Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыянэры Tesla падалі ў суд на Ілана Маска


Заснавальнік кампаніі Tesla Ілан Маск
Заснавальнік кампаніі Tesla Ілан Маск

Трымальнікі акцый Tesla панесьлі страты пасьля заявы яе заснавальніка аб магчымым вывадзе кампаніі з біржы. Акцыянэры лічаць, што Маск даў рынку ілжывую інфармацыю, справакаваўшы скачкі цэнаў, паведамляе Deutsche Welle.

Група акцыянэраў амэрыканскай кампаніі-вытворцы электрамабіляў Tesla падала пазоў супраць заснавальніка кампаніі Ілана Маска. Суд у Сан-Францыска ў пятніцу, 10 жніўня, прыняў калектыўны пазоў да разгляду.

Пазоўнікі заявілі, што выказваньні Маска ў Twitter парушылі фэдэральны закон аб каштоўных паперах, а таксама закон аб абароне правоў інвэстараў.

7 жніўня заснавальнік Tesla апублікаваў некалькі паведамленьняў аб магчымым вывадзе кампаніі зь біржы ў сваім мікраблогу ў Twitter.

«Заявы Маска аб забесьпячэньні фінансаваньня мелі вялікае значэньне і выклікалі істотны рух на рынку», — паведаміў Bloomberg адзін з акцыянэраў кампаніі. Паводле яго, заснавальнік Tesla даў рынку «ілжывую інфармацыю, якая ўводзіць у зман», з-за чаго «прадаўцы, якія гуляюць на паніжэньне, былі вымушаныя пакрыць свае пазыцыі, купіўшы акцыі па штучна завышаных цэнах».

Камісія па каштоўных паперах і біржах ЗША правярае паведамленьне Маска аб магчымым вывадзе кампаніі зь біржы пры цане ў 420 даляраў за акцыю. У дзень публікацыі максымальная цана адной акцыі Tesla на фондавай біржы Нью-Ёрку складала 387 даляраў 46 цэнтаў. Да пятнічнага закрыцьця цана адной акцыя ўпала да 355 даляраў 49 цэнтаў.

На мінулым тыдні Tesla апублікавала справаздачу за другі квартал, у якой яе страты склалі 717,5 млн даляраў супраць 336,4 млн за аналягічны пэрыяд мінулага году. Даходы кампаніі ўзрасьлі да амаль 4 млрд даляраў з 2,79 млрд годам раней. За справаздачны пэрыяд бягучага году Tesla паставіла кліентам больш за 40 тысяч электрамабіляў у параўнаньні з крыху больш за 22 тысяч за другі квартал 2017 году.

Кампанія была заснаваная ў 2003 годзе. Першапачаткова яна называлася Tesla Motors, аднак потым стала называцца проста Tesla. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Каліфорніі, ЗША. Спачатку кампанія спэцыялізавалася на вытворчасьці электрамабіляў, аднак пазьней стала займацца таксама стварэньнем сонечных батарэй і іншых энэрганазапашвальных сыстэм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG