „гібрыдныя“ (і тым цікавыя!) лацінкава-кірылічныя напісаньні. Як гэтае:

Вайсковыя могілкі. Лацінка і кірыліца
Вайсковыя могілкі. Лацінка і кірыліца

Невядома, ці пісаў імя КNРАСNРОВА Феня (пам. у 1947) кірыліцай лацінкапісьменны, ці проста малапісьменны, але маем помнік эпітафічнай творчасьці. І няўжо яго маюць выпраўляць чужыя людзі?​

Напісаньні ў эпітафіі зьберагаюць моўную сытуацыю эпохі, моўнае пачуцьцё родзічаў памерлага (ці сьвятара, ці нават разьбяра, а часам начальства). Прыклад афіцыйнай эпітафіі з макаранічнай устаўкай ды зрусыфікаванымі формамі імёнаў:​

Вайсковыя могілкі. Помнік У. Крыловічу
Вайсковыя могілкі. Помнік У. Крыловічу

А гэта беларускі помнік ад сям’і.

Вайсковыя могілкі, Менск. Адам Пятровіч, эпітафія зь мімавольнымі памылкамі. Фота Марысі Максіменкі
Вайсковыя могілкі, Менск. Адам Пятровіч, эпітафія зь мімавольнымі памылкамі. Фота Марысі Максіменкі

Ня ведаю, ці расейскамоўныя напісаньні накшталт Дзявочко, Миранович, Леванович, іншыя адпавядаюць дакумэнтальным формам прозьвішчаў, але ў кожным разе яны зьберагаюць рысы беларускае фанэтыкі (як і Вовачка).

Дарэчы, „гіпэрнармальныя“ напісаньні накшталт Сушо, Томара — таксама сьведчаньне беларускага ўплыву, калі чалавек інтуіцыйна ўнікае на пісьме „аканьня“.

Лягічна, што адно з найважнейшых правілаў, замацаваных ва ўсясьветнай практыцы рэстаўрацыі могілак як помніку культуры, — пры неабходнасьці рабіць копію эпітафіі або абнавіць яе, але не мяняць ані літары, ані знаку.

А ў нас... Пахаваньне дзіцяці (Валечка Хрущев, фота вышэй) зазнала „благаўпарадкаваньне“. Тут ня толькі пракрустаўскі падыход да тэкстаў і датаў, ня толькі саветызацыя парадку кампанэнтаў імя. На якой падставе мяняецца напісаньне прозьвішча Хрущев і чаму яно цяпер Хрущёв? А можа тая сям’я — Хрýшчавы?

Беларусізацыя — у руках сям’і

Мяняць мову і нешта карэктаваць на новай эпітафіі — права і справа нашчадкаў. Цешыць вока, калі яны спраўляюць новы помнік родным па-беларуску, прычым вельмі карэктна:

Вайсковыя могілкі. Прыклад карэктнай беларусізацыі
Вайсковыя могілкі. Прыклад карэктнай беларусізацыі

Імёны і прозьвішчы па-беларуску — на новай пліце. Але пакінутая для інфармацыі і сьціплая ранейшая таблічка.

У культурнай сям’і дакладна ведаюць, як гучала па-беларуску імя і прозьвішча продка:

Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік Міхаілу Шатэрніку, новая таблічка па-беларуску. Фота Кацярыны Парыжаскай
Вайсковыя могілкі, Менск. Помнік Міхаілу Шатэрніку, новая таблічка па-беларуску. Фота Кацярыны Парыжаскай

Без кансультацыі зь сям’ёй у чыноўніка атрымаўся б „Шацернік“.

Беларусь — не Расея

Могілкі пачаткова былі толькі праваслаўныя. На іх тэрыторыі цяпер актыўна прырастае дадатковымі будынкамі храм РПЦ.

Вайсковыя могілкі, Менск. Аб’ява ў царкве РПЦ
Вайсковыя могілкі, Менск. Аб’ява ў царкве РПЦ

І ўсё ж на адной з эпітафіяў знаходзім нечаканае і прачулае сьведчаньне, што тут не Расея.

Вайсковыя могілкі. „В стране чужой...“
Вайсковыя могілкі. „В стране чужой...“

Дзяўчына-студэнтка з далёкай Самары (Куйбышава) пахаваная „в стране чужой“...

А як робяць у сьвеце?

Беларускі закон „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны“ дае азначэньне:

Пад гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі разумеюць матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя выявы творчасьці чалавека, якія маюць унікальныя духоўныя, мастацкія і (ці) дакумэнтальныя вартасьці і якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Апошнія словы пакідаюць прастору для чыноўніцкага самавольства. На шчасьце, Вайсковыя могілкі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці (2-й катэгорыі) маюць. Таксама ў сьпіс каштоўнасьцяў асобна ўнесеныя тры магілы: Янкі Купалы, Якуба Коласа і ягонай жонкі Марыі Дзьмітраўны. Але ж з гэтага не вынікае, што іншыя магілы і знакі ня ёсьць каштоўнасьцю! Яны ўтвараюць цэласьць, што б ні казалі цяпер дэмагогі, і ўсе падлягаюць ахове. У тым ліку як моўны помнік — з духоўнымі і дакумэнтальнымі вартасьцямі.

Надпісы як форму культурнай спадчыны называе Канвэнцыя аб ахове ўсясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO (1972, Беларусь падпісала ў 1988). Лёс надпісаў як помнікаў адсочваюць нацыянальныя і рэлігійныя супольнасьці. Прыкладам, Рада правоў чалавека ААН занепакоеная зьнікненьнем армянскіх надмагільных камянёў падчас рэстаўрацыйных працаў, якія вялі турэцка-кіпрскія ўлады (2017 г.).

Зьвернемся да досьведу краін, дзе нашых „благаўстраіцеляў“ і на гарматны стрэл не дапусьцілі б да рэканструкцыі могілак:

Сымбалі і тэксты, напісаныя на надмагільлях, зьмяшчаюць важную інфармацыю для разуменьня мінуўшчыны. (...) Матэрыял, формы, надпісы і ўпрыгожаньні, выяўленыя на надмагільлях, ёсьць важнымі кампанэнтамі матэрыяльнай культуры.
(Агенцтва захаваньня гістарычнай спадчыны штату Ілінойс, ЗША)

Мова надпісу і выбар спадарожнай біблійнай цытаты ці верша можа адлюстроўваць стаўленьне супольнасьці або рэлігійнай грамады таго часу, або стаўленьне спадкаемцаў ці нашчадкаў, ці густы і меркаваньні тых, хто адышоў.
...Надпісы і ўпрыгожаньні на камянях, якія ўяўляюць цікавасьць з прычыны іхнага стылю і характару, не павінны высякацца наноў. (...) Іншыя надпісы могуць быць высечаныя наноў пры ўмове, што: 1) іх высякае кампэтэнтны разьбяр; 2) дакладны выгляд і памылкі арыгіналу старанна зьберагаюцца.
(Нацыянальны фонд Аўстраліі, штат Новая Паўднёвая Валія)

Ёсьць бліжэйшы досьвед. Сёлета пачынаецца рэстаўрацыя гістарычных віленскіх могілак Роса коштам каля 3 млн эўраў, большую частку сумы Віленскае самакіраваньне атрымае з Фонду рэгіянальнага разьвіцьця Эўрапейскага Зьвязу. Як іх будуць упарадкоўваць — кожны можа пабачыць: дакумэнты адкрытыя. І папярэдне літоўскія і польскія навукоўцы падрыхтавалі канцэпцыю ўпарадкаваньня, выканаўшы праект „Могілкі на Росе ў Вільні. Інвэнтарызацыйныя, гістарычныя і мовазнаўчыя дасьледаваньні“.

Зрэшты, яшчэ ў анкеце для літоўскіх дыялектолягаў 1997 году, якую ўклаў разам з Л. Грумадзене вядомы мовазнаўца, некалі супрацоўнік АН Беларусі Валер Чэкман, ёсьць адмысловае пытаньне пра найменьні людзей і мясьцінаў на надмагільных помніках — для аднаўленьня „моўнага краявіду“ розных эпох.

А калі цяперашнія законы Рэспублікі Беларусі не карэлююць зь міжнароднымі канвэнцыямі і міжнароднай практыкай, калі статус могілак у нас дагэтуль вызначаецца паводле савецкага ўзору — значыць, трэба мяняць заканадаўства. Прычым не пад чыноўнікаў і бізнэсмэнаў з апетай Ільфам-Пятровым арцелі „Німфа“.

Яны здольныя на ўсё

Ня ведаю, ці брыгада КБА Менгарвыканкаму на канвэерных так званых „надгалоўніках“ мяняла мову эпітафіяў на расейскую. У кожным разе, усе пастаўленыя новыя „надгалоўнікі“ або па-расейску, або пустыя.

Але ўсё можа быць. Яны ж не зважаюць на пачуцьці нашчадкаў памерлых: выкасоўваюць „лішнія“ сказы і словы на эпітафіях, самавольна скарачаюць даты нараджэньня і сьмерці. Скажам, чалавек адышоў у 1944 годзе. Няўжо ня мае значэньня канкрэтны дзень і месяц сьмерці, які можа сказаць шмат пра яе акалічнасьці?

***

Эпітафікай я цікавіўся і раней. Але маю ўвагу менавіта да Вайсковых могілак прыцягнуў чын валянтэраў, якія ахвяруюць свой асабісты час, энэргію і сродкі на зьберажэньне помніку культуры і яго абарону ад невукаў пры ўладзе. Кацярына Парыжаская папрасіла напісаць тэкст, сабрала разам з калегамі першапачатковую базу фота помнікаў па-беларуску. Дзякую ўсім чальцам супольнасьці „Вайсковыя могілкі“ ў Фэйсбуку — гэта Павал Каралёў, Зьміцер Юркевіч, Алена Каткова і многія іншыя. Спадзяюся, што будзе сабрана і прааналізавана значна больш фота моўных артэфактаў на Вайсковых і ўсіх іншых могілках Беларусі. А галоўнае — што мы як здаровае і культурнае грамадзтва спынім разбурэньне нашай памяці.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG