Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы сказала Свабодзе, што будзе дамагацца асабістай сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Падставай для асабістага прыёму стаў ліст, які яна атрымала ад памочніка Лукашэнкі — інспэктара па Менскай вобласьці Ігара Яўсеева. У ім паведамляецца, што ўлады ня будуць будаваць чыгуначны прыпынак на малой радзіме Анісім на Стаўпеччыне. А транспартная праблема будзе вырашацца за кошт рэйсавых аўтобусаў і прыцягненьня прыватнікаў зь іхнім асабістым транспартам.
«Я такім адказам абсалютна не задаволеная. Гэта не рашэньне пытаньня. Усё ж такі двойчы прымалася ўзважанае рашэньне аб будаўніцтве чыгуначнага прыпынку. Тое, што чыноўнікі двойчы ігнаравалі яго, сьведчыць пра няўзгодненасьць унутры органаў улады. Таму буду дамагацца асабістага прыёму ў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», — сказала Алена Анісім.
Яна дадала, што на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы хацела б узьняць і некаторыя іншыя пытаньні палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага жыцьця Беларусі:
«Калі атрымаецца, то хацелася б мець важную і значную размову па многіх пытаньнях. У тым ліку і адносна маёй малой радзімы».
Пра які прыпынак вядзецца размова
Алена Анісім прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў Стаўпецкую выбарчую акругу № 70. Яна дамагаецца пабудовы чыгуначнага прыпынку каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі Менск — Баранавічы. Там аграгарадок Горкі, паблізу даволі старажытная вёска Жа́церава і вёска Раёўшчына. Бліжэйшы прыпынак — больш як за 4 кілямэтры бездарожжа.
«Гэта надзённая патрэба людзей, якія кожны дзень там працуюць. Тым жа настаўнікам даводзіцца дабірацца ў школу. А аўтобус ходзіць ня кожны дзень», — тлумачыць сытуацыю Свабодзе Алена Анісім, якая сама родам зь вёскі Савоні.
Паводле яе, існуюць дзьве пазыцыі. Мясцовыя ўлады і мясцовыя дэпутаты падтрымліваюць будаўніцтва прыпынку. Супраць выступае Беларуская чыгунка, прадстаўнікі якой цьвердзяць, што гэты праект эканамічна стратны.
«Упершыню будаваць прыпынак зьбіраліся яшчэ ў 1995 годзе. Тады нават сабралі зь мясцовых людзей грошы. Ім казалі, што астатнюю частку сродкаў унясе дзяржава. Другі раз паабяцалі збудаваць у 2007 годзе, уключылі ўзьвядзеньне ў інвэстпраграму. І зноў людзей „кінулі“. Крыміналу ў гэтай справе няма. Грошы пералічылі Ўпраўленьню капітальнага будаўніцтва, на іх пабудавалі нешта іншае, але не прыпынак», — кажа спадарыня Анісім.
Дэпутатка абураная, што прадстаўнікі Беларускай чыгункі ня хочуць думаць пра жыцьцё людзей.
«Ужо зафіксаваныя некалькі выпадкаў, калі тут цягнікі забілі людзей, якія ішлі па шпалах. А іншай дарогі ў іх няма. Як мінімум двое загінулых. А быў бы прыпынак, такога ня здарылася б. Кажуць, што на будаўніцтва патрэбныя бюджэтныя сродкі. А хто ж гэтыя сродкі стварае? Людзі, у тым ліку і якія тут жывуць», — кажа Анісім.