Жыхар Магілёва прыслаў на Свабоду ліст з пытаньнем, чаму на музэі Бялыніцкага-Бірулі павесілі дошку ў гонар расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІI.
«Гістарычны пэрсанаж, якога ўвекавечылі шыльдай, вінаваты ў тым, што Беларусь пасьля падзелу Рэчы Паспалітай страціла магчымасьць разьвівацца як эўрапейская дзяржава», — напісаў ён.
Свабода высьвятляла гісторыю зьяўленьня шыльды і падзеі, якую яна ўшаноўвае, — сустрэчы ў Магілёве ўладароў Расеі і Аўстрыі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Шыльду вярнулі пасьля рэканструкцыі музэю
Шыльда з выявай Кацярыны II зьявілася на музэйным будынку апошнімі днямі. На ёй расейскай імпэратрыцы цалуе руку прадстаўнік роду Габсбургаў Ёсіф II. У надпісе ён недакладна названы аўстрыйскім імпэратарам.
Кіраўніцтва музэю, які рэстаўравалі пяць гадоў і зьбіраюцца наноў адкрываць 2 верасьня, кажа: шыльда была на будынку раней, але на час рамонту яе здымалі.
«Яе таксама рэстаўравалі ў Менску і цяпер вярнулі на месца. Яна не зьвязаная з творчасьцю мастака Бялыніцкага-Бірулі, але ёсьць гістарычны факт, што ў гэтым будынку сустракаліся расейская імпэратрыца Кацярына ІІ і аўстрыйскі імпэратар Ёсіф ІІ. Гэтая падзея і ўвекавечана дошкай», — сказалі ў музэі.
Сапраўды, мэмарыяльную дошку першы раз павесілі на музэі ў 2004 годзе. Яе вырабіў скульптар з Расеі Юры Паўлаў у суаўтарстве зь беларускім архітэктарам Уладзімерам Чаленкам. Аргумэнтацыя за ўсталяваньне шыльды была такая: маўляў, тут адбылася сустрэча двух манархаў, на якой вырашыўся лёс Рэчы Паспалітай.
Чаму Ёсіф ня быў аўстрыйскім імпэратарам
Хоць Ёсіф правіў у Аўстрыі і быў імпэратарам, але тытулу аўстрыйскага імпэратара ніколі ня меў, бо Аўстрыя стала імпэрыяй толькі ў 1804 годзе. У часы Ёсіфа яна заставалася эрцгерцагствам, а Ёсіф II насіў тытулы імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі і эрцгерцага Аўстрыйскага.
Кацярына II і Ёсіф ІІ сустракаліся ў траўні 1780 году, пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У Магілёве спадкаемца аўстрыйскага трону быў інкогніта пад імем графа Фалькенштэйна. На сустрэчы з Кацярынай II абмяркоўваліся пляны далейшага падзелу і акупацыі зямель Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Апрача Расеі і Аўстрыі, у падзелах Рэчы Паспалітай удзельнічала Прусія. Адбыліся тры падзелы, у выніку якіх канфэдэратыўная дзяржава продкаў сучасных палякаў, беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў была зьнішчаная.
Трусаў: Тая сустрэча нічога добрага беларусам не прынесла
Гісторык Алег Трусаў кажа, што цяперашні будынак музэю Бялыніцкага-Бірулі, паводле ягоных зьвестак, ніякага дачыненьня да спатканьня двух манархаў ня мае. На яго думку, шыльду пра сустрэчу Кацярыны ІІ і Ёсіфа ІІ варта было павесіць на тым месцы, дзе стаяў Есіфаўскі сабор. Расейская імпэратрыца загадала ўзьвесьці яго ў гонар таго спатканьня. Калі да ўлады прыйшлі бальшавікі, то храм зачынілі і арганізавалі ў ім музэй рэлігіі і атэізму. У 1938 годзе, калі Магілёў зьбіраліся рабіць сталіцай Беларусі, праваслаўны храм пабурылі. На яго месцы пабудавалі гатэль для чыноўнікаў. Магілёўцам ён вядомы пад назвай «Дняпро». Цяпер у ім офісы.
«Няхай на шыльдзе і напішуць, што Кацярына збудавала сабор у гонар гэтай сустрэчы, але яго ўзарвалі бальшавікі. Тая сустрэча не была лёсавызначальнай, але паскорыла другі падзел Рэчы Паспалітай, то бок нам нічога добрага яна не прынесла», — кажа Алег Трусаў.
У 2011 годзе ў Магілёве гаварылі пра намеры адбудаваць Ёсіфаўскі сабор. Адзначалася, што ў Расеі і Аўстрыі вядуцца пошукі праектаў, паводле якіх можна было б найбольш дакладна аднавіць зьнішчаны храм. Падобны сабор узьведзены ў Цьвярской вобласьці Расеі.
Шыльда Кацярыне ІІ на музэі Бялыніцкага-Бірулі не адзіная ў Магілёве. Непадалёк ад музэю ёсьць яшчэ адна. На ёй напісана, што ў 1780 годзе расейскай імпэратрыцы магілёўцы падарылі «сымбалічны залаты ключ». Надпісы на абедзьвюх шыльдах — па-беларуску.