Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыехала новая павераная ў справах ЗША


Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг ЗША ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг ЗША ©Shutterstock

У Менск прыбыла новая павераная ў справах ЗША Джэніфэр Мур, паведаміла амбасада ЗША ў Беларусі ў афіцыйным Twitter-акаўнце. Джэніфэр Мур зьмяніла на гэтай пасадзе Робэрта Райлі, які працаваў у Беларусі са жніўня 2016 году.

Джэніфэр Мур — кар’ерная дыпляматка. Перад прыездам у Менск займала пасаду намесьніка дырэктара ўпраўленьня па справах Паўднёвай Эўропы Дзярждэпартамэнту ЗША, якое адказвае за адносіны з Турэччынай, Грэцыяй і Кіпрам, паведамляецца на сайце амбасады ЗША ў Беларусі.

У яе багаты вопыт работы па эўрапейскай тэматыцы, і на працягу большай часткі сваёй кар’еры Мур спэцыялізавалася ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва і рэформаў у сфэры бясьпекі. Яна таксама працавала намесьніцай дырэктара ўпраўленьня Дзяржаўнага дэпартамэнту па міратворчай дзейнасьці, санкцыях i барацьбе з тэрарызмам, дарадцы ў палітычных і эканамічных пытаньнях амбасады ЗША ў Тыране (Альбанія), на розных пасадах у палітычным, вайскова-палітычным і эканамічным аддзелах амбасадаў ЗША ў Анкары, Сараеве, Багдадзе і Джакарце.

Акрамя гэтага, Мур была дзяжурным супрацоўнікам апэратыўнага цэнтру Дзярждэпартамэнту і асыстэнтам памочніка дзяржсакратара ЗША ў вайскова-палітычных пытаньнях.

Дыпляматка неаднаразова атрымлівала найвышэйшыя ганаровыя ўзнагароды Дзярждэпартамэнту. Вывучала расейскую, турэцкую, сэрбскахарвацкую, альбанскую і інданэзійскую мовы.

Джэніфэр Мур нарадзілася ў штаце Джорджыя і скончыла Тэхналягічны інстытут штату, атрымаўшы ступень бакаляўра і магістра міжнародных адносін, а таксама магістра публічнай палітыкі.

Робэрт Райлі, які працаваў у Беларусі са жніўня 2016 году, пакінуў Беларусь у сярэдзіне ліпеня. Пасьля сканчэньня місіі ў Беларусі Дзярждэпартамэнт ЗША накіраваў Райлі ў Барсэлёну.

Пры Робэрту Райлі амбасада ЗША аднавіла выдачу амэрыканскіх візаў у Менску ў поўным аб’ёме, нягледзячы на абмежаваньні для штату дыпляматаў ЗША ў Беларусі, уведзеныя афіцыйным Менскам у 2008 годзе.

Робэрт Райлі
Робэрт Райлі

Таксама актывізаваліся кантакты на афіцыйным узроўні, у тым ліку паміж Сьледчым камітэтам і ФБР, стала нашмат болей культурніцкіх праектаў.

Чаму ў Беларусі няма амбасадара ЗША, а ў ЗША — амбасадара Беларусі

У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх краін было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага. Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.

У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў супраць пашырэньня штату амэрыканскай амбасады да сямі чалавек.

4 траўня 2018 году Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG