Не люблю глядзець сэрыялы. Хаця б таму, што яны крадуць час, якога з кожным годам становіцца штораз менш у штораз больш адчувальны спосаб.
Ён быў ксяндзом і яму нельга было зь ёю ажаніцца
Апошнім сэрыялам, якія я глядзеў зь нясьцерпным штотыднёвым пытаньнем «а што ж, бляха, будзе далей?!», былі амэрыканскія «Птушкі ў цярноўніку» ў сярэдзіне 1980-х… Ах, што за гісторыя! Яна яго кахала, ён яе таксама, але ён быў ксяндзом і яму нельга было зь ёю ажаніцца… «Жызьненны» фільм, калі можна так сказаць… На дварэ ў Польшчы быў увесь час камунізм, у якім ніякай «жызьні» не было…
Потым прыйшла дэмакратыя са сваімі пастулятамі «рабі што хочаш» і «глядзі што хочаш», але «жызьненныя» сэрыялы кудысьці прапалі. Магчыма, яны не прапалі, толькі жыцьця на дварэ ў Польшчы стала больш, чым «жызьні» на экране… Я тады адвучыўся глядзець сэрыялы і ўжо не прывучыўся нанава, хоць цягам апошніх дзесяці гадоў жонка распавядае мне збольшага пра ўсе сэрыялы, якія яна глядзіць, і з гэтага жыцьця, і з таго…
Найбольш люблю вельмі мастацкія фільмы
Але мастацкія фільмы, нават тыя працягласьцю ў дзьве з паловай гадзіны, я гляджу. Найбольш люблю вельмі мастацкія фільмы, то бок такія, дзе рэжысэр ня робіць асаблівага ўпору на сюжэт, а паказвае якраз «жыцьцёвую гісторыю», якая не абавязкова нечым канкрэтным пачынаецца і заканчваецца. Калі трэба паглядзець нейкі сюжэтна круты дэтэктыў або жахавік, я стараюся глядзець з жонкай, якая заўсёды можа загадзя растлумачыць мне, што насамрэч адбываецца і хто акажацца забойцам або зомбі. Рэч у тым, што ўсе мастацкія фільмы, якія я гляджу, жонка даўно паглядзела…
Але вось тут я хачу напісаць пра жменю фільмаў, якіх мая жонка яшчэ не глядзела. Гэта сёлетнія навінкі, якія пакуль не пасьпелі дайсьці да нашага сямейнага кінатэатру.
«Manbiki Kazoku» («Сям’я крамных зладзеяў», рэж. Хіракадзу Карэ-эда)
Сям’я ў Токіё жыве практычна на пэнсію бабулі, таму некаторыя сямейнікі займаюцца дробнымі крадзяжамі ў крамах. Аднойчы бацька падбірае на вуліцы маленькую бяздомную дзяўчынку. Сямейнікі пачынаюць трохі больш красьці, каб пракарміць і дзяўчынку, і ўсё ідзе бясхмарна да часу, калі ў тэлевізары яны бачаць абвестку пра зьніклую дзяўчынку. З гэтага моманту ў іх жыцьці пачынаюцца праблемы. Гэты японскі фільм атрымаў галоўны прыз — Залатую пальму — на сёлетнім Канскім кінафэстывалі.
«Under the Silver Lake» («Пад Срэбным возерам», рэж. Дэйвід Робэрт Мічэл)
Гэты амэрыканскі фільм меў сваю прэм’еру на сёлетнім Канскім фэстывалі, але ў кінатэатрах у ЗША зьявіцца толькі ў сьнежні, так што давядзецца яшчэ крыху пачакаць. Але чакаць гэтай карціны я буду, перш за ўсё таму, што ў прэс-матэрыялах яе жанр называюць «neo-noir». То бок рэжысэр і аўтар сцэнара Дэйвід Робэрт Мічэл зрабіў фільм у стылі такіх клясычных «нуар-фільмаў» першай паловы 1970-х, як «Chinatown» Романа Палянскага, «The Conversation» Фрэнсіса Форда Копалы або «Night Moves» Робэрта Пэна.
Малады чалавек становіцца мімавольным дэтэктывам у Лос-Анджэлесе, калі пастанаўляе знайсьці сьляды раптам зьніклай прыгожай суседкі, у якую ён закахаўся. Шукаючы гэтых сьлядоў, ён уліпае ў такую гісторыю, пра якую яму і ня сьнілася.
Калі паглядзець толькі гэты трэйлер, дык можна і не спакусіцца. Але калі я паглядзеў яшчэ вось гэтую «афіцыйную выразку» з фільму, то адчуў, што ня ўсё тут так проста. Магчыма, трэба будзе глядзець разам з жонкай.
«Ahlat Ağacı" («Дзікая груша», рэж. Нуры Більге Джэйлан)
Малады выпускнік унівэрсытэту, які хоча стаць пісьменьнікам, вяртаецца ў сваю родную вёску і адначасова ў сваё дзяцінства, поўнае траўмаў і балеснага досьведу. Гэты турэцкі фільм, як і папярэдні амэрыканскі, быў у галоўным конкурсе сёлетняга Канскага кінафэстывалю. Гэта «гісторыя выхаваньня пачуцьцяў як у Флябэра», поўная «фармальнай і візуальнай красы» — напісаў адзін францускі крытык. Фільм трывае тры гадзіны. Рызыкну паглядзець бяз жонкі.
«Annihilation» («Анігіляцыя», рэж. Алекс Гарленд)
Навукова-фантастычны жахавік. Пасьля падзеньня мэтэарыта недзе на ўзьбярэжжы ЗША ўзьнікла анамальная біялягічная зона «Мігценьне» (The Shimmering), у якой адбываюцца неверагодныя біялягічныя мутацыі — чалавек можа ператварыцца ў дрэва або і ў фракталь Мандэльброта, а алігатары-альбіносы маюць па некалькі радоў зубоў у пашчы… Як ні дзіўна, дасьледаваць гэтую жахлівую зону рэжысэр фільму высылае пяць жанчын… Магчыма, у гэтым зашыфраваны нейкі фэміністычны мэсыдж…
Падаецца, што фільм «Анігіляцыя» — адзін з моцных кандыдатаў да «Оскара-2019» у новаўведзенай намінацыі — «выбітны папулярны фільм». Зрэшты, тры наступныя стужкі, якія хачу тут згадаць — таксама фільмы з гэтай катэгорыі.
«Ocean’s 8» («Васьмёрка Оўшэн», рэж. Гэры Рос)
Магчыма, вы глядзелі трылёгію Стывэна Содэрбэрга пра хітрамудрыя рабункі: «Ocean’s Eleven», «Ocean’s Twelve», «Ocean’s Thirteen». Я паспрабаваў паглядзець першую і другую частку гэтай трылёгіі, але не датрываў да канца. Сюжэт, канешне, быў складаны, і жонка мне дапамагала… Але галоўная праблема была ў тым, што там выступала Джулія Робэртс, і як толькі яна пачынала сьмяяцца, паказваючы гарнітур сваіх галівудзкіх зубоў, мне рабілася страшна… У трэцяй частцы нібыта Джуліі Робэртс няма, але я ўжо не схацеў правяраць…
Дык вось, «Васьмёрка Оўшэн» — гэта такі «байструк» згаданай трылёгіі Содэрбэрга. Фільм зьняў іншы рэжысэр, а галоўныя ролі рабаўнікоў выконваюць тут жанчыны, якімі кіруе Дэбі Оўшэн (Сандра Булак), сястра Дэні Оўшэна з трылёгіі Содэрбэрга (яго ролю выконваў Джордж Клуні), які ў гэтым фільме ляжыць ці то ў магіле, ці то ў іншым падобным месцы. Акрамя Сандры Булак у фільме ў ролях злодзеяў каштоўнага дыямэнту зьняліся, сярод іншых, Кейт Бланшэт, Гелена Бонэм Картэр і Рыяна.
«Hereditary» («Спадчыннае», рэж. Ары Астэр)
Жахавік. Пра перасяленьне душы нейкага дэмана ці нешта накшталт. Скрозь ухвальныя рэцэнзіі. Дэбютны прарыўны фільм Ары Астэра з малавядомымі акторамі і зь невялікім бюджэтам.
«Mission Impossible: Fallout» («Місія невыканальная: Наступствы», рэж. Крыстафэр МакКуоры)
Безумоўна, місія Ітана Ганта (Том Круз) і на гэты раз аказваецца выканальнай — у самы апошні момант гэтай шостай сэрыі шпіёнскіх баевікоў пад агульнай назвай «Mission Impossible». Крузу было 56 гадоў, калі зьнімалі гэты фільм. І ён, як звычайна, узлазіць на вэртыкальную скалу без страховачнай вяроўкі…
«Kler» («Клір», рэж. Войцех Смажоўскі)
Сатырычная-крытычная карціна пра жыцьцё рыма-каталіцкага кліру ў Польшчы. Сатырычна пра ксяндзоў у Польшчы?!! Pan zwariował, panie Smarzowski? Ну, паглядзім. Фільм пачнуць паказваць у польскіх кінатэатрах пад канец верасьня.