27 жніўня ў судах Менску праходзяць судовыя працэсы над актывістамі, затрыманымі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце супраць судовага рашэньня ў дачыненьні да лідэраў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч аштрафаваны на 45 базавых велічыняў (1102,5 рубля). Такое рашэньне прыняў суд Ленінскага раёну Менску, паведаміў БелаПАН журналіст Ільля Дабратвор, які прысутнічаў на судзе.
Актывіста кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага суд Ленінскага раёну Менску аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1225 рублёў) паведамляе БелаПАН.
Апазыцыйныя актывісты Леанід Кулакоў і Мая Навумава аштрафаваныя на 40 базавых велічынь кожны (980 рублёў). Такое рашэньне 27 жніўня прыня паводле рашэньня Маскоўскага раённага суду Менску, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».
24 жніўня пасьля абвяшчэньня прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку каля будынка Дома правасудзьдзя актывісты зладзілі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюзу. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцяг прафсаюзу РЭП і «Эўрапейскай Беларусі».
Прыкладна празь 10 хвілін да іх пад’ехаў чырвоны аўтобус з амапаўцамі, якія затрымалі актыўных пікетоўцаў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, былі затрыманыя 11 чалавек: апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч, актывісты Леанід Кулакоў, Вольга Мікалайчык, Мая Навумава, Максім Вінярскі і рэгіянальныя актывісты Ўладзімер Неўмяржыцкі, Алесь Абрамовіч (з Барысава), Павел Мрочка (Берасьце), Аляксандар Чмыхаў (Бабруйск), Тамара Зайцава (Калінкавічы), Андрэй Хрэнкоў.
З 11 затрыманых у пятніцу і дастаўленых у РУУС Маскоўскага раёну пазьней быў вызвалены толькі адзін пратэстовец. Гэта Алесь Абрамовіч з Барысава, які мае інваліднасьць. Яму адразу ўручылі позву зьявіцца ў панядзелак у судзе ў 11 гадзін. Астатнія 10 чалавек да суду даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў Менску.
Паводле стану на 13 гадзін у судзе адсутнічала інфармацыя аб раскладзе і месцы судовых паседжаньняў. У другой палове дня стала вядома, што затрыманых актывістаў даставілі ў розныя суды. Прынамсі, справу палітыка Міколы Статкевіча будзе разглядаць суд Ленінскага раёну Менску.