Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз марыць стварыць мастацкую галерэю ў старажытным Друйскім касьцёле. Колькі гэта каштавала б


Ксёндз Сяргей Сурыновіч з карцінай Лявона Вольскага, перададзенай аўтарам
Ксёндз Сяргей Сурыновіч з карцінай Лявона Вольскага, перададзенай аўтарам

Ксёндз Сяргей Сурыновіч праводзіць мастацкія пленэры ў касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі — мястэчку на беларуска-латвійскім памежжы. Паводле традыцыі мастакі штораз пакідаюць арганізатару колькі карцін, і ён складае зь іх экспазыцыі, што вандруюць па розных гарадах Беларусі. Ксёндз Сяргей хацеў бы стварыць у касьцёле мясцовую мастацкую галерэю, але пакуль гэта толькі мара.

Пленэр як дыялёг рэлігіі і мастацтва

У касьцельным двары. Працуе мастачка Кацярына Сумарава
У касьцельным двары. Працуе мастачка Кацярына Сумарава

Пробашч парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ксёндз Сяргей Сурыновіч служыць у Друі шосты год — і чатыры гады ладзіць тут пленэры, запрашаючы на іх вядомых беларускіх мастакоў. Кожны год зьбіраецца да двух дзясяткаў сапраўдных прафэсіяналаў, кажа ксёндз Сяргей.

«Гэта найпершая ўмова — высокі мастацкі ўзровень. Я не займаюся запрашэньнем мастакоў, гэта робяць мастацтвазнаўцы. І на пленэр трапляюць сапраўдныя зоркі сучаснага мастацтва. У гэтым годзе з намі працуюць Аляксандар Даманаў, Уладзіслаў Пятручык, Кацярына Сумарава, Зьміцер Сурыновіч — адзін з найлепшых акварэлістаў Беларусі і на ўсёй прасторы СНД», — кажа сьвятар.

Пленэр стаў міжнародным, дадае Сяргей Сурыновіч. Сёлета побач зь беларускімі мастакамі працавалі прадстаўнікі Кітаю, Расеі, Нідэрляндаў.

Мастак з Кітаю Чэнь Вэньхуа
Мастак з Кітаю Чэнь Вэньхуа

Паводле арганізатара, адна з асноўных мэтаў плэнэру — гэта дыялёг паміж рэлігіяй і мастацтвам.

«Бяз гэтага дыялёгу выяўленчае мастацтва няпоўнае. Бо яно бярэ пачатак у заходняй Эўропе, у каталіцтве, — у каталіцкіх абразах. Гэты дыялёг я імкнуся падтрымліваць — ён пра глыбіню, пра сэнс, пра сымболіку».

Мастачка Вольга Куваева рыхтуе падарунак віцебскаму біскупу Алегу Буткевічу — ягоны партрэт
Мастачка Вольга Куваева рыхтуе падарунак віцебскаму біскупу Алегу Буткевічу — ягоны партрэт
Партрэт віцебскага біскупа Алега Буткевіча
Партрэт віцебскага біскупа Алега Буткевіча

Сёлета Сяргей Сурыновіч і сам узяўся за пэндзаль — пасьля працяглага перапынку. Увогуле пачаткоўцам у мастацтве яго не назавеш: тры гады, падчас службы ў Калінінградзе, ён навучаўся жывапісу ў майстэрні мастачкі Міраславы Казанцавай і мае некалькі пэрсанальных выставаў.

Мара пра галерэю нарадзілася на Віцебшчыне

Ксёндз Сяргей са сваім творам, напісаным сёлета на пленэры
Ксёндз Сяргей са сваім творам, напісаным сёлета на пленэры

Ксёндз Сяргей — асоба творчая. Падчас навучаньня ў Пецярбурскай духоўнай сэмінарыі ён рэдагаваў газэту «Krynica» Таварыства беларусаў Санкт-Пецярбургу. Пад псэўданімам «Яўген Бартніцкі» выдаў некалькі зборнікаў паэзіі, ягоныя творы публікаваліся ў беларускіх газэтах і часопісах. Займаецца перакладамі і навуковымі дасьледаваньнямі — у галінах тэалёгіі і філялёгіі.

Ён паважае і заўважае творчы падыход да ўсяго ў навакольным жыцьці. Дзякуючы такім назіраньням і нарадзілася ідэя праводзіць пленэры, кажа Сяргей Сурыновіч.

«Я паходжу з Горадзеншчыны. І калі прыехаў на Віцебшчыну працаваць, то быў уражаны: тут людзі з усяго, зь нейкіх амаль выпадковых прадметаў робяць аздобу для сваіх падворкаў, — кажа сьвятар. — Гэта сапраўдныя творы мастацтва. Але такое толькі на Віцебшчыне, у нас такога няма. Убачыў гэтую творчасьць і падумаў: дзе, як ня тут, ладзіць пленэры, каб разьвіваць і мастацтва, і прагу да яго?»

Мастачка Дар’я Сумарава-Копач
Мастачка Дар’я Сумарава-Копач

Мастакі, якія прыяжджаюць на пленэр, працуюць і жывуць у кляштарных кельлях. Тут жа, у касьцёле, ладзяцца выніковыя выставы, гледачамі якіх становяцца госьці і вяскоўцы. Працы мастакоў належаць да самых розных творчых напрамкаў — ад рэалізму да авангардызму, кажа ксёндз Сяргей.

Працы, падрыхтаваныя да выставы
Працы, падрыхтаваныя да выставы

Па традыцыі колькі прац мастакі пакідаюць арганізатару на знак удзячнасьці. Збор, які сёньня мае Сяргей Сурыновіч, мог бы стаць гонарам любога знаўцы-калекцыянэра або музэю. І ў пробашча зьявілася ідэя: чаму б не зрабіць у кляштарных памяшканьнях сапраўдную мастацкую галерэю?

Каб зрабіць памяшканьне для выстаў, трэба 500 тысяч даляраў

Здавалася б, галоўнае для галерэі — гэта мець выставачныя фонды. Але для стварэньня галерэі ў помніку архітэктуры найважней іншае — тое, што робіць увасабленьне мары ксяндза Сяргея практычна нерэальным.

Ксёндз Сяргей паказвае фрагмэнт слуцкага поясу
Ксёндз Сяргей паказвае фрагмэнт слуцкага поясу

«Каб зрабіць мастацкую галерэю, трэба знайсьці 500 тысяч даляраў на тое, каб прасушыць гэты будынак. Каб зрабіць рамонт, патрэбна і болей. Калі няма грошай Нясьвіскі замак давесьці да ладу, дык тут тым болей. Для вёскі гэта нерэальна. А вывесіць палотны ў вільготным памяшканьні — гэта загубіць мастацкія працы», — з горыччу канстатуе Сяргей Сурыновіч.

Ён ня толькі аматар выяўленчага мастацтва, але і калекцыянэр-зьбіральнік. І добра ведае: для любога збору вельмі важныя ўмовы захаваньня. Таму рэдкія артэфакты захоўвае ў сябе дома. Тамсама захоўваецца і калекцыя карцін — у той час, калі яны не экспануюцца на выставах у іншых гарадах. Ксёндз Сяргей вельмі рады такой магчымасьці, бо карціны вартыя таго, каб іх глядзелі людзі. А ў маленькай хацінцы, дзе ён жыве непадалёк ад касьцёла, іх можна паказваць толькі гасьцям.

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы

Дарэчы, трапіўшы ў Друю, пробашч сьпярша пасяліўся ў кляштарным памяшканьні. Але неўзабаве адчуў, што празьмерная вільгаць, асабліва ўзімку, шкодзіць здароўю. І ня дзіва: гэты будынак, узьведзены ў 17 стагодзьдзі ў стылі віленскага барока, падзяліў лёс шмат якіх выбітных помнікаў архітэктуры. У 1944-м касьцёл пацярпеў ад прамога пападаньня авіябомбы, каштоўныя абразы і прадметы інтэр’еру загінулі ў пажары або былі раскрадзеныя. Пасьля вайны ў храме разьмясьцілі склад хімікатаў, а ў кляштарных памяшканьнях — вучэльню. Толькі ў 1989-м яго вярнулі вернікам, і дагэтуль там вядуцца рамонтныя працы.

Гістарычная архітэктура Друі
Гістарычная архітэктура Друі

Культурніцкі аб’ект мог бы паспрыяць адраджэньню мястэчка

Названая ксяндзом Сяргеем сума ў 500 тысяч даляраў, за якія можна прасушыць будынак дзеля стварэньня галерэі, не выглядае непад’ёмнай у маштабах дзяржавы. Прыкладам, збудаваць «Лядовую арэну» ў Воршы каштавала бюджэту 32 мільёны даляраў. Сёньня ўтрыманьне гэтага аб’екта ўводзіць горад у страты: мала наведнікаў.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч
Ксёндз Сяргей Сурыновіч

Мастацкая экспазыцыя ў Друйскім касьцёле была б запатрабаваная: гэты помнік архітэктуры ўключаны шмат у якія турыстычныя маршруты. Дый новы культурніцкі аб’ект быў бы далёка ня лішні ў аграгарадку, дзе бавіць час можна хіба ў доме культуры зь ня надта разнастайнай праграмай.

Дом культуры
Дом культуры
Сярод платных паслугаў ДК — «пасядзелкі»
Сярод платных паслугаў ДК — «пасядзелкі»

Пашырэньне інфраструктуры з разьлікам на большую колькасьць турыстаў паспрыяла б разьвіцьцю мястэчка, у якім сёньня высокі ўзровень беспрацоўя. Мясцовыя жыхары — пераважна пэнсіянэры, бо моладзь тут не затрымліваецца. Людзі працаздольнага веку езьдзяць на працу ў Браслаў ці Мёры ды з зайздрасьцю паглядаюць на супрацьлеглы бераг Дзьвіны, на якім — колішняя частка мястэчка, а цяпер ужо Латвія, тэрыторыя Эўразьвязу.

Друйскі касьцёл
Друйскі касьцёл

Упершыню Друя згадваецца ў летапісных крыніцах у сувязі з падзеямі 1386 году. У 1620-м яна атрымала Магдэбурскае права. У яе гісторыю зрабілі ўнёсак Сапегі і Агінскія, гэтыя мясьціны маляваў знакаміты Напалеон Орда. З часам Друя ператварылася ў тыповае беларускае мястэчка, але канчаткова страціла гарадзкі статус, калі Віцебскі абласны савет у 2005-м годзе пастанавіў зрабіць яе «пасёлкам». А насамрэч — малапэрспэктыўнай вёскай, зьмяніць лёс якой магло б мастацтва.

Праз раку. Як жыве мястэчка, падзеленае паміж Беларусьсю і Латвіяй

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG