Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія выданьні пратэстуюць супраць «нападак» Трампа на свабодную прэсу


Больш за 330 амэрыканскіх газэтаў выйшлі 16 жніўня з рэдакцыйнымі артыкуламі ў абарону свабоды прэсы — у адказ на абвінавачаньні прэзыдэнта Дональда Трампа ў тым, што прэса дае «фальшывыя навіны», і на ягоную заяву аб тым, што журналісты зьяўляюцца «ворагамі» амэрыканскага народу.

Ініцыятарам акцыі выступіла газэта Boston Globe, яе падтрымала ўплывовая агульнанацыянальная газэта The New York Times, а таксама шэраг невялікіх рэгіянальных выданьняў — у тым ліку ў штатах, дзе Трамп перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у 2016 годзе.

Рэдакцыя Boston Globe у публікацыі, разьмешчанай анлайн 15 жніўня, абвінавачвае Трампа ў «пастаянных нападках на свабодную прэсу».

«Веліч Амэрыкі залежыць ад ролі свабоднай прэсы, якая гаворыць праўду ўладам, — напісала Boston Globe. — Ставіць на прэсу таўро „ворагаў народу“ — крок ня толькі антыамэрыканскі, але і небясьпечны для грамадзянскай згоды, якую мы разам утрымлівалі на працягу больш чым двух стагоддзяў».

Газэта Post-Dispatch у Сэнт-Люісе назвала журналістаў «найвярнейшымі патрыётамі».

Sun-Times у Чыкага напісаў, што большасьць амэрыканцаў ведае, што Трамп гаворыць глупствы.

Газэта Observer у Паўночнай Караліне выказала надзею, што Трамп спыніць свае нападкі на мэдыяарганізацыі, аднак адзначае, што ня вельмі верыць у гэта.

Адначасова адно з найбольш уплывовых выданьняў, The Wall Street Journal, адмовілася ад удзелу ў акцыі. Намесьнік рэдактара выданьня Джэймс Фрыман заявіў, што такая ініцыятыва падрывае незалежнасьць рэдакцыйнай палітыкі асобных выданьняў.

Фрыман таксама адзначыў, што Трамп мае права на свабоду слова ў тым самым аб’ёме, што і СМІ, якія ўступаюць зь ім у палеміку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG